За кратамі ўжо больш за 200 дзён. 5 фактаў пра журналіста Яўгена Меркіса


11 траўня ў Гомельскім абласным судзе распачнецца суд над журналістам Яўгенам Меркісам. Яго абвінавачваюць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. Сайт «Гомель штодзень» распавядае цікавыя факты пра журналіста.

Журналіст Яўген Меркіс. Аўтар фота: DGAP / Stephan Röhl. Крыніца: Яўген Меркіс / VK

Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года. У той жа дзень у яго ўдома, у ягоных сяброў і бацькі правялі ператрусы і канфіскавалі тэхніку.

За кратамі ў гомельскім СІЗА №3 журналіст знаходзіцца ўжо больш за 200 дзён. Надоечы стала вядома, што ён чацвёра содняў правёў у карцары за тое, што не пагаліўся.

Справу супраць Яўгена Меркіса будзе разглядаць суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Судзе пройдзе ў закрытым рэжыме.

«Гомель штодзень» распавядае, якія людзі ў цяперашняй Беларусі лічацца злачынцамі.

Факт 1. Яўген Меркіс – менеджар культурніцкіх праектаў, стваральнік сайту «Краязнаўства Гомля і Гомельшчыны», экс-старшыня грамадскага аб’яднання «Талака», рэгіянальны каардынатар «Будзьмы» у мінулым.

Меркіс заўсёды актыўна займаўся папулярызацыяй гісторыі, мовы і культуры роднага краю, этнаграфічнымі вандроўкамі і шмат чым іншым. На ягоным сайце «Краязнаўства Гомля і Гомельшчыны» размяшчаецца шмат унікальнай інфармацыі па краязнаўстве. З апублікаваных там матэрыялаў можна было даведацца і пра кніжную культуру Веткі, і грамадзянскую вайну 1648-1651 гадоў на Гомельшчыне, і пра назвы посуду, і пра дыялекты Лоеўшчыны, і шмат іншай цікавай інфармацыі.

Факт 2. Яўген Меркіс – самы пазнавальны журналіст-вядоўца стрымаў у Гомлі

Як распавядаюць калегі і сябры журналіста, Яўген прыйшоў у журналістыку з грамадскага сектару і «прынёс у рэгіянальную журналістыку самае лепшае».

«Ягоныя стрымы глядзелі сотні тысячаў чалавек, яго пазнавалі на вуліцах, гледачы пісалі, што хочуць толькі яго бачыць на стрымах як вядоўцу», – распавядаюць яго калегі.

Яўген вёў стрымы не толькі ў Гомлі, але і ў іншых гарадах, за што міліцыя на яго часцяком «палявала».

Факт 3. Яўген Меркіс – урбаніст, гісторык і патрыёт

У дзяцінстве будучы журналіст марыў быць кіроўцам тралейбусу, палеантолагам, археолагам і нават прэзідэнтам. Аднак пошукі сябе ўсе роўна прывялі да гісторыі і Беларушчыны.

У 1990-я гады маці Яўгена зʼехала з ім у Нямеччыну. Там яны пражылі чатыры гады. А калі хлопчыку споўнілася 12 гадоў, і маці запыталася ў яго, ці хоча ён далей жыць у Нямеччыне, той адказаў, што хоча жыць у Беларусі. Пасля вяртання на радзіму Яўген скончыў гістфак БДУ.

Факт 4. Яўген Меркіс – вядоўца «Мова нанова» у Гомлі

Ён быў адным з пачынальнікаў папулярных моўных курсаў у Гомлі. Яўген – вельмі харызматычны, жывы і вясёлы чалавек. Наведвальнікі курсу вельмі любілі яго слухаць і з ахвотай вучылі родную мову.

Факт 5. Яўген Меркіс – паліглот

У студэнцкія гады Яўген спрабаваў вучыць літоўскую мову. Выдатна ведае нямецкую і добра англійскую мовы. Лінгвістычныя здольнасці журналісту перадаліся ад маці-перакладчыцы. Па-беларуску размаўляе са школьных гадоў. Сам паведамляў, што менавіта ў той перыяд пачаў сніць сны па-беларуску.

Па думках Меркіса, для папулярызацыі мовы трэба ствараць станоўчы вобраз беларускамоўнага чалавека, таму заклікаў быць на пазітыве, усміхацца, не чапляцца да людзей і не патрабаваць ад іх нечага нерэальнага.

А вось як сам сябе Меркіс характарызаваў да затрымання: «Праваслаўны, прыхільнік заходніх каштоўнасцяў і патрыярхальнасці ў сям’і, люблю панк, рок і рэтра 1950-70-х, творчасць «трушных паэтаў» – Анатоля Сыса і Васіля Стуса. Люблю Гомель. У людзях цаню сапраўднасць. Але ідэя – галоўнае і першаснае. Дэпрэсіўны аптыміст. Выклікаюць захапленне персоны кшталту кіраўніка «Тэсла Мотарс» Ілана Маска, якія сягаюць сваімі ідэямі і дзейнасцю ў далячынь, змяняюць свет».

Жонка журналіста Наталля Маркевіч, таксама гісторык і краязнаўца, пайшла з жыцця ў 2012 годзе пасля доўгага змагання з анкалагічнай хваробай. У 2017 годзе ад хваробы сэрца памерла маці Яўгена. У Беларусі ў журналіста засталіся бацька ў сталым узросце і брат з цяжкім захворваннем.

Падтрымаць Яўгена пасылкамі, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе: СІЗА №3, вул.Кніжная, 1А, г.Гомель, Яўгену Аляксандравічу Меркісу, 246003.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў