Байдэн збіраецца накіраваць войскі ва Усходнюю Еўропу


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у пятніцу, 28 студзеня, заявіў, што ЗША плануюць размесціць дадатковыя войскі ва Усходняй Еўропе ў рамках плану краінаў НАТО ўзмацніць сваю прысутнасць у гэтым рэгіёне, піша «Deutsche Welle».

Байдэн заявіў, што войскі ЗША будуць перакінутыя на ўсходні фланг Паўночнаатлантычнага альянсу «у бліжэйшай будучыні» і ўдакладніў, што іх будзе «няшмат».

Джо Байдэн.
Фота: АР

Міністр абароны ЗША Ллойд Осцін заявіў раней у той жа дзень, 28 студзеня, што загаду аб адпраўцы войскаў пакуль не паступала. Паводле ягоных словаў, войскі знаходзяцца ў рэжыме «падрыхтоўкі да разгортвання» і будуць гатовыя дзейнічаць, калі НАТО аддасць загад. Яшчэ раней Осцін казаў пра 8500 вайскоўцаў, якія прыведзеныя ў баявую гатоўнасць з 24 студзеня.

Джо Байдэн падкрэсліў, што гэта мера перасцярогі, і ва Украіну амерыканскіх вайскоўцаў высылаць не будуць.

Hавiны
Ці магчымы ўдзел Беларусі ў канфлікце Расеі з Украінай? Меркаванне палітолага
2022.01.21 22:26

У Еўропе звычайна дыслакуюцца дзясяткі тысячаў амерыканскіх вайскоўцаў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 28 студзеня заявіў, што дамагаецца ўдзелу ЗША ў працэсе перамоваў аб дээскалацыі сітуацыі каля ўкраінскай мяжы.

Аб’ектыў
Напружанасць на ўкраінска-расейскай мяжы. Зяленскі правёў прэс-канферэнцыю
2022.01.28 22:32

Агенцыя dpa са спасылкай на дадзеныя заходніх спецслужбаў паведаміла, што Расея павялічыла вайсковы кантынгент на мяжы з Украінай да 112-120 тысячаў чалавек. Акрамя гэтага прыкладна 35 тысячаў узброеных прарасейскіх сепаратыстаў знаходзяцца на Данбасе.

Крэмль сцвярджае, што вайскоўцы знаходзяцца ля межаў Украіны выключна з мэтай правядзення вучэнняў і адмаўляе намер напасці на Украіну, у той час як Захад падазрае, што такі сцэнар цалкам магчымы.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў