МЗС Беларусі: У Судане застаюцца 10 беларускіх грамадзянаў


У сталіцы Судану, Хартуме, дзе з сярэдзіны сакавіка актывізаваліся ваенныя дзеянні праз пераварот, застаюцца 10 беларускіх грамадзянаў, трое з іх цяпер на тэрыторыі амбасады Расеі. Пра гэта паведамляе Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Канфлікт у Судане. Крыніца: eurotopics.net

Месцазнаходжанне іншых сямі беларусаў таксама вядомае і ёсць найбольш бяспечнымі ў цяперашніх умовах, запэўнілі ў ведамстве.

«Консульская служба амбасады Беларусі ў Егіпце падтрымлівае з усімі пастаянную сувязь. Прапрацоўваюцца спосабы і шляхі іх эвакуацыі», – заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Таксама Анатоль Глаз удакладніў інфармацыю пра беларускіх лётчыкаў, якія 26 красавіка змаглі эвакуявацца з Судану. Раней паведамлялася, што гэта быў экіпаж самалёта Іл-76ТД беларускай грузавой авіякампаніі «Belcanto Airlines», які затрымаўся ў Хартуме – ён трапіў пад абстрэл. У МЗС іншая інфармацыя.

«Выехалі з Судану ў Егіпет праз сухапутную мяжу шэсць беларускіх грамадзянаў, якія працавалі на суданскія кампаніі паводле прыватных кантрактаў, а не на беларускага авіяперавозніка. Прытым гэтая ініцыятыва была спалучаная з вялікай рызыкай. Мяжу ўдалося перасекчы пры актыўным спрыянні нашых дыпламатаў і расейскіх калегаў. Насустрач нам пайшлі і егіпецкія ўлады. Цяпер яны ў Егіпце для далейшага вяртання на радзіму», – паведаміў прэс-сакратар МЗС.

Ён таксама дадаў, што ў Беларусі з «трывогай і занепакоенасцю» сочаць за развіццём падзеяў у Судане і просяць стварыць магчымасць для эвакуацыі замежных грамадзянаў, якія там застаюцца.

Каментар
У баях у Судане знішчылі беларускі грузавы самалёт. Што там адбываецца і хто з кім б’ецца
2023.04.20 15:09

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў