Пачынаючы з 27 лютага расейскае вайсковае камандаванне спрабуе захапіць паселішча Чарнабаеўка і замацавацца ў ім. Больш за дзясятак разоў украінскія вайскоўцы з дапамогай «Байрактараў» наносілі ўдары па расейскім кантынгенце і выбівалі акупантаў з Чарнабаеўкі. Паселішча сталася сапраўдным мемам і абрасло ўласнай міфалогіяй. Украінскі вайсковы эксперт Аляксандр Мусіенка ў жывым эфіры падзяліўся думкай, чаму расейцаў гэтак цягне да Чарнабаеўкі, нягледзячы на няўдачы.
Аляксандр Мусіенка адзначыў, што расейскія войскі сутыкаюцца з пэўнымі складанасцямі ў перагрупоўванні войскаў і адступленні. На многіх кірунках застаюцца кадыраўскія загараджальныя атрады, якія не дазваляюць праводзіць такіх манеўраў. Расейскае камандаванне спрабуе пераадолець праблему хаоса ў сваіх шэрагах.
Паводле эксперта, асабліва яскрава назіраць гэтую з’яву можна каля Чарнабаеўкі, дзе расейцы 12 разоў траплялі пад знішчальны абстрэл і ніяк не могуць замацавацца.
Чарнабаеўка размяшчаецца на поўдні Украіны, гэта важны стратэгічны пунк на шляху з Херсону ў паўночна-заходнім кірунку, на Мікалаеў. Там жа праходзіць чыгуначнае спалучэнне Херсон – Мікалаеў і траса Е58 Растоў-на-Доне – Адэса.
Мусіенка мяркуе, што ў расейцаў былі планы рухацца праз Мікалаеў і фарсіраваць раку Паўднёвы Буг, каб ісці ў бок Адэсы. Гэтыя планы былі сарваныя ЗСУ, супраціўнік быў адкінуты, і гэта адзіны пункт, дзе яны могуць цяпер замацавацца.
У расейцаў так стаіць пастаноўка задачы. Напрыклад, рухацца ў бок Мікалаева. Загад аддадзены найвышэйшым камандаваннем, якое асабліва не ў тэме мясцовых асаблівасцяў. У іх іншыя пытанні: ужо знішчаныя 7 генералаў і 9 палкоўнікаў, якія з 2014 года ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць Украіны.
Эксперт адзначае: феномен Чарнабаеўкі палягае ў тым, што расейскім вайскоўцам даецца распараджэнне – неабходна рушыць наперад. Для гэтага трэба развязаць лагістычнае пытанне. Для гэтага патрэбныя рэсурсы і падтрыманне ў паветры. Ударныя гелікоптары, якія перакідваюць з акупаванага Крыму.
Мусіенка мяркуе, што расейскае камандаванне абрала Чарнабаеўку як плацдарм для прасоўвання, бо там ёсць аэрапорт. У дадатак там можна разгарнуць камандны пункт і ісці далей. Аднак украінскі эксперт дадае, што ў справе ёсць іншы момант: украінскае войска глядзіць на характар прасоўвання і бачыць, дзе супраціўнік можа абсталяваць пункты для замацавання і дзе могуць быць абсталяваныя камандныя пункты, дзе могуць быць лагістычныя пункты для наступу. Украіна іх перакрывае і не пакідае іншых варыянтаў, акрамя як заставацца ў ваколіцах Чарнабаеўкі.
Загаду ніхто не скасоўваў. Таму, нягледзячы на аграмадныя страты людскога рэсурсу і вайсковай тэхнікі, яны ўсё роўна ўпарта спрабуюць лезці. На жаль, ніхто там не лічыцца з жыццямі расейскіх вайскоўцаў. Іх проста кідаюць, як мяса, фактычна ведаючы, што замацавацца там не атрымаецца. Вось такі парадокс атрымліваецца.
Апроч таго, дарадца офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч выказаў меркаванне, што феномен Чарнабаеўкі ўжо стаўся мемам і набыў агульнаўкраінскі характар ды аброс фальклорам, які дэманструе гераізм украінскіх жаўнераў і некампетэнтнасць расейскага вайсковага камандавання:
Яны працягваюць рабіць тую ж дурасць – спрабуюць наступаць на некалькіх кірунках адначасова з размахам 500–700 кіламетраў паміж імі. Гэта самагубства. Гэта вялікая Чарнабаеўка.
ХЗ belsat.eu