Былога відэааператара Андрэя Толчына вінавацяць у экстрэмізме


Крымінальную справу супраць былога відэааператара-фрылансера Андрэя Толчына следчыя перадалі ў пракуратуру для вывучэння і накіравання ў суд. Гомельскага журналіста вінавацяць не ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы, як меркавалася раней, а ў экстрэмізме паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу РБ («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»), піша прэс-служба БАЖ.

Журналіст Андрэй Толчын.
Фота: Гомельская вясна / Telegram

Якія канкрэтна парушэнні ставяцца ў віну Андрэю Толчыну, дагэтуль невядома, бо абвінавачанне трымаецца ў таямніцы. У лістах на волю з прычыны турэмнай цэнзуры напісаць пра гэта адкрыта вязень не можа.

У Толчына з’явілася адвакатка, але яна таксама абмежаваная падпіскай пра нераскрыццё таямніцы следства.

Сябры і сваякі ўжо перадалі відэааператару ў следчы ізалятар харчовыя перадачы, сродкі гігіены і цёплыя рэчы.

64-гадовы журналіст пакутуе на гіпертанію, мае праблемы з нагамі.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала відэааператара Андрэя Толчына палітычным вязнем.

Толчына сілавікі затрымалі сёлета 23 верасня. На наступны дзень пасля затрымання ў кватэры, дзе ён жыў з жонкай, правялі ператрус. Следчыя забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты.

Hавiны
Затрыманы журналіст-фрылансер Андрэй Толчын
2023.09.27 16:50

Пасля выбараў 2010 года Толчын у якасці відэааператара-фрылансера супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі. За журналісцкую працу Андрэя Толчына шмат разоў штрафавалі і нават адпраўлялі на содні за краты на падставе адміністратыўных пратаколаў, якія складала міліцыя, бо, маўляў, у відэааператара-фрылансера не было акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных справаў.

У 2020 годзе Толчына затрымлівалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асвятленне пратэстаў, афіцыйна – нібыта за ўдзел у масавых беспарадках. Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА № 3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязняў Міколы Статкевіча і Ігара Лосіка, якіх разам з іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканні ізалятару. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, палітвязняў абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні варожасці і перашкодзе дзейнасці ЦВК. Тады Андрэй Толчын запісваў і каментар аднаго з дыпламатаў Еўразвязу, якія прыехалі ў Гомель на суд. Усе відэазапісы ў фрылансера забрала міліцыя.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў