Гібрыдная Канстытуцыя: як Лукашэнка спалучыў дзве супрацьлеглыя ідэі ў адным дакуменце


Новая Канстытуцыя, праект якой быў апублікаваны 27 снежня, мусіць забяспечыць Аляксандру Лукашэнку гарантыі асабістай бяспекі і пакінуць у ягоных руках моцныя рычагі ўплыву на той выпадак, калі ён вырашыць сысці з пасады прэзідэнта. Але парадокс палягае на тым, што сыходзіць ён не плануе, а на дадзены момант змены ў Канстытуцыі патрэбныя Лукашэнку толькі для таго, каб фармальна задаволіць патрабаванні Масквы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

Гібрыдная рэформа дзеля Масквы

Каб зразумець сэнс цяперашняй канстытуцыйнай рэформы, трэба звярнуцца да гісторыі гэтага пытання. Ідэю чарговай змены Канстытуцыі (асноўны закон краіны ўжо змянялі ў 1996 і 2004 гг.) Лукашэнка ўпершыню агучыў яшчэ пяць гадоў таму, у кастрычніку 2016-га, і потым неаднаразова вяртаўся да гэтага пытання. Дэталі задумы не раскрываліся, але, мяркуючы па ўсім, Лукашэнка хацеў скарэктаваць палітычную мадэль у Беларусі такім чынам, каб спрасціць транзіт улады да свайго пераемніка і забяспечыць сабе і свайму атачэнню пэўныя гарантыі, калі ён сам аднойчы проста фізічна не зможа кіраваць дзяржавай. Гэта не значыць, што такі транзіт планаваўся ў бліжэйшыя гады – хутчэй, Лукашэнка разглядаў гэтае пытанне ў вельмі аддаленай перспектыве. Менавіта таму праца над новай Канстытуцыяй развівалася настолькі марудна і да 2020 года фактычна не ссунулася з месца.

Аднак пасля выбараў 2020 года найхутчэйшае правядзенне канстытуцыйнай рэформы стала адной з галоўных умоваў Крамля, на якіх Расея была гатовая падтрымліваць Лукашэнку падчас масавых пратэстаў. Публічна Масква не агучвала пажаданняў наконт зместу канстытуцыйнай рэформы, але ясна, на які вынік расейскае кіраўніцтва разлічвала. Крэмль меў намер зрабіць беларускую палітычную сістэму больш прадказальнай і кантраляванаю, каб расейскія інтарэсы ў Беларусі былі завязаныя не на аднаго Лукашэнку. Прычым пасля канстытуцыйнай рэформы Лукашэнка абяцаў Маскве правесці датэрміновыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Такім чынам склалася супярэчлівая сітуацыя. З аднаго боку, Лукашэнка даўно задумваўся пра канстытуцыйную рэформу, але яна была патрэбная яму з разліку на транзіт улады ў аддаленай будучыні, якая яшчэ невядома калі наступіць. З іншага боку, Масква настойвала на рэформе і транзіце тут і цяпер, прычым у неспрыяльных умовах палітычнага крызісу ў Беларусі і катастрафічнай электаральнай сітуацыі. Рэферэндум у такіх абставінах Лукашэнку зусім не патрэбны, ён палічыў быў за лепшае адкласці яго на нявызначаны тэрмін. Аднак сварыцца праз гэта са сваім адзіным саюзнікам Лукашэнка таксама не хоча. Таму ён вырашыў сумясціць у адным дакуменце стратэгічныя патрабаванні Масквы і свае асабістыя інтарэсы. У выніку быў створаны своеасаблівы гібрыд – праект Канстытуцыі-2022.

Надзвычайны орган

Асноўную ідэю новай Канстытуцыі Лукашэнка даволі выразна сфармуляваў яшчэ падчас выступу на Усебеларускім народным сходзе 11 лютага 2021 года. Тады ён прапанаваў надаць УНС канстытуцыйныя паўнамоцтвы, каб мець «падстрахоўку» на той выпадак, калі «да ўлады прыйдуць не тыя і ў іх будуць іншыя погляды».

«Мы запішам, што ні адзін валасок з вас, прыхільнікаў цяперашняга прэзідэнта, упасці не можа… Калі гэтая грамадская дамова, якую мы заключым, будзе парушаная, уся ўлада будзе ва Усенароднага сходу, у вас. Нават без мяне», – сказаў тады ён.

То бок фактычна гаворка ішла пра тое, каб гарантаваць манаполію на ўладу для Лукашэнкі і ягонага атачэння. У праекце новай Канстытуцыі гэтая ідэя атрымала канкрэтнае ўвасабленне. Паводле дакументу, УНС атрымлівае надзвычайныя паўнамоцтвы:

  • змяшчаць прэзідэнта ў выпадку сістэматычнага парушэння ім Канстытуцыі або дзяржаўнай здрады;
  • уводзіць вайсковае і надзвычайнае становішча ў краіне;
  • выбіраць і здымаць старшыняў і суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў;
  • фармаваць Цэнтрвыбаркам і разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў;
  • даваць абавязковыя для выканання даручэнні дзяржаўным органам і службовым асобам;
  • прымаць рашэнне аб накіраванні вайскоўцаў для ўдзелу ў аперацыях па-за межамі Беларусі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ганна Іванова / TASS / Forum

Адначасова новая Канстытуцыя прадугледжвае недатыкальнасць для былога прэзідэнта, гарантуе яму месца ў складзе УНС і Савеце Рэспублікі. Усё гэта разам можа быць вельмі моцнай страхоўкай для Лукашэнкі на той выпадак, калі ён вырашыць з той ці іншай прычыны пакінуць пасаду прэзідэнта. Нават без прэзідэнцкіх паўнамоцтваў з дапамогай сфармаванага з ягоных верных прыхільнікаў УНС ён засяродзіць у сваіх руках магутныя рычагі ўплыву і нават магчымасць зняць з пасады новага прэзідэнта, калі на выбарах пераможа прадстаўнік дэмакратычных сілаў або калі ягоны ўзгоднены пераемнік выйдзе з-пад кантролю.

Прывід двоеўладдзя

Новая Канстытуцыя дэ-факта закладвае ў палітычную сістэму Беларусі элементы двоеўладдзя. Прэзідэнт застаецца кіраўніком дзяржавы з велізарнымі паўнамоцтвамі, але велізарныя паўнамоцтвы атрымлівае і УНС, прычым яны часткова дублююцца. Напрыклад, права ўводзіць вайсковае і надзвычайнае становішча цяпер будуць мець і прэзідэнт, і УНС «у выпадку бяздзейнасці прэзідэнта ў гэтым пытанні». Што рабіць, калі УНС і прэзідэнт проста разыдуцца ў поглядах на мэтазгоднасць вайсковага становішча, не зразумела. Але найбольш дзіўна выглядае норма, якая надае даручэнням УНС статус абавязковых для выканання дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі. Зноў жа, у Канстытуцыі ніяк не прапісана, што рабіць, калі даручэнні УНС будуць супярэчыць даручэнням прэзідэнта.

У такім выглядзе новая Канстытуцыя мае сэнс для Лукашэнкі толькі ў тым выпадку, калі ён сапраўды вырашыць сысці ў адстаўку і ўзначаліць УНС. Але няма ніякіх падставаў казаць пра тое, што Лукашэнка збіраецца сыходзіць у адстаўку. Новая Канстытуцыя ўводзіць абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў (не больш за 2), але адначасова абнуляе тэрміны Лукашэнкі – ён атрымае права абрацца яшчэ двойчы і застацца на пасадзе прэзідэнта да 2035 года. Тэарэтычна ён, вядома, можа не скарыстацца гэтым правам, але прынамсі пра датэрміновыя выбары цяпер гаворкі няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У сітуацыі, калі Лукашэнкі плануе заставацца на пасадзе прэзідэнта, надзвычайныя паўнамоцтвы УНС яму будуць толькі перашкаджаць. Нават з улікам таго, што ён відавочна разлічвае цалкам кантраляваць працэс фармавання УНС, у палітычнай сістэме ўсё ж фармальна ўзнікне дадатковы цэнтр прыцягнення, які прынамсі ў тэорыі здольны абмяжоўваць ягоную ўладу. Гэта асабліва небяспечна з улікам таго, што Лукашэнка так і не змог вывесці краіну з палітычнага крызісу пасля падзеяў 2020 года. Трансфармацыя дзяржаўнай мадэлі кіравання ва ўмовах катастрафічнай электаральная сітуацыі і міжнароднай ізаляцыі можа стаць моцным і вельмі небяспечным фактарам дэстабілізацыі рэжыму.

Улада УНС пакуль застанецца на паперы

Хутчэй за ўсё, пасля зацвярджэння новай Канстытуцыі на рэферэндуме Лукашэнка будзе рабіць усё, каб дэ-факта палітычная мадэль у Беларусі не змянілася, а паўнамоцтвы УНС заставаліся толькі на паперы. Менавіта для гэтага ў праект Канстытуцыі закладаецца некалькі нормаў, якія дазволяць Лукашэнка захаваць статус-кво.

Па-першае, артыкул 144 дазваляе Лукашэнку сумяшчаць пасады прэзідэнта і старшыні УНС. Па-другое, змены Канстытуцыі набудуць моц не з моманту прыняцця дакументу на рэферэндуме, а з дня афіцыйнага апублікавання такіх зменаў. Натуральна, гэты дзень можна адцягваць столькі, колькі будзе патрэбна. Па-трэцяе, закон, які вызначыць кампетэнцыю і парадак фармавання УНС, мусіць быць прыняты цягам года. А калі будзе абраны УНС, наогул невядома (зноў жа, гэты момант можа зацягваць столькі, колькі трэба). А пакуль гэтага не адбылося, усе паўнамоцтвы, якія плануецца перадаць УНС, застануцца ў Лукашэнкі (арт. 145).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

То бок само па сабе прыняцце новай Канстытуцыі не пацягне за сабой ніякіх зменаў. Рэферэндум у лютым 2022 года Лукашэнка плануе правесці толькі для таго, каб фармальна выканаць абяцанні, дадзеныя Пуціну. Хаця вельмі сумнеўна, што такі варыянт канстытуцыйнай рэформы Расею задаволіць. Бо фактычна інтарэсы Масквы застаюцца завязаныя на аднаго чалавека, які пакідае ў сваіх руках усе рычагі ўплыву ў палітычнай сістэме Беларусі і не збіраецца нічога рэальна змяняць. Але дымавая заслона ў выглядзе праведзенага рэферэндуму дазволіць Лукашэнку выйграць час і пазбегчы скандалу з Крамлём на гэтай глебе.

Аналітыка
«Цяжкавік» пад інтэграцыю і рэферэндум. Што азначае прызначэнне новага амбасадара РФ у Беларусі?
2021.12.23 19:08

РР belsat.eu

Стужка навінаў