Затрымалі сына палітыка Анатоля Лябедзькі


Беларускі палітык Анатоль Лябедзька паведаміў у Facebook пра затрыманне свайго сына Арцёма, які знаходзіўся ў Беларусі. Па ягоных словах, гэта адбылося 28 сакавіка.

Арцём Лябедзька.
Фота: Анатоль Лябедзька / Facebook

«Сёння забралі майго сына. Толькі за тое, што ён Арцём Лябедзька, што ён мой сын. Самае мярзотнае, калі пачынаюць распраўляцца з роднымі, бяруць у закладнікі тваіх блізкіх», – распавёў Анатоль Лябедзька.

Па словах Анатоля, ягоны сын не з’язджаў з Беларусі таму што хацеў жыць там і быў перакананы, што яму няма чаго прад’явіць акрамя таго што ён сын свайго бацькі.

«Спрабую загасіць у сабе нянавісць і злосць, але нешта не атрымоўваецца. Дай нам божа сілы і моцы», – напісаў палітык.

Праз што быў затрыманы Арцём Лябедзька – невядома.

Сам Анатоль Лябедзька цяпер знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Ён з’яўляецца прадстаўніком Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і пытаннях канстытуцыйнай рэформы. Раней ён быў кіраўніком Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Вядома, што ў Беларусі супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў