Сяргея Ціханоўскага этапавалі ў жодзінскую турму і кінулі ў ШІЗА


Палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага, якому нядаўна змянілі рэжым адбыцця пакарання, перавялі з магілёўскай калоніі № 15 у жодзінскую турму №8.

11 жніўня суддзя Кастрычніцкага раёну Магілёва Жанна Пушкіна пастанавіла перавесці палітвязня на турэмны рэжым адбыцця пакарання тэрмінам на тры гады.

«18 жніўня, менавіта ў дзень нараджэння Сяргея, яго перавялі ў турму і адразу ж змясцілі ў ШІЗА – так рэжым «павіншаваў» Сяргея. Цяпер ён не можа карыстацца сваімі рэчамі, змушаны спаць на голых дошках без матраца і пасцельнай бялізны, яму забаронена набываць прадукты і рэчы першай неабходнасці. У штрафным ізалятары Сяргей таксама пазбаўлены перадач і, горш за ўсё, магчымасці атрымання і адпраўкі лістоў», – паведамляе тэлеграм-канал «Тюрьма Для Жизни».

Але блізкія палітвязня заклікаюць усё роўна пісаць лісты Сяргею Ціханоўскаму. А калі лісты ў турму будуць не даходзіць, то можна таксама накіроўваць іх на абаненцкую скрыню: 246012 Гомель, а/я 125 Рэчыцкі праспект, 91. «Тады яго маці захавае іх для яго і аднойчы Сяргей абавязкова прачытае ўсе тыя словы падтрымкі, якія вы яму пісалі».

Hавiны
Сяргей Ціханоўскі сустракае свае трэція народзіны за кратамі. Яму споўнілася 44 гады
2022.08.18 13:46

Сяргей Ціханоўскі, вядомы дзякуючы свайму YouTube-каналу «Страна для жизни», хацеў балатавацца на прэзідэнцтва Беларусі, аднак не здолеў падаць дакументы для рэгістрацыі, бо яго затрымалі. Тады замест яго кандыдаткаю пайшла жонка Святлана Ціханоўская.

Сяргея зноў затрымалі 29 траўня 2020 года. З таго часу ён за кратамі. 14 снежня 2021 года блогера асудзілі на 18 гадоў пазбаўлення волі паводле чатырох артыкулаў: ч. 1 арт. 293 КК – «Арганізацыя масавых беспарадкаў», арт.342 – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх», арт. 191 – «Стварэнне перашкодаў ажыццяўленню выбарчых правоў», арт. 130 – «Распальванне варожасці».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў