Як правільна паліць вогнішчы і калі можна шумець? Правілы жыцця за горадам


З прыходам цёплага вясенняга надвор’я і вялікіх выходных беларусы масава едуць на лецішчы ці на прыроду. Распавядаем, што трэба рабіць, каб смажанне першых у сезоне шашлыкоў ці навядзенне парадкаў у двары дому не скончыліся сустрэчай з міліцыяй і штрафамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Паліць нельга выкінуць

Перад тым як ісці ў лес з мэтай распаліць там вогнішча, варта даведацца, ці гэта не забаронена праз умовы надвор’я, на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі РБ або проста скарыстаўшыся інтэрнэт-пошукам.

Пра тое, як правільна і бяспечна распальваць вогнішчы на адкрытай прасторы ці як паліць смецце на сваім участку, можна даведацца на сайце МНС ці зноўку з дапамогай усёмагутнага пашукавіка ў інтэрнэце.

Нават на ўласным участку неабходна разводзіць вогнішчы паводле правілаў:

– развядзенне агню дазволенае толькі для гатавання ежы і спальвання смецця. Дазволена паліць паперу, траву, сухія галінкі, а вось пластык, побытавыя адходы і старыя апоны паліць забаронена, бо пры гарэнні яны выкідваюць у паветра шкодныя рэчывы;

– каб не дапусціць пажару, агнёвая зона, грыль і мангал павінны размяшчацца не менш як за 4 метры ад дому і плоту. Адлегласць да любой пабудовы не павінна быць меншаю за 10 метраў;

– калі ўчастак прымыкае да лесу, адлегласць да яго павінна быць не меншаю за 20 метраў і не меншаю за 30 метраў да саломы;

– нельга разводзіць адкрыты агонь на тарфянішчах і пад дрэвамі;

– пры развядзенні вогнішча пад рукою заўсёды павінен быць сродак пажаратушэння (вогнетушыцель ці вядро з вадой).

Штраф за невыкананне гэтых патрабаванняў складае 12 базавых велічыняў (базавая велічыня на сёння складае 37 рублёў). Калі пры развядзенні агню пацярпела чужая маёмасць, штраф павялічваецца да 30 б. в. За спальванне травы з парушэннем правілаў прадугледжаны штраф ад 10 да 30 б. в. Траву трэба выкасіць, сабраць у адну кучу і толькі тады спальваць.

Не ламіце дрэваў і хмызнякоў, а выкарыстоўвайце драўняны вугаль ці прывезеныя дровы. За незаконнае сячэнне або пашкоджанне ці знішчэнне драўнінна-хмызняковай расліннасці можна атрымаць штраф памерам ад 5 да 30 б. в.

Даведка
У Беларусі вясною штогод павялічваецца колькасць пажараў у прыродных экасістэмах. Паводле статыстыкі, абсалютная большасць пажараў ад узгарання сухой травы адбываецца з віны людзей, і толькі 5–10 % узгаранняў у экасістэмах узнікаюць ад метэаралагічных умоваў. Часам здараецца так, што агонь ад невялікай кучы смецця не толькі перакідваецца на дамы і гаспадарчыя пабудовы, але і знішчае цэлыя лясныя масівы і тарфянікі.

Наводзім парадкі на ўчастку

Згодна з заканадаўствам, вылучаны дачніку ўчастак павінен эфектыўна выкарыстоўвацца. Гэта значыць, што пакідаць яго някошаным і засмечаным забаронена. Неабходна прыбіраць побытавае смецце, не даваць участку зарастаць, інакш давядзецца зрабіць уборку прымусова і заплаціць 30 б. в. штрафу.

Нельга на ўласнае жаданне карыстацца суседнім участкам, нават калі ён закінуты і нікому не належыць, а вам вельмі хочацца. Штраф – 30 б. в. Выкапаць студню без атрымання дазволу таксама нельга. Гэта караецца штрафам – тыя ж 30 б. в. Дадаткова можна зарабіць штраф, калі пры капанні самавольнай студні вы пашкодзіце камунікацыі.

Нельга ўзводзіць самавольныя пабудовы, у тым ліку лазню, калі на гэта няма дазволу. Паміж пабудовамі неабходна пакідаць дыстанцыю для супрацьпажарнай бяспекі. Правілы ўзвядзення пабудоваў прапісаныя ў будаўнічых нормах, за невыкананне якіх таксама пагражае штраф.

А як з агародамі?

Садзіце агароды ці кветкі на прысядзібным участку? Не пасейце выпадкова нічога псіхатропнага ці наркатычнага. За мак, каноплі ці іншыя падобныя расліны і грыбы на ўчастку могуць аштрафаваць на суму да 20 б. в. Калі ж дакажуць мэту збыту – тут ужо пагражае крымінальная адказнасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Нельга дапускаць разрастанне на ўчастку пустазельных агрэсараў: баршчэўніку, сумніку, клёну ясенялістага і эхінацысцісу.

Шумець можна, але ў вызначаны час

Шумныя вечарынкі на лецішчы ці ў загарадным доме дапускаюцца, калі вы пры гэтым нікому не перашкаджаеце ці калі вы запрасілі ўсіх сваіх суседзяў. У іншых выпадках шумець нельга гэтак жа, як і ў горадзе, у час з 23:00 да 7:00. У адваротным выпадку можна атрымаць штраф памерам ад 2 да 10 б. в.

Калі вам раптам а 19:10 захацелася штосьці пасвідраваць на сваім участку, дачакайцеся ўсё ж наступнага дня. Нельга праводзіць будаўнічыя працы, «ствараць шум ці вібрацыі» ў выходныя і святочныя дні. У працоўныя дні з 19-й да 9-й гадзіны ад такіх работаў таксама давядзецца адмовіцца. Інакш гэта пагражае штрафам у памеры ад 4 да 10 б. в., а для індывідуальнага прадпрымальніка ці юрыдычнай асобы – ад 5 да 25 б. в.

Калі вы неаднаразова рабілі заўвагі суседзям наконт шуму ў той час, калі гэта забаронена, і не сустрэлі разумення, паводле закону гэта можна трактаваць як дробнае хуліганства. Пакаранне ў гэтым выпадку будзе больш сур’ёзным – штраф памерам ад 2 да 30 б. в. або грамадскія працы, або нават адміністратыўны арышт (арт. 19.1 КаАП РБ).

Будзь чалавекам: пра жывёлу і прыроду

Памятаеце пра «ты заўсёды ў адказе за ўсіх, каго прыручыў»? У тым ліку і фінансавым. За жорсткае абыходжанне з жывёлаю прадугледжаны штраф памерам 15 б. в. Калі ў выніку жорсткага абыходжання жывёліна пацярпела або загінула, то пакаранне становіцца яшчэ больш суровым – штраф ад 20 да 30 б. в. або грамадскія працы ці адміністратыўны арышт (ч. 3 арт. 16.29 КаАП РБ).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Нельга хаваць хатніх гадаванцаў на прысядзібным участку. Перш чым пахаваць хатнюю жывёліну, яе трэба крэміраваць у адпаведнай арганізацыі.

Не наносьце шкоды жывёлінам і раслінам, занесеным у Чырвоную кнігу Беларусі. Варта быць асцярожным з чырванакніжнікамі, бо няведанне не вызваляе ад адказнасці. Да рэдкіх раслінаў у нашай краіне адносяць сон-траву, чарэмшыну, шмат якія іншыя расліны, якія рана квітнеюць.

Парушэнне патрабаванняў аховы дзікіх жывёлінаў і дзікарослых раслінаў з Чырвонай кнігі караецца штрафам. Можна атрымаць ад 10 да 30 б. в. За збор і знішчэнне рэдкіх раслінаў парушальніку пагражае штраф памерам 20–50 б. в.

Не руйнуйце дамоў насельнікаў лесу. За разбурэнне мурашнікаў, гнёздаў, нораў насякомых і жывёлы, а таксама за збор яек мурашак і птушак прадугледжаны штраф памерам да 30 б. в.

Паляваць і лавіць рыбу можна толькі ў дазволеных месцах. Выбірацца на паляванне можна толькі з афіцыйным дазволам. За невыкананне правілаў парушальнік атрымлівае пакаранне памерам да 30 б. в.

Нельга мыць аўтамабіль паблізу вадаёмаў. Для гэтага ёсць аўтамыйні і спецыяльна абсталяваныя для гэтага месцы, а на тэрыторыі лесу і каля вадаёмаў мыць аўта забаронена. Нафтапрадукты, якія трапляюць на зямлю і ў ваду разам са сцёкавымі водамі, атручваюць вадаём і могуць прывесці да яго гібелі. За забруджванне або засмечванне паверхневых або падземных водаў можна атрымаць да 20 б. в. штрафу.

Заўсёды прыбірайце за сабою смецце. Гэта простае правіла, але шмат хто яго ігнаруе, пакідаючы сваё смецце на прыродзе, а за гэта можна атрымаць штраф памерам да 10 б. в.

СП belsat.eu 

Стужка навінаў