Патрабаванне 10 гадоў для Эдуарда Бабарыкі і блакаванне ўкраінскіх медыяў. Рэпрэсіі за 28 чэрвеня


Пракурор запатрабаваў пасадзіць Эдуарда Бабарыку на 10 гадоў. Прысуд палітвязню агучаць 5 ліпеня. Новыя факты палітычнага пераследу – у хроніцы «Белсату».

Эдуард Бабарыка. Фота TUT.by

На пасяджэнні Менскага абласнога суда пракурор Аляксандр Кароль патрабаваў для Эдуарда Бабарыкі 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Уладзімір Арэшка агучыць прысуд 5 ліпеня. Бабарыку вінавацяць паводле чатырох крымінальных артыкулаў, у тым ліку ўхіленне ад выплаты падаткаў, арганізацыя масавых беспарадкаў і распальванне варожасці. Віны ён не прызнае.

Абноўлена
Пракурор запатрабаваў для Эдуарда Бабарыкі 10 гадоў калоніі
2023.06.28 19:33

У Менскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы відэааператара Паўла Падабеда. Палітвязня абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. Працэс вядзе суддзя Яўген Пісарэвіч. Падабеда затрымалі ў лютым летась пасля ператрусу ў яго ўдома.

Журналіст Павел Падабед. Крыніца: spring96.org

У Горадні затрымалі спартовага дырэктара футбольнага клуба «Нёман» Дзмітрыя Кавалёнка. На відэа, запісаным сілавікамі, ён кажа, што быў падпісаны ў сацсетках на «экстрэмісцкія рэсурсы» і ўдзельнічаў у пратэстах. У праўладных каналах сцвярджаецца, што на Кавалёнка паскардзіліся самі футбалісты: ён нібыта навязваў «недарэчныя экстрэмісцкія ідэі».

Спартовы дырэктар футбольнага клуба «Нёман» Дзмітрый Кавалёнак.
Фота: «Вясна» / Telegram

Жыхару Пружанаў, які адбываў «хімію» прызначылі 2 гады калоніі за «знявагу вайскоўца». Такі вырак вынес суддзя суда Лідскага раёну Ігар Кашко на прапанову пракурора Мікіты Мысліўца. Паводле версіі абвінавачвання, Сяргей Кемеж апублікаваў у сацсетках «абразлівы каментар» пра камандзіра вайсковай часткі.

У Горадні супраць 23-гадовага хлопца завялі крымінальную справу за «здзек з дзяржаўнага сцяга». Маладзён арыштаваны. СК сцвярджае, што ён беспрацоўны, а ў момант здзяйснення «злачынства» быў п’яны. «Сарваў дзяржаўны сцяг і выкінуў яго», – гаворыцца ў паведамленні. На запісы камеры назірання бачна, што хлопец спачатку кінуў чырвона-зялёны сцяг на зямлю, потым забраў яго і ўнёс з сабою.

Тым часам праваабаронцы паведамляюць, што суды ў Беларусі штотыдзень разглядаюць крымінальныя справы за знявагу дзяржаўнай сімволікі. Звычайна фігурантаў пазбаўляюць волі. Апошнія такія выракі агучылі ў Менску і Барысаве.

Суддзя суда Савецкага раёну сталіцы Алена Жуковіч прызначыла Вадзіму Мякінніку арышт на 2 месяцы, аднак праз тое, што ў мужчыны мелася ранейшае неадбытае пакаранне, ён атрымаў два месяцы і адзін дзень у калоніі строгага рэжыму. Паводле версіі следства, Мякіннік сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынку школы.

Суддзя суда Барысаўскага раёну Таццяна Шыман 23 чэрвеня разгледзела справу Міхаіла Анціпава, які, паводле версіі абвінавачвання, сарваў чатыры сцяга ў аграгарадку Лошніца, пашкодзіў палотнішчы і разламаў дрэўкі. Прысуд пакуль не вядомы. 20-гадовы Анціпаў – замежнік, мае ў Беларусі від на жыхарства, жыве ў нашай краіне 10 гадоў.

Акцыя супраць вайны ва Украіне. Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Віцебскі абласны суд адхіліў скаргу актывісткі Валянціны Болбат на арышт. 19 чэрвеня суддзя Наваполацкага суда Зінаіда Балаболава прызначыла жанчыне 30 содняў за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў».

Судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага суда пакінула без задавальнення апеляцыйную скаргу Паўла Купрыенкі і Тараса Мачынскага. Абодва прызнаныя палітвязнямі. 9 сакавіка Гомельскі абласны суд асудзіў Мачынскага на 10 гадоў, а грамадзяніну Украіны Купрыенку – на 7 гадоў паводле абвінавачвання ў агентурнай дзейнасці і здрадзе дзяржаве.

Ад палітвязня Ігара Аліневіча ўжо месяц няма ніякіх вестак, паведамляе «Вясна». Актывіст анархічнага руху адбывае 20-гадовы тэрмін. Цяпер ён у жодзінскай турме, некалькі разоў яго змяшчалі ў ШІЗА.

Ігар Аліневіч.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Палітвязень Цімур Рызапур правёў у ШІЗА у калоніі ўжо больш за 100 содняў. Нядаўна яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Мужчына адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі. Нібыта за ўдзел у масавых беспарадках яму прызначылі 4,5 года.

Акаўнт палка Каліноўскага ў Instagram прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэта зрабілі на патрабаванне пракуратуры Заводскага раёну Менску.

Сцяг з эмблемай Палка Каліноўскага. Кіеў, Украіна. 26 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

На патрабаванне пракурора Віцебскай вобласці ў Беларусі заблакавалі доступ да шэрагу ўкраінскіх медыяў: glavred.info, spektr.press, hromadske.ua, news.online.ua», tribun.com.ua. Афіцыйнай прычынаю названая публікацыя гэтымі рэсурсамі «інфармацыі экстрэмісцкага характару, што прымушае грамадзянаў да супрацьдзеяння дзяржаўнай уладзе Рэспублікі Беларусь у звязку з сітуацыяй адносна ПВК Вагнэр». Акрамя таго, там знайшлі «недакладныя звесткі, што дыскрэдытуюць Лукашэнку».

Агляд
Новая справа супраць палітвязня Камароўскага, 61 дзень невядомы лёс Віктара Бабарыкі. Хроніка рэпрэсій 27 чэрвеня
2023.06.28 00:02

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў