Дэфолт Расеі. Чаму ў ім больш піяру і як ён дапаможа Лукашэнку пакінуць РФ без грошай


Расея ўпершыню за больш чым 100 гадоў апынулася ў стане дэфолту. Аднак, нягледзячы на гучныя загалоўкі СМІ, сітуацыя для Крамля не такая ўжо і трывожная. Калі не лічыць таго, што ў рэжыма Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца магчымасць скарыстацца становішчам у сваіх інтарэсах.

Амерыканскае агенцтва «Bloomberg» сцвярджае, што ў Расеі ўпершыню з 1918 года адбыўся дэфолт па знешнім доўгу.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Гандлёвыя графікі фондавага рынка ў офісе Маскоўскай біржы на вуліцы Ваздзвіжанка.
Фота: Sergei Fadeichev / TASS / Forum

У ноч на 27 чэрвеня ў Расеі скончыўся льготны перыяд для выплаты адсоткаў па аблігацыях на суму каля $ 100 млн, якія павінны былі выплаціць яшчэ 27 траўня. Гэты скрайні тэрмін (27 чэрвеня) фармальна лічыцца падзеяй дэфолту.

Згодна «Bloomberg», дэфолт стаў для Расеі «змрочным маркерам імклівага ператварэння краіны ў эканамічнага, фінансавага і палітычнага ізгоя». Аднак нават агенцтва прызнае, што падезя «пакуль мае пераважна сімвалічны характар».

Грошы ёсць, але іх не бяруць

У Расеі ёсць сродкі на абслугоўванне пазыкаў, «паколькі мільярды даляраў штотыдзень працягваюць паступаць у дзяржаўную скарбніцу ад экспарту энерганосьбітаў, нягледзячы на канфлікт на ўсходзе Украіны», піша «Bloomberg». Праўда, грошы ёсць толькі ў расейскіх рублях, паколькі валютныя рэзервы Цэнтрабанку замарожаныя.

У Крамлі ўжо заявілі, што не згодныя з заявай «Bloomberg» аб дэфолце. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў падкрэсліў, што сцвярджэнні аб дэфолце «цалкам неправамерныя», паколькі Расея здзейсніла аплату яшчэ ў траўні.

«Той факт, што Euroclear утрымаў гэтыя грошы, не давёў іх да атрымальнікаў, гэта ўжо не нашыя праблемы. Гэта значыць, ніякіх падставаў называць сітуацыю дэфолтам няма», – сказаў ён.

Ёсць важнейшыя праблемы

Расейскі фінансавы і біржавы аналітык Сцяпан Дзямура ў гутарцы з «Белсатам» адзначыў, што пасля дэфолту ў жыцці расейцаў «абсалютна нічога» не зменіцца. На ягоную думку, хіба што некаторыя кампаніі, якія выпускаюць уласныя аблігацыі, будуць абавязаныя зрабіць выплаты па іх, калі ў дамовах прапісаная магчымасць дэфолту Расеі.

«Можа быць, у каго-небудзь з прыватных эмітэнтаў могуць запатрабаваць поўнае пагашэнне пазыкаў», – заявіў эканаміст.

Агулам жа, мяркуе Дзямура, акрамя «прапагандысцкага розгаласу з боку Захаду, што Расея дэфолтнулася», нічога не будзе. Ён не чакае якіх-небудзь зменаў у эканоміцы ў сувязі з гэтым.

Па словах аналітыка, найбольш значная праблема ў расейскай эканоміцы цяпер – гэта курс рубля, які настолькі вырас, што зрабіў расейскіх вытворцаў неканкурэнтаздольнымі нават да бягучага імпарту. Дзямура адзначыў, што на праблемы з-за надзвычай моцнага рубля ўжо скардзіліся расейскія металургі і вытворцы пластыка, у якіх пачаліся праблемы з фінансавымі патокамі.

«Вось гэта галоўная праблема. І ўрад не ў стане вырашыць [яе. – Рэд. Belsat.eu] у прынцыпе, паколькі яна выклікана рэзкім скарачэннем імпарту і рэкорднай валютнай выручкай ад экспарту».

«PR-акцыя для адцягвання ўвагі»

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук у сваім блогу таксама адзначае «пафасна-піярскі» характар гэтага дэфолту. Ён нагадвае, што ў Расеі ёсць і сродкі, і жаданне, каб заплаціць пазыкі.

«Звычайна дэфолт – гэта калі ты вінен, але ў цябе няма грошай. Ты прапускаеш тэрмін плацяжу. Потым пачынаецца працэс высвятлення адносін паміж даўжніком і крэдыторам. У перыяд, калі ідзе высвятленне адносін, даўжнік не можа браць пазыку. Пакутуе яго рэпутацыя. Пакутуе крэдытор, які не атрымаў сваіх грошай. Змяняецца кошт будучых даўгавых абавязкаў. Удзельнікі крэдытнага рынку ўносяць карэктывы ў свае мадэлі ацэнкі рызык», – піша Раманчук.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Artyom Geodakyan / TASS / Forum

Аднак цяпер «Расея штодня атрымлівае ад продажу энергарэсурсаў ~ $ 1 млрд. У выніку выручка ад продажу энергарэсурсаў у 2022 года, калі Расея ўварвалася ва Украіну, стала ваенным злачынцам і спонсарам тэрарызму, перавысіць выручку 2021 года, калі нічога з гэтага не было». Больш за тое, шэраг краінаў дапамагаюць ёй абыходзіць уведзеныя санкцыі, заявіў эканаміст. Дадзены дэфолт, на яго думку, іх не ўшчуніць. Як не ўшчуніць і расейскіх генералаў, і народныя масы, якія падтрымліваюць вайну.

«Штучна створаны дэфолт – гэта PR-акцыя для адцягнення ўвагі людзей у заходніх краінах. Маўляў, глядзіце, як мы жорстка пакаралі агрэсара Расею. Глядзіце, як Крэмль пішчыць і выгінаецца, як вуж на патэльні. Насельніцтва прыхільна ківае і згаджаецца з тым, што ўрады і бізнес робяць усё, каб дапамагчы Украіне перамагчы», – лічыць эканаміст.

Між тым, заяўляе ён, на Захадзе забываюцца на тое, што «ўкраінцам для перамогі патрэбныя не пастановачныя дэфолты, а магутная, сучасная зброя, каб прагнаць расейскага агрэсара са сваёй зямлі».

Новы санкцыйны віток?

У сваю чаргу аўтары расейскага тэлеграм-каналу «Быть или» адзначаюць, што тэхнічны дэфолт – гэта прэцэдэнт для крос-дэфолту, калі заходнія інвестары могуць неадкладна запатрабаваць сплочванне ўсіх пазыковых абавязкаў Расеі на агульную суму $ 150 млрд.

«Гэта значыць, тэхнічны дэфолт – свайго роду механізм, які патрэбны Захаду для пачатку працэдуры канфіскацыі ў Расеі $ 150 млрд», – мяркуюць аўтары каналу.

Праўда, для гэтага патрэбныя адпаведныя судовыя рашэнні. Пры гэтым «заходнія інвестары могуць аб’ядноўвацца ў так званыя «крэдытныя клубы», каб падаваць калектыўныя позвы і паскараць гэтыя працэсы, але ўсё роўна на тое сыдуць гады».

«Тым не менш, тэхнічны дэфолт запускае яшчэ адзін санкцыйны працэс, які ў доўгатэрміновай перспектыве ўдарыць па расейскай эканоміцы, якую і так чакаюць незваротныя наступствы ў сувязі з міжнароднай ізаляцыяй», – падсумоўваюць аўтары каналу.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Kolesnikova/ AFP / East News

Чыста палітычны інструмент

Беларускі эканаміст Аляксей Харкевіч у каментары «Белсату» падкрэсліў, што доўг – гэта сімвал эканамічнай улады, а валюта – «па вялікім рахунку гэта даўгавыя абавязкі». Той, хто выпускае валюту, валодае эканамічнай уладай.

«Расея паралельна з ўзброеным уварваннем ва Украіну пачала сімвалічнае супрацьстаянне. Калі яна адмаўляецца ад долара, яна, па-сутнасці, не прызнае гегемоніі той краіны, якая выпускае гэтую валюту», – адзначыў эканаміст.

Сваім працісканнем плацяжоў у расейскіх рублях Расея фактычна патрабавала прызнаць яе ў якасці сусветнай дзяржавы. Але паколькі ў іх былі даўгавыя абавязкі ў валюце, то і «было зразумела, што рана ці позна паўстане той момант, калі прыйдзецца пагашаць».

«Фармальна гэта дэфолт. Калі няма выплаты па абавязку ў валюце, але зразумела, што сума [$ 100 млн. – Рэд. Belsat.eu] вельмі невялікая. Напэўна, у дзень на ваенную аперацыю ва Украіне яны марнуюць больш, чым тая сума, пра якую ідзе гаворка. Таму гэта [дэфолт. – Рэд. Belsat.eu] – чыста палітычны інструмент, новы віток супрацьстаяння», – заявіў Аляксей Харкевіч.

У Беларусі ёсць на запас свой дэфолт

Расейскі «палітычны» дэфолт можа паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, хоць пакуль ён не выглядае непасрэднай пагрозай нашай краіне. Калі ў Расеі ёсць сродкі на сплочванне даўгоў, і ў фінансавым плане ў іх дэфолтнага стану няма, то ў Беларусі зусім іншая сітуацыя.

У выпадку нашай краіны вонкавыя абавязкі маюць большую вагу для бюджэту.

«Я мяркую, што ў беларускіх уладаў будзе спакуса выкарыстаць расейскі дэфолт у якасці палітычнага жэсту. У нас эканоміка сціскаецца, пазыкаў досыць шмат, і калі б эканоміка пашыралася, іх можна было б неяк пагашаць. Цяпер яны складаюць вельмі вялікую праблему. Так, у прынцыпе, мы збольшага займалі ў расейцаў, але ў нас ёсць «недружалюбныя» краіны, якім мы таксама вінныя. Адпаведна ўзнікае спакуса: калі мы з імі ваюем, то чаму мы ім пагашаем? З іншага боку: з-за каго мы ў гэта ўсё ўлезлі? Мы ўлезлі ў гэта ўсё з-за Расеі, і вінны мы таксама больш за ўсё расейцам. Таму досыць лагічным здаецца крок, што мы абвяшчаем дэфолт нібыта ў помсту Еўропе і Амерыцы, а па факце – гэта атрымаецца адмова плаціць Расеі», – лічыць эканаміст.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

На думку Харкевіча, верагоднасць такога сцэнара ў паводзінах уладаў Беларусі перавышае 50 %. Пытанне толькі – калі. Пакуль сітуацыя не настолькі крытычная з выплатамі па пазыках, але «рондаль з вадой подкіпае, і рана ці позна накрыўку пачне зрываць».

Аляксей Харкевіч мяркуе, што ўлады ў Менску могуць абвесціць дэфолт, калі з’явіцца добрая інфармацыйная нагода, каб гэта выглядала як зваротная рэакцыя на дзеянні Захаду. Напрыклад, такой падставай можа стаць новы віток санкцыяў.

Макар Мыш / Герон belsat.eu

Стужка навінаў