У судзе Маскоўскага раёну Берасця працягваецца працэс у гэтак званай «карагоднай справе». Цяпер ідзе трэцяе паседжанне, судзяць яшчэ 14 чалавек.
Стала вядома, якое пакаранне для іх запытала абвінавачанне.
Алене Гнаўк, Марыі Скакавец, Васілю Чарнецкаму – 2 гады «хатняй хіміі»,
расейцу Данілу Чамаданаву (ён адзіны з удзельнікаў гэтага працэсу сядзіць у СІЗА) – 1 год калоніі агульнага рэжыму,
Сяргею Наліўку, Кірылу Луду, Уладіславу Навіцкаму, Радыёну Кандрацюку запытваюць 2 гады «хіміі»,
маці і дачцэ Алене і Вікторыі Лысковіч – 1,5 года «хіміі»,
для Юрыя Чубырка, Валянціны Жукоўскай і Людмілы Луцкай запыталі 1,5 года «хатняй хіміі».
27 красавіка суддзя абласнога суда Сяргей Беразюк не задаволіў скаргу другой дзясятцы ў «карагоднай справе». Такім чынам, рашэнне суддзі Ленінскага раёну Дзмітрыя Шурына засталося без зменаў.
А ён прысудзіў калонію з агульным рэжымам тэрмінам на 1 год і 8 месяцаў Дзмітрыю Буневічу і 1,5 года Аляксею Арцецкаму. 2 гады «хіміі» атрымалі Дзмітрый Абрамук і Павел Брух, 1,5 года «хіміі» – Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатынік, а Генадзь Місюта – 1,5 года «хатняй хіміі».
Судовая справа датычыць падзеяў 13 верасня 2020 года, калі ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.
Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне вадамётным, а распачатая пазней крымінальная справа стала звацца карагоднаю.
Праз некалькі тыдняў завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
АС, belsat.eu