«Тарпеда-БелАЗ» другі раз у сваёй гісторыі перамагае ў Кубку Беларусі


У фінальнай гульні 28 траўня жодзінская каманда на менскім стадыёне «Дынама» з лікам 2:0 перагуляла БАТЭ. Галы ў гэтай сустрэчы забілі 28-гадовы беларускі нападнік Валер Гарбачык і габонскі форвард Эманюэль Авано, які выйшаў на замену ў другім тайме.

Матч «Тарпеда-БелАЗ» і БАТЭ. Крыніца: fcbate.by

Для «Тарпеда» гэта другі Кубак Беларусі ў яго гісторыі. Першы аўтазаводцы выгулялі сем гадоў таму, калі ў 2016-м у Берасці ў серыі пенальці абгулялі ўсё той жа БАТЭ.

БАТЭ гуляў у фінале чацвёрты год запар і другі сезон запар саступіў, у мінулым сезоне ён прагуляў «Гомлю».

На Кубак Беларусі гуляюць з 1992 года, першым яго ўладальнікам сталася менскае «Дынама». Часцей за ўсіх у гэтым турніры перамагаў БАТЭ – 5 разоў, па 3 разы трафей заваявалі «Шахцёр», берасцейскае і менскае «Дынама», «Белшына» і «Гомель».

Гэтая перамога выводзіць «Тарпеда-БелАЗ» у Лігу Еўропы. Адзначым, што ў адрозненне ад Расеі беларускія футбольныя клубы могуць браць удзел у міжнародных турнірах, але павінны праводзіць свае гульні на нейтральным полі і без гледачоў. У мінулым сезоне беларускія клубы ў еўракубках паказалі найгоршы вынік у сваёй гісторыі і занялі апошняе месца ў Еўропе.

АС belsat.eu

Стужка навінаў