Літва не плануе да верасня адкрываць мяжу для беларусаў


Літоўскі ўрад абмяркоўвае новую стратэгію дачыненняў з Беларуссю. Літоўскі палітык Лаўрынас Касчунас адзначыў, што афіцыйная Вільня цяпер не разглядае Беларусь як незалежную дзяржаву і адпаведна не збіраецца бліжэйшым часам адкрываць мяжу для беларусаў, паведаміў палітык у інтэрв’ю «Нямецкай хвалі».

Мяжа з Літвой.
Фота: grodnonews.by

Лаўрынас Касчунас узначальвае камітэт літоўскага Сейму ў справе нацыянальнай бяспекі і абароны. Палітык мяркуе, што ў выніку падзеяў 2020 года і пачатку вайны ва Украіне Беларусь страціла незалежнасць і фактычна цалкам падпарадкоўваецца рашэннем Крамля. Адпаведна, Вільня цяпер разглядае новыя канцэпцыі бяспекі ў рэгіёне і не збіраецца здымаць статус надзвычайнага становішча праз уварванне Расеі ва Украіну.

Палітык адзначыў, што Лукашэнка 25 гадоў гандляваў суверэнітэтам краіны і лавіраваў паміж Захадам і Усходам. Ключавую ролю ў захаванні ўлады гралі датацыі і субсідыі ад Расеі.

«Ён пазбавіўся легітымнасці пасля рэвалюцыі 2020 года, але яна яго не знесла. Ён утрымаўся з дапамогай рэпрэсіяў і выкарыстоўваючы расейскае падтрыманне, якое таксама дало яму магчымасць выжыць. Але гэта мае свой кошт. Гэта – суверэнітэт. І калі Лукашэнка ўжо ўпусціў Узброеныя сілы РФ, калі дзве траціны ўсіх ракетаў ва Украіну ляцяць з Беларусі – гэта ўжо ўсё. Ён частка агрэсіі», – дадаў Касчунас.

Hавiны
Літоўскія ўлады заклікалі мясцовых перавознікаў адмовіцца ад працы з Беларуссю і Расеяй
2022.04.05 16:02

Аднак палітык дадаў, што паважае права беларусаў на незалежную дзяржаву, і запэўніў, што ўрад Літвы будзе намагацца падтрымліваць беларусаў у змаганні за свабоду краіны. Касчунас адзначыў, што ўяўляе, як гэта складана, калі ў краіне дзее магутны рэпрэсіўны апарат.

«Мы зараз бачым тое, пра што многія з нас казалі дзесяцігоддзі таму, што гэта толькі пытанне часу, калі гэты геапалітычны хуліган можа пачаць такую авантуру. Кажучы пра літоўскую сітуацыю, трэба разумець, што калі Беларусь пазбаўляецца незалежнасці, то 700 кіламетраў нашай мяжы з Беларуссю становяцца дэ-факта мяжой з РФ. У Беларусі расейскія базы», – адзначае палітык.

Артыкулы
Літва ўнесла Беларусь у спіс варожых краінаў
2022.03.30 17:52

Лаўрынас Касчунас падкрэсліў, што Літва будзе заставацца краінай, якая шмат дапамагае беларусам. Літва прыняла ў сябе шмат беларусаў, але цяпер яе мяжа з Беларуссю закрытая. Беларусы маюць праблемы з уездам у Літву і не могуць атрымліваць шэнгенскіх візаў.

«Калі б зараз да нашай мяжы, да нашых памежнікаў падышоў чалавек з Беларусі і сказаў бы, што яго пераследуюць, то я ўпэўнены, што яго прапусцілі б і пачаўся б працэс разгляду заяўкі на палітычны прытулак. Гэта не праблема. Вядома, мы закрываем зараз мяжу, мы ставім фізічныя барʼеры на ўвесь перыметр – там 330 кіламетраў. Да верасня закрыем мяжу», – дадаў Касчунас.

Палітык адзначыў, што калі сітуацыя стабілізуецца пасля вайны, мяжа можа зноў запрацаваць у звыклым рэжыме.

Нагадаем, што 24 лютага прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў дэкрэт аб увядзенні надзвычайнага становішча пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Праца мяжы Літвы з Беларуссю фактычна была прыпыненая.

Абноўлена
Польшча, Латвія, Літва і Эстонія могуць зачыніць межы з Беларуссю і РФ цягам 48-72 гадзін
2022.04.04 21:19

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў