Даследчыца Таццяна Кузіна ўжо год за кратамі. За што, дасюль невядома


Год, як за кратамі застаецца палітолаг, вядомая даследчыца ў сферы дзяржаўнага кіравання Таццяна Кузіна. Яе затрымалі ў ноч на 29 чэрвеня 2021 года ў аэрапорце «Менск», калі адпраўлялася ў кароткатэрміновую паездку ў Грузію. Жанчыну адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, а праз некалькі дзён перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Таццяна Кузіна.
Фота: Андрэй Павук / baj.by

Таццяне былі выстаўленыя абвінавачанні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Змова з мэтаю захапіць уладу неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361). Аднак сутнасць абвінавачанняў і прычыны затрымання дасюль невядомыя.

«Адвакат Таццяны пад падпіскаю пра неразгалашэнне. Ніякіх падрабязнасцяў і канкрэтыкі ў справе няма, следчыя дзеянні не праводзяцца. Фактычна Таццяна проста сядзіць за кратамі незразумела за што», – кажа ў каментары «Белсату» Вадзім Мажэйка, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS).

Таццяна Кузіна добра вядомая ў экспертнай, акадэмічнай і даследчай супольнасці Беларусі. Яна працуе з цікавымі тэмамі на нацыянальным і міжнародным узроўні, даследуе грамадзянскую супольнасць і дзяржаўнае кіраванне, выступала з лекцыямі пра грамадзянскі ўдзел на розных пляцоўках, брала ўдзел у разнастайных дыскусіях і абмеркаваннях на гэтую тэму.

Таццяна спрычынілася да працы BISS, дзе была адміністрацыйнаю дырэктаркай. Яна працавала ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ), калі ён быў яшчэ ў Менску, а таксама ў першыя гады па пераездзе ў Літву дапамагла ўніверсітэту адрадзіцца на новым месцы пасля палітычна матываванага закрыцця ў Беларусі.

«Збольшага ейная праца была непублічная. Таццяна – вельмі прыязная, адкрытая асоба, якая заўсёды спалучала прыемную камунікацыю з людзьмі з дастаткова жорсткім падыходам у адміністраванні справаў. Яна моцная адміністратарка і арганізатарка. Мы перасякаліся шмат разоў на розных імпрэзах, з ёю заўсёды было прыемна паразважаць як на сур’ёзныя палітычныя тэмы, так і проста паразмаўляць пра жыццё», – кажа Вадзім Мажэйка.

Прэс-клуб на тэму «Грамадзянская супольнасць у Беларусі: асаблівасці супрацы з уладамі». На здымку: Алег Сівагракаў, Таццяна Кузіна, Юрый Стукалаў, Дзяніс Васількоў.
Фота: budzma.org

Таццяна – адна з заснавальніц праекту SYMPA (Школа маладых менеджараў у сферы публічнага адміністравання). Гэта ўнікальны праект, дзе ўдзельнікамі былі прадстаўнікі грамадскага сектару, бізнесу і дзяржаўнага кіравання. SYMPA была засяроджаная на тым, як палепшыць сістэму дзяржаўнага кіравання.

«Гэта важны праект, які быў накіраваны ў будучыню. Зразумела, што не ўсе навучэнцы Школы заўтра пойдуць працаваць у дзяржаўныя інстытуты, але гэта тыя людзі, якія калісьці будуць браць удзел у рэформе дзяржаўнага кіравання ў Беларусі. Надыдуць часы палітычных зменаў, і звычайна ў такі важны перыяд узнікае праблема: адна рэч – палітыкі, а другая – чыноўнікі, бюракратыя. Як з гэтым працаваць, мала хто ведае, таму многія перамены могуць тармазіцца. Узгадаем досвед Украіны: пасля Рэвалюцыі годнасці 2014 года ўзнікла шмат праблем акурат у тым, як тэхнічна ўвасобіць рэформы, якія хацелася.

SYMPA была вельмі цікавай адукацыйнаю праграмаю: там можна было даведацца найлепшыя практыкі дзяржаўнага кіравання Літвы, Швецыі, Грузіі ды іншых краінаў. А таксама гэта была добрая пляцоўка для будавання кам’юніці грамадскага сектару і дзяржаўных чыноўнікаў. Калі пачынаеш размаўляць з людзьмі сістэмы, бачыш нашмат большую разнастайнасць у іхных матывацыях, як яны да такога дайшлі, што разумеюць пра жыццё. Пачынаеш бачыць іх не як шэрую масу дзяржаўнага апарату, а як канкрэтных асобаў. Гэта заўсёды лепш для разумення чалавечай матывацыі. З іхнага боку таксама станавілася больш разумення, хто такія і чым дыхаюць прадстаўнікі грамадскага сектару.

Пасля разгрому грамадскага сектару ў Беларусі пасля 2020 года SYMPA рэфармуецца і працягвае працаваць. Я дасюль чую пазітыўныя водгукі ад людзей, якія там навучаюцца, які гэта класны і карысны досвед», – распавядае Вадзім Мажэйка.

Самы просты спосаб падтрымаць Таццяну Кузіну ды іншых палітзняволеных – гэта напісаць ім ліст, адправіць паштоўку ці тэлеграму. Таксама можна зрабіць сімвалічны грашовы перавод або адправіць бандэроль. Гэта паказвае, што мы пра іх памятаем, як самым вязням, так і супрацоўнікам сістэмы.

Таццяна Кузіна падчас прэс-клубу на тэму «Грамадзянская супольнасць у Беларусі: асаблівасці супрацы з уладамі».
Фота: budzma.org

Адрас для лістоў Таццяне Кузінай: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў