Тым, хто некалькі гадоў стаяў у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў, збудуюць кватэры на былым вайсковым палігоне.
Паводле УП “Менскграда”, адбываецца перапланаванне былога вайсковага палігону “Калодзішчы”, які месціцца прыкладна за 5 км ад сталіцы. Тут мяркуюць пабудаваць 14 новых мікрараёнаў, дзе паселяць 200 000 чалавек.
“Апроч таго, актыўна будзе забудоўвацца прадмесце Зялёны Бор. Першыя дамы тут з’явяцца ў 2013 г. Таксама мы будзем перанакіроўваць чаргу ў Смалявічы – першы горад-спадарожнік, каб паменшыць сённяшнюю жыллёвую напружанасць у сталіцы”, – кажа галоўны інжынер Валер Насевіч.
Матэрыяльна забяспечаным чаргавікам прапаноўваюць перасяліцца са сталіцы ў катэджавы пасёлак ў Залужжы, Высокай Гары або Дубовіках. Абяцаюць вылучыць 5000 участкаў на прыватныя дамы. Велічыня надзелаў будзе 12–15 сотак, а плошча катэджаў не мае перавышаць 200 кв. м.
Праўда, праблемаю застаецца кошт на жыллё і развіццё інфраструктуры. Камерцыйны дырэктар агенцтва нерухомасці ЗАТ “Універсальныя юрыдычныя паслугі” Арцём Вайніловіч лічыць разгрузку вялікіх гарадоў станоўчай тэндэнцыяй.
“Заходняя Еўропа ўжо дзесяцігоддзямі рэалізоўвае гэты план, аднак у Беларусі свае асаблівасці”, – кажа ён. А менавіта: кошт на прыгарадныя кватэры будзе такі самы, як у сталіцы, а часам і вышэйшы. Пры тым, што транспартная сетка не развітая, мінімальна прысутнічае ў такіх месцах і гандаль.
“Відавочна, што добраахвотная рэалізацыя плану гарадоў-спадарожнікаў не прынесла вынікаў – ідэя не запатрабаваная. Значыць, за 30 км трэба адсяліць тых, хто ў існасці не мае права выбару – чаргавікоў. Ім давядзецца або пагадзіцца, або адмовіцца і застацца без жылля”, – дадаў эксперт.
belsat.eu