Вечарам 28 траўня мінула 10 содняў з затрымання супрацоўнікаў парталу TUT.by і звязаных з ім бізнесаў. 15 чалавек засталіся ў няволі – то значыць, ім усім мусілі выставіць абвінавачванні.
Адвакаты затрыманых пад падпіскай аб неразгалошванні, таму не могуць нават сказаць, у чым вінавацяць кожнага з затрыманых і на які тэрмін іх арыштавалі. Партал мяркуе, што ўсіх 15 чалавек затрыманых арыштавалі на два месяцы.
Камітэт дзяржаўнага кантролю заяўляў, што супрацоўнікаў парталу вінавацяць ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў»: кампанія «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» ў 2019 годзе атрымала статус рэзідэнта «Парку высокіх тэхналогіяў», але атрымала «выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ». Сузаснавальнік парталу Кірыл Валошын, які застаўся на волі і знаходзіцца за мяжой, даводзіць, што прысутнасць TUT.by у ПВТ была законная.
Партал заявіў, што мае да справы шмат пытанняў. Адно з іх такое: калі справа эканамічная, то чаму ў няволі рэдакцыя, партнёры кампаніі і нават удава заснавальніка Юлія Чарняўская (яна не валодае ніякай доляй у «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ»).
«Сярод затрыманых ёсць тыя, хто нават не з’яўляюцца супрацоўнікамі кампаніі, па сутнасці, яны сталі закладнікамі сітуацыі», – піша TUT.by.
Цяпер парталу як такога няма: ад 18 траўня сайт адключаны, супрацоўнікі кампаніі не могуць аднавіць яго дзейнасць. Аднак TUT.by працягвае пісаць навіны ў Telegram, Facebook, Instagram і VK.
АА belsat.eu