Белстат: насельніцтва Беларусі за 2022 год зменшылася амаль на 55 тысяч чалавек


Насельніцтва Беларусі на пачатак 2023 года склала 9 200 617 чалавек, паводле новай статыстыкі Белстату. Такім чынам за год насельніцтва краіны паменшылася на 54 907 чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Згодна са статыстыкай, усяго за тры гады Беларусь страціла больш за 200 тысяч чалавек насельніцтва. У 2022-м годзе колькасць жыхароў краіны зменшылася на амаль 55 тысяч чалавек, у 2021-м на 94,1 тысяч, а ў 2020-м – на 60,6 тысяч чалавек.

Гарадское насельніцтва на 1 студзеня 2023 года склала 7,212 млн чалавек і зменшылася на 19,69 тысяч чалавек у параўнанні з мінулым годам. Сельскае насельніцтва скарацілася на 35,2 тысяч чалавек і склала 1, 988 млн чалавек.

У вобласцях і абласных цэнтрах насельніцтва на пачатак года было наступным:

  • у Менскай – 1 462 021 чалавек,
  • у Гомельскай – 1 347 469 чалавек,
  • у Берасцейскай – 1 315 405 чалавек,
  • у Віцебскай – 1 091 948 чалавек,
  • у Гарадзенскай – 998 600 чалавек,
  • у Магілёўскай – 989 702 чалавекі.

Трэба адзначыць, што ў Гарадзенскай і Магілёўскай вобласцях на пачатак мінулага года насельніцтва перавышала 1 млн чалавек.

Насельніцтва Менску на пачатак года склала 1 995 471 чалавек і за год зменшылася крыху больш, чым на тысячу чалавек. Насельніцтва Берасця склала 342 461 чалавек, Віцебску – 359 148 чалавек, Гомля – 501 802 чалавекі, Горадні – 358 717 чалавек, Магілёва – 353 338 чалавек.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў