Сёння Аляксандр Лукашэнка сустракаўся са студэнтамі БДУ. Сярод іншага, прагучала пытанне пра разгляд скаргаў пацярпелых падчас жнівеньскіх падзеяў і магчымасць амніставаць некаторых затрыманых, піша БелТА.
«Я маю права памілаваць таго ці іншага чалавека. Калі аблудны памыліўся, то мы яго не толькі вызвалім ад крымінальнай адказнасці, але і адновім ва ўніверсітэце. Трэба падысці да гэтага спакойна і прафесійна», – сказаў самаабвешчаны прэзідэнт наконт амністыі.
Лукашэнка адзначыў, што існуе некалькі соцень скаргаў ад пратэстоўцаў. Паводле яго, іх аб’ядналі і цяпер яны пад кантролем некалькіх следчых групаў.
«Шчыра кажучы, я не ведаю дэталёва, у якія гадзіны і дні гэта скончаць, але ўпэўнены, што да лета мы разбяромся з усімі гэтымі скаргамі. Мне здаецца, палову (генпракурор ужо дакладваў) ужо разабралі», – ацаніў сітуацыю Лукашэнка.
Пасля жнівеньскіх падзеяў не завялі ніводнай крымінальнай справы праз злачынствы сілавікоў. Тым часам сёння ў МУС паведамілі, што з 9 жніўня зарэгістраваныя 1750 крымінальных справаў за масавыя закалоты, гвалт і супраціў праваахоўнікам.
МН, belsat.eu