Аляксандр Кныровіч: Забарона ўвозу піва з Літвы і Польшчы – не больш, чым жаданне напаскудзіць


Сёння, 28 чэрвеня, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў пастанаўленне, якое прадугледжвае працяг да канца года забароны на ўвоз некаторых харчовых і сельскагаспадарчых тавараў з так званых «несяброўскіх краін». Сярод іншага пастанова забараняе ўвоз у Беларусь піва і слабаалкагольных напояў з Польшчы і Літвы. Чаму беларускія ўлады абралі такі дзіўны напрамак для ўвядзення контрсанкцыяў, мы запыталіся ў эканамістаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: lrt.lt

Рашэнне на рынак ніяк не паўплывае

Бізнесовец і вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч сказаў, што пакуль знаходзіцца ў «шокавым стане», таму што такое здараецца рэдка, калі ён не можа знайсці адказу на пэўнае пытанне з нагоды эканамічных рашэнняў беларускага ўрада. І гэта якраз той самы выпадак.

Бо, калі зазірнуць у статыстыку, адзначыў эксперт, то акажацца, што доля непасрэднага імпарту піва і слабаалкагольных напояў з-за мяжы наўрад ці перавышала 5%. Масавыя гатункі вельмі дарагія для беларускага рынку, бо існуе даволі вельмі вялікая розніца паміж цэнаўтварэннем і ўласна ўзроўнем цэн на піва і слабаалкагольныя напоі ў Еўразвязе і ў Беларусі.

«Таму, калі б мы паглядзелі структурна, то тыя некалькі адсоткаў, якія ўсё ж такі прыходзяцца на завазныя гатункі піва, усё ж такі вырабляюцца дзе-небудзь у Нямеччыне, Чэхіі, але гэта ніяк не польскае ці літоўскае піва. То бок там зусім капейкі – адпаведна гэтае рашэнне ўраду вельмі цяжка патлумачыць, акрамя як жаданнем публічна напаскудзіць», – адзначыў Аляксандр Кныровіч.

Ніякага эканамічнага эфекту гэтая мера мець не будзе: яна не падыме ўзровень рэалізацыі беларускай прадукцыі, адзінае што – будзе мець толькі публічны эфект. «Не думаю, што зараз які-небудзь з кіраўнікоў прадпрыемстваў у Польшчы ці Літве прама зараз сеў, засмуціўся і падумаў, а як жа ён будзе зараз жыць», – сказаў эксперт.

Аляксандр Кныровіч пагадзіўся, што аматарам польскага ці літоўскага піва ў Беларусі зробяць непрыемна, але ж гэта, на яго думку, унікальныя грамадзяне, іх не вельмі многа, бо ў асноўнай масе беларусы п’юць беларускае піва. Таму ў цэлым гэтае рашэнне на рынак ніяк не паўплывае.

Гэта не вы нас кідаеце, гэта мы вас кідаем

Незалежны бізнес-эксперт, доктар Яраслаў Кот лічыць, што гэтае рашэнне беларускіх уладаў даволі цікавае. Магчыма, такім чынам яны хочуць прыбраць няхай і мінімальную, але канкурэнцыю, бо дзяржава мае акцызы і пэўную долю ва ўсіх буйных прадпрыемствах, якія вырабляюць алкагольныя напоі ў рэспубліцы. Магчыма, гэта зроблена і для таго, каб гэтыя напоі не ўвозіліся нават дробнымі партыямі для невялікіх прадпрыемстваў і каб у выніку спажывалася больш напояў беларускай і расейскай вытворчасці.

Для дзяржаваў, якія не змогуць больш пастаўляць сваю прадукцыю ў Беларусь, верагодна, страты нейкія будуць, лічыць эксперт. Бо беларусы ўсё ж нацыя, якая п’е вельмі шмат. Але з улікам таго, што большасць брэндаў, якія пастаўляюцца ў Беларусь, належаць, як правіла, карпарацыям, можна меркаваць, што яны перажывуць гэты момант спакойна.

«Заходнія краіны перажывуць гэта без праблем. А калі нехта з іх яшчэ не перастаў пастаўляць сваю прадукцыю ў Беларусь, то так ім і трэба», – адзначае наш суразмоўца.

На фоне таго, што многія ўсё ж такі адмовіліся ад паставак у Беларусь, цяперашняе рашэнне беларускіх уладаў можа выглядаць так: «гэта не вы нас кідаеце, гэта я вас кідаю».

Таму, робіць заключэнне эксперт, гэта такі чаканы закон, ён яшчэ больш робіць з Беларусі гэткі Савецкі Саюз, у якім вельмі моцна быў абмежаваны зварот замежных прадуктаў харчавання ці алкагольнай прадукцыі. І гэта вынік таго, адзначае наш суразмоўца, што алкагольная і тытунёвая прамысловасці маюць магутнае лобі ў Беларусі.

Яраслаў Кот пагадзіўся з тым, што прынятае ўрадам рашэнне мае хутчэй сімвалічнае значэнне. З дапамогай прыняцця нейкіх законаў беларускі рэжым і Лукашэнка, у прыватнасці, паказваюць, што яны таксама ўдзельнічаюць у гэтай барацьбе з Захадам і што яны вядуць нейкую дзейнасць. На дадзеным этапе прынялі закон пра забарону ўвозу слабаалкагольнай прадукцыі, пасля ўвядуць забарону на ўвоз моцнага алкаголю – яны могуць выдаваць па некалькі нарматыўна-прававых актаў, бо самае галоўнае для іх – ствараць інфанагоды. Для іх гэта магчымасць паказаць, што яны знаходзяцца ў працэсе барацьбы, бо па вялікім рахунку гэта ўсё, што яны могуць зрабіць.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў