У Берасці можна набыць гістарычныя будынкі за адну базавую велічыню


26 снежня на Беларускай універсальнай таварнай біржы пройдуць гандляванні, на якіх прададуць два гістарычна-культурныя аб’екты. Стартавая цана кожнага з іх – адна базавая велічыня, або 37 рублёў, заўважыла выданне Onliner.by.

Адзін з будынкаў комплексу «Казармы», выстаўленая на гандляванні ў Берасці.
Фота: Беларуская ўніверсальная таварная біржа / butb.by

Першы аб’ект ўяўляе сабою двухпавярховы будынак, узведзены да 1917 года, плошча якога складае 3333 кв. м. Ён уваходзіць у склад комплекснай гістарычна-культурнай каштоўнасці «Казармы» і размешчаны на вуліцы Берасцейскіх Дывізіяў 15а.

Другі будынак – абарончая казарма «Ж-З», якая ўваходзіць у склад комплекснай гістарычна-культурнай каштоўнасці «Сістэма фортаў у складзе фартыфікацыйных пабудоваў Берасцейскай крэпасці». Яна ўяўляе сабою жалезабетонны аднапавярховы будынак, узведзены яшчэ да 1917 года, плошча якога – 353,8 кв. м. У пабудове маюцца два контрфорсы і два ДАПы (доўгачасовыя агнявыя пункты). Месціцца яна ў Берасці на вуліцы Ліпеньскай 10а.

Гістарычна-культурны аб’ект, які выстаўлены на гандляванні.
Фота: Беларуская ўніверсальная таварная біржа / butb.by

Пакупнікам аб’ектаў, згодна з правіламі, трэба будзе выкарыстоўваць іх для камерцыйнай або некамерцыйнай дзейнасці не меней за тры гады, адлік якіх будзе пачынацца не пазней як праз два гады з моманту падпісання акту прыёму-перадачы (у выпадку неабходнасці рамонту – не пазней як праз пяць гадоў). Таксама пакупнікі будуць абавязаныя аформіць ахоўнае абавязальніцтва, пры гэтым яны маюць права змяніць мэтавае прызначэнне аб’ектаў згодна з дзейных заканадаўствам.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў