Герасіменя, Ляўчук, палітвязні і ваяры: Рада БНР раздала медалі


У чарговую гадавіну Слуцкага збройнага чыну Рада БНР абвясціла пра новыя ўзнагароджанні.

Узнагарода Рады БНР. Крыніца: radabnr.org

Медалём Ордэну Пагоні за заслугі ў барацьбе за волю і незалежнасць Беларусі ўзнагароджаныя Аляксандра Герасіменя, Маргарыта Ляўчук, а таксама чатыры асобы, чые імёны не публікуюцца з увагі на бяспеку, у тым ліку палітычныя вязні.

Як выбітныя грамадскія і культурніцкія дзеячы ўзнагароджаныя пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, абаронца беларускай мовы і аўтарка кнігі пра яе дыскрымінацыю Аліна Нагорная, баец з пазыўным Оксон.

Пасмяротна ўзнагароджаны баец атраду «Атам», які гераічна загінуў на вайне супраць расейскіх агрэсараў.

Медаль Ордэну Пагоні ўручаецца беларускім грамадзянам і замежнікам, якія маюць асаблівыя заслугі перад беларускім народам: асобам, якія адзначыліся на ніве змагання за волю і незалежнасць Беларусі, выбітным грамадскім і культурніцкім дзеячам у Беларусі і сярод беларускага замежжа, замежнікам, якія спрычыніліся да даследавання і папулярызацыі Беларусі ў свеце, а таксама іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Hавiны
Івонка Сурвіла віншуе беларусаў з Днём герояў і 103-й гадавінай Слуцкага збройнага чыну
2023.11.25 16:47

Медалём БНР за баявыя заслугі ўзнагароджаныя шасцёра байцоў медычнай службы палка імя Кастуся Каліноўскага (трое – асноўнымі медалямі і трое – афіцэрскімі), а таксама афіцэрскім медалём адзначаны адзін баец спецпадраздзялення Збройных сілаў Украіны, беларус, выхаванец «Белага легіёну».

Медаль за баявыя заслугі надаецца за асабістую адвагу, праяўленую ў абставінах, звязаных з рызыкай для жыцця і з абаронай свабоды, суверэнітэту і дэмакратычнага канстытуцыйнага ладу Беларусі на грунце ідэалаў 25 сакавіка, у прыватнасці, пры выкананні вайсковага і службовага абавязку, у баях і пры выкананні спецыяльных заданняў у нацыянальных інтарэсах Беларусі.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў