«Я не забранзавеў». Лукашэнка выступіў з трохгадзінным пасланнем. Пераказваем галоўнае


Падчас выступу Аляксандр Лукашэнка задаў тры пытанні беларускаму народу: ці гатовыя вы плаціць, ці гатовыя вы плаціць, ці гатовыя вы «распранацца і працаваць»? І яшчэ: вайны не будзе, калі самі не нападуць, а на «рэферэндум» не звяртайце асаблівай увагі.

Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з відэа: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка днём 28 студзеня выступіў са зваротам да народу і Нацыянальнага сходу. Дакладны час выступу назвалі ўсяго за гадзіну да пачатку – у праграме дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» на час прамовы было пазначанае «Скажинемолчи». Прамова доўжылася 2,5 гадзіны, потым Лукашэнка яшчэ гадзіну адказваў на пытанні з залы.

І Лукашэнка, і следам дзяржаўныя медыі падкрэслілі: прамову ён вядзе «ў добрай форме і ўпэўнена гледзячы ў будучыню».

Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з відэа: president.gov.by

Пра вайну

Тэма магчымай вайны Расеі супраць Украіны з удзелам Беларусі гучала амаль з пачатку прамовы і была першым пытаннем з залы.

«Хочаш міру – рыхтуйся да вайны, але вайны мы не хочам», – такую пазіцыю заявіў Лукашэнка.

Да агрэсіі, кажа ён, штурхаюць і Украіну, але «мы вернем нашую Украіну ў лона славянства». Апраўдваўся, што сам ён не ініцыятар вайны, і казаў, што не прымае вайны «як чалавек, які выйшаў адтуль» (казаў пра 1941 год, нарадзіўшыся ў 1954-м).

Вайскоўцы 103-й віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады глядзяць, як Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года.
Фота: Міністэрства абароны

Папярэдзіў, каб вайну не развязвала Літва, крытыкаваў Польшчу за амбіцыі на лідарства ва Усходняй Еўропе і за тое, што стварала ў Беларусі, Расеі і Казахстане «каардынацыйныя цэнтры» для апазіцыі. Хваліў Зянона Пазняка за крытыку апазіцыі.

«Будзе вайна ці не? – разважаў Лукашэнка. – Так, яна будзе, але толькі ў двух выпадках: калі супраць Беларусі будзе ўчыненая наўпроставая агрэсія. Калі супраць нашай вайны… нашай Беларусі будзе развязаная гарачая вайна. Мы ўсе як адзін, і нават тыя, хто не хоча, устануць на абарону нашай зямлі і нашай Айчыны».

Але іншая рэч – калі на Расейскую Федэрацыю нападуць, калі наўпроставая агрэсія будзе супраць яе, дадаў Лукашэнка. І калі нападуць на Беларусь, тады на тэрыторыі Беларусі будуць «сотні тысячаў» расейскіх войскаў.

Пра тры пытанні да беларусаў

Лукашэнка сказаў, што хоча паставіць перад беларусамі тры пытанні, але два з іх аказаліся аднолькавымі: ці гатовыя плаціць за ўласную абарону, за ўласную дзяржаву ды ці гатовыя плаціць за суверэнітэт і незалежнасць.

«Нам навязваюць непраўдзівы пацыфізм, спрабуючы выкараніць нашую псіхалогію пераможцаў», – тлумачыў Лукашэнка гэтыя пытанні.

Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з відэа: president.gov.by

Трэба аўтаматы, пісталеты, кулямёты, гранатамёты, ракеты, паўтара – два мільёны беларусаў павінны ўмець імі карыстацца, а 300 тысячаў чалавек мусяць быць у тэрытарыяльнай абароне. Пазачарговыя маштабныя вучэнні з Расеяй – гэта каб паказаць, куды паставіць беларускія войскі, каб «прыкрываць паўднёвы фланг».

Трэцяе пытанне да беларусаў – ці гатовыя быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе. Згадаў свой мэм 2016 года: «час распранацца і працаваць».

Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з відэа: president.gov.by

«Санкцыі – гэта інквізіцыя», парушэнне міжнароднага права. Лукашэнка адзначыў, што так пастанавіў беларускі Канстытуцыйны Суд. Санкцыі шкодзяць не дзяржаве, а людзям, і Захад настроіў беларусаў супраць сябе – так паказала сацыялагічнае даследаванне: за санкцыі – толькі «славутыя 3 %». Санкцыі – гэта вайна, рэакцыяй можа быць толькі мабілізацыя.

Пра «рэферэндум» і выбары

Змены ў Канстытуцыю трэба, «каб не спазніцца», бо «што сёння здаецца дзіўным, заўтра акажацца запозненым», патлумачыў Лукашэнка. Ён заклікаў не перабольшваць значнасці «рэферэндуму» і пытанняў на ім, а то «дэманізуем гэты працэс». Але вынікі «рэферэндуму» пакажуць, «ці сапраўды Саша – 3 %».

Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з відэа: president.gov.by

Лукашэнка анансаваў: «У нас шмат спецыялістаў, якія платформу «Голас» могуць паваліць за гадзіну». Пры тым ён думае, што платформу «Голас» ужо закрылі, напраўду ж яна па-ранейшаму функцыянуе.

На пытанне пра абмежаванні на два прэзідэнцкія тэрміны ў праекце Канстытуцыі Лукашэнка пакрыўдзіўся. Назваў сябе прыхільнікам двух тэрмінаў (цяпер трымае ўладу шосты тэрмін) і прызнаў, што мог некаторым надакучыць, а то «прас увамкнуў – там Лукашэнка, імбрык – Лукашэнка». У прамове пра тыя выбары ён прызнаў, што беларусаў дапытваюць за подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах-2020.

«Калі яны нам навяжуць вайнушку – якія выбары, куды я падзенуся? – сярод іншага адзначыў Лукашэнка. – Я вазьму кулямёт і пайду наперад, калі будзе трэба, хоць гэта няправільна». Але калі ўсё будзе ціха і спакойна, то выбары – «у любы момант».

Пра сваю ўладу і пра апазіцыю

У 2020-м «на разбурэнне Беларусі кінулі боль за 6 мільярдаў долараў», па ўсёй краіне стваралі «сонныя ячэйкі» з няўрадавых арганізацыяў, медыяў, блогераў, праваабаронцаў і эколагаў, заданнем якіх было «знішчыць дзяржаву», распавёў Лукашэнка. Апазіцыя хацела перайсці на стандарты NATO, адмовіцца ад расейскай мовы і «прысягнуць экстрэмісцкім сімвалам», учыніць царкоўны раскол. Было б кепска, калі беларусы, як некаторыя суседзі, «аддаліся ліхаманцы змяняльнасці ўлады».

Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з відэа: president.gov.by

«Дзяржаўная ўлада – гэта не шакалад «Прэзідэнт», напэўна, ужо пакаштавалі, каб усім падабацца! – заявіў Лукашэнка. – Яны як правіла заўсёды галасуюць супраць. Я гэты шакалад вынайшаў, каб вам крыху было саладзей, разумеючы маю жорсткую палітыку і адчуваючы».

Лукашэнка заявіў, што ў 2020 годзе «нікога не гнабіў, нікога не саджаў дзеля таго, каб ён не быў прэзідэнтам», а Віктар Бабарыка ды іншыя вязні – «гэта былі жулікі», якія дасюль раяцца, ці вярнуць грошы. І з аўтаматам бегаў, каб паказаць, што не трэба бараніць яго, а «сам бараніў сваё, што ствараў сваймі рукамі».

«Я не забранзавеў», – падкрэсліў Лукашэнка. Ён зноў разважаў пра тое, што калі папросяць, працягне кіраваць дзяржавай, а калі не спадабаецца, «прымеце рашэнне – гэты прэзідэнт пойдзе на спакой».

Дапусціў, што можа быць двоеўладдзе. Сказаў, што «калі дапусцім нестабільнасць, і прэзідэнт, і парламент, і УНС нікому не патрэбныя будуць, народ выкрасліць іх з памяці, як гэта адбылося ў вядомай нядаўна дзяржаве, мо часам незаслужана».

Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з відэа: president.gov.by

Прызнаўся: «Я ж дыктатар, мне цяжка разумець дэмакратыю». Ён мяркуе, што адзін з элементаў дэмакратыі – «дысцыпліна: глядзім у адзін бок, рухаемся ў адзін бок». Бачанне такое: «Хто не працуе, той не есць і гэтак далей – вось гэта і ёсць дэмакратыя».

«Хай мне даруюць тыя, хто хацеў бы быць прэзідэнтам замест мяне тады, не крыўдуйце на мяне, – казаў ён. – Але ўсё роўна: гэта не тваё. А я бараніў сваё».

Пра бачанне свету вакол

Лукашэнка ўпэўнена апісваў альтэрнатыўную рэальнасць – якім ён бачыць свет.

У ягонай рэальнасці:

  • «Ежы не хапае ў свеце, бо людзей стала зашмат. Па Еўропе ходзяць маршы пад свастыкамі. Адбываецца байкот Алімпіяды, як у халодную вайну. Хтосьці ў Еўропе падхапіў ягоную ініцыятыву Хельсінкскіх дамоваў – 2, а нават аўтарства не назваў. Пагадзіўся прадаць ці аддаць бясплатна гэтую ініцыятыву. Нейкія мярзотнікі ў Польшчы ўчынілі «паляванне на людзей», «сотні тысячаў» бегалі па лясах, а іх «расстрэльвалі і закапвалі».
  • «Каронапсіхоз разарваў Еўропу», але сёння каронавірус стаўся «кіраванаю з’явай», а бенефіцыяры – мільярдэры. Найбольшы прыбытак атрымалі фармакалогія і IT-індустрыя: «падмянілі рэальнасць метасусветам і пічкаюць лекамі».

Беларусь заўжды будзе з Расеяй, запэўніў Лукашэнка. У Расеі раней часам не разумелі, «зайздрасць, яшчэ нешта, крытыкавалі, бамбілі, шапку Манамаха схопяць». Цяпер гэта ў мінулым.

Пра ўсё астатняе

Параіў апазіцыі вяртацца ў Беларусь, «каяцца і станавіцца на калені», заплаціць штрафы, адбыць пакаранне. Паабяцаў грамадскую камісію, сустаршынямі якой будуць генеральны пракурор і прапагандыст Грыгорый Азаронак.

Грыгорый Азаронак (у цэнтры). Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з відэа: president.gov.by

Прыгразіў «айцішнікам ды іпэшнікам», бо яны былі «ў авангардзе барацьбы ў жніўні 2020 года». Дапусціў, што з імі можна будзе дамовіцца, калі падвысіць ім падаткі. Распавёў, што ў Парку высокіх тэхналогіяў праз амерыканскія спецслужбы давалі каманды пратэстоўцам «зрынаць і руйнаваць».

Анансаваў закон, які апіша, што такое грамадзянская супольнасць, каб ёй не былі «гэтыя нацменаўскія ячэйкі», «каб не гняздзіліся замежныя агенты».

Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з відэа: president.gov.by

Загадаў накіраваць павалены ўраганамі лес на мэблевыя фабрыкі ці пусціць на пелеты, а то «валюта гіне ў лясах», «страшна глядзець з верталёта».

Паабяцаў адзін выходны дзень на год для амбулаторнага абследавання і запатрабаваў «неймаверна ціснуць на людзей, каб пайшлі абследаваліся».

Сказаў, што «рыхтуе свядомасць» пад будаўніцтва другой атамнай станцыі, «але казаць, што заўтра пачнем будаваць, рана».

Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з відэа: president.gov.by

Зноў заявіў, што ў 1991 годзе ездзіў у Літву бараніць парламент, быў разам з Зянонам Пазняком, бачыў, як Вітаўтас Ландсбергіс «як бомж валяўся ў парламенце». 12 гадоў таму ён ужо распавядаў пра гэта, а Станіслаў Шушкевіч тады гэта зняпраўджваў: Лукашэнкі там не было.

Ад каронавіруса прапанаваў чарговы рэцэпт: «корпайцеся ў зямлі – і не будзе ковіду». Пандэмія ў нас у галовах, таму «трымайце мозгі ў кулаку».

Сказаў спыніць празмернае будаўніцтва ў Менску, «а то задыхнёмся». Паабяцаў у пазачарговым парадку разглядзець закон супраць жорсткага абыходжання з жывёлаю. Разважаў, што было б някепска прызначыць Дзень бацькі на Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Прызнаўся, што ні разу ў жыцці не еў «бургераў-гамбургераў».

АА belsat.eu

Стужка навінаў