Палітвязня судзяць за парушэнне рэжыму ў турме


Палітвязня Мікіту Емяльянава пачалі судзіць за парушэнні рэжыму ў турме. Супраць актывіста анархісцкага руху распачалі крымінальную справу паводле ч.2 арт.411 КК РБ – «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Маладзёну пагражае новы тэрмін – да двух гадоў зняволення, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Мікіта Емельянаў перад прысудам Фота – belsat.eu

21-гадовага Мікіту Емяльянава, актывіста анархісцкага руху, асудзілі 12 лютага 2020 года на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 27 сакавіка Менгарсуд па апеляцыйнай скарзе зменшыў тэрмін палітвязню да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У калоніі адміністрацыя распачала супраць актывіста крымінальную справу паводле ч.2 арт.411 КК РБ – «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Падставай для гэтага стала тое, што Мікіта нібыта не рабіў даклад па ўстаноўленаму ўзору, адмаўляўся галіцца і стрыгчы валасы, не ўставаў у строй падчас колькаснай праверкі ў камеры. Вядома, што такім чынам хлопец выказваў свой знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі турмы, якая адмаўляецца ўручаць яму лісты па надуманых прычынах.

На судзе Мікіта Емельянаў адмовіўся ўставаць пры адказе на пытанні суда.

«Гэта не суд, а судзілішча, бо ў нашай краіне справядлівага і незалежнага суду не існуе», – сказаў актывіст.

Суддзя Аксана Ратнікава два разы папярэдзіла Мікіту, што за непавагу да суду палітвязня могуць выдаліць з пасяджэння. У выніку так і адбылося.

Маладзёну пагражае новы тэрмін – да двух гадоў зняволення.

Артыкулы
На палітвязня Мікіту Емяльянава завялі крымінальную справу за непадпарадкаванне адміністрацыі турмы
2021.12.19 11:49

КЛ belsat.eu

Стужка навінаў