Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 28 верасня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 28 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, чарговы дзень вайны ва Украіне не абышоўся без расейскіх абстрэлаў. За мінулыя содні праціўнік нанёс 10 ракетных і 17 авіяцыйных удараў, а таксама здзейсніў больш за сотню абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, у выніку чаго пацярпелі больш за 40 населеных пунктаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Следчы аглядае варонку пасля расейскага ракетнага ўдару ў Харкаве. 28 верасня 2022 года.
Фота: Zohra Bensemra / Reuters / Forum

Таксама войскі РФ намагаліся наступаць у Данецкай вобласці ў ваколіцах населеных пунктаў Зайцава, Маёрск, Мікалаеўка Другая, Первамайскае, Новаміхайлаўка і Безыменнае, але ўсе гэтыя атакі былі адбітыя сіламі абароны Украіны.

Гэтую інфармацыю пацвярджаюць аналітыкі амерыканскага Інстытуту даследавання вайны (ISW), спасылаючыся на расейскія крыніцы.

У сваю чаргу авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя Збройных сілаў Украіны нанеслі агнявое паражэнне 26 месцам засяроджання жывой сілы і тэхнікі праціўніка, знішчылі 4 склады з боепрыпасамі,  3 апорныя пункты і 7 пазіцыяў зенітных ракетных комплексаў. Акрамя гэтага, сілы супрацьпаветнай абароны за содні збілі адзін самалёт, 6 беспілотнікаў і 1 кіраваную ракету Х-59.

Разам з тым пра свае наземныя аперацыі Генштаб ЗСУ амаль не паведамляе, але ўчора ўкраінскі бок пацвердзіў вызваленне мястэчка Купянск-Вузлавы ў Харкаўскай вобласці, якое з’яўляецца адным з найбуйнейшых чыгуначных вузлоў у рэгіёне.

Аналітыкі ISW пішуць, што ў Харкаўскай вобласці ЗСУ правялі шэраг аперацыяў па замацаванні сваіх пазіцыяў на ўсход ад ракі Аскіл, а таксама працягнулі наступ у бок Тавільжанкі і здолелі заняць пазіцыі на паўночным захадзе ад населенага пункту. Маюцца звесткі пра спробы ЗСУ прарвацца да Кучэраўкі і Петрапаўлаўкі.

Цяпер пад кантролем Збройных сілаў Украіны знаходзіцца амаль уся Харкаўская вобласць, за выключэннем каля 6% тэрыторыі на ўсходзе вобласці.

У Данецкай вобласці ўкраінскія сілы працягваюць паспяхова наступаць у ваколіцах Ліману. ISW піша пра вызваленне населенага пункту Кацярынаўка, а ўкраінскія СМІ паведамляюць пра вяртанне Навасёлаўкі.

У Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях абодва бакі абменьваюцца артылерыйскімі ўдарамі, трываюць лакальныя пазіцыйныя баі, але актыўныя наступы не праводзяцца. Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што ЗСУ бліжэйшым часам плануюць аднавіць наступ на Благадатнае ў Мікалаеўскай вобласці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Харкаў пасля расейскага ўдару. 27 верасня 2022 года.
Фота: Zohra Bensemra / Reuters / Forum

Па-ранейшаму адносна спакойным застаецца ўчастак фронту ў Запарожскай вобласці Украіны.

Адзначаецца, што ў выніку наземных аперацыяў украінскіх сілаў, а таксама ўдараў артылерыі і авіяцыі расейцы страцілі за содні каля 400 чалавек асабовага складу. Такім чынам беззваротныя страты войскаў РФ за ўвесь час поўнамаштабнай вайны дасягнулі 58 150 чалавек.

Тым часам 28 верасня ў Беларусі пачалася раптоўная праверка баявой і мабілізацыйнай здольнасці вайсковай часткі 06752, размешчанай у Мачулішчах. На ўзбраенні гэтай авіябазы стаяць ваенна-транспартныя самалёты, транспартныя і штурмавыя верталёты.

Разам з тым чытачы «Белсату» паведамляюць, што мясцовыя ўдалы распачалі збор звестак пра мужчынаў на патрабаванне ваенкаматаў. Эксперты мяркуюць, што Лукашэнка можа аддаць загад на ўступленне Беларусі ў вайну супраць Украіны на баку Крамля.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў