Кампанія Facebook змяніла назву – Марк Цукерберг будуе «метасусвет»


28 кастрычніка генеральны дырэктар Facebook Марк Цукерберг заявіў, што кампанія будзе пераназваная ў Meta. Новая назва падкрэслівае амбіцыі пабудаваць з буйнейшай у свеце сацыяльнай сеткі «метасусвет».

Марк Цукерберг заявіў пра змену назвы Facebook на Meta.
Фота: MacRumors

Марк Цукерберг падчас выступу на канферэнцыі па віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, распавёў, што новая назва адлюстроўвае арыентацыю на стварэнне новага віртуальнага свету, а не на змену назвы аднайменнай сацыяльнай сеткі. Facebook, Instagram і WhatsApp застануцца пад сваімі звыклымі для карыстальнікаў назвамі.

«Цяпер наш брэнд настолькі шчыльна звязаны з адным прадуктам, што не можа адлюстроўваць усё, што мы робім сёння, не кажучы ўжо пра будучыню», – сказаў заснавальнік Фэйсбуку, і падкрэсліў, што з часам карыстальнікам ужо не спатрэбіцца Фэйсбук для карыстання іншымі сэрвісамі кампаніі.

Тэрмін «метасусвет» мае ў сваёй аснове ідэю агульнага віртуальнага асяродку, да якога могуць падлучыцца людзі, якія карыстаюцца рознымі прыладамі. «Метасусвет» называюць будучыняй інтэрнэту.

Лагатыпам кампаніі Meta будзе блакітны знак бясконцасці.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў