Трое содняў і 90 базавых за палітычны надпіс на трубе


19-гадовая Юлія Алейнік атрымала штраф 90 базавых велічыняў (2610 рублёў) за надпіс «БЧБ Жыве» на бетоннай трубе каналізацыйнага калектару ў Віцебску, які быў зроблены ранкам 30 траўня 2021 года.

Надпісы на трубе.
Фота: vitebskspring.org

Дзяўчыну прызналі вінаватай паводле арт. 341 КК РБ («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»).

Юлія гаворыць, што на пошук яе міліцыі спатрэбіўся цэлы месяц:

«Міліцыя пазнала мяне па камерах відэаназірання, якія размешчаныя на будынках Музею трамвая і Віцебскаблгазу. Праз месяц яны ўварваліся ў мой пакой у інтэрнаце і правялі дагляд на наяўнасць балончыкаў з фарбай, пасля чаго адвезлі ў пастарунак міліцыі і ў аддзяленне ГУБАЗiК».

У сілавікоў дзяўчына прабыла з 8 да 17 гадзiны, у выніку ў яе вынялі тэлефон і ноўтбук, а пасля адпусцiлi. Але праз тыдзень Юліі Алейнік патэлефанавалi з міліцыі і сказалi, што ёй неабходна прыйсцi у аддзяленне. Пасля гэтага яе затрымалі на 3 содняў.

Пасля завядзення крымінальнай справы дзяўчына была вымушаная адлічыцца з мастацка-графічнага факультэту ВДУ імя Машэрава:

«На імя рэктара прыйшоў адпаведны дакумент, і я напісала заяву на ўласнае жаданне. Мне сказалі, каб я сама адлічылася, або інакш яны гэта зробяць самi, i я не змагу аднавіцца», – распавядае Юлія.

Сваю віну дзяўчына прызнала, але суддзя суда Кастрычніцкага раёну Віцебску Сняжана Кіндзеева ўсё адно прызначыла ёй пакаранне ў выглядзе вялізнага штрафу, на аплату якога ў Юліі Алейнік ёсць два месяцы.

«Мне здаецца, што калі б я напісала нешта кшталту Коля+Маша, а не «БЧБ Жыве», то і ўсёй гэтай гісторыі не было б, і я б засталася ва ўніверсітэце і не была б асуджанай. Лічу, што ў маіх дзеяннях няма складу злачынства па крымінальным артыкуле, але я выбрала іншую пазіцыю, спадзеючыся на літасць праваахоўных органаў і суда, што, хутчэй за ўсё, было дарэмна», – каментуе рашэнне суда Юлія Алейнік.

Артыкулы
У актывісткі Алены Гнаўк адбыўся ператрус
2021.09.28 10:25

ВК, Belsat.eu.

Стужка навінаў