Мастацтва выкладкі тавару на паліцах, ці што лічыць дэфіцытам. Што адбываецца ў беларускіх крамах?


Чыноўнікі запэўніваюць, што дэфіцыту тавараў у Беларусі няма, але за скарачэнне асартыменту ў крамах абяцаюць жорстка караць. Беларусы тым часам заклапочана паведамляюць пра знікненне з продажу шмат з таго, да чаго яны ўжо прызвычаіліся. Паліцы крамаў, можа, і не пустыя, але на ўсю іх шырыню  выстаўлены адзін ці два віды тавару, распавядаюць  чытачы «Белсату».

Крама ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава ўпэўнена заявіла, што праблемаў з асартыментам тавараў у крамах сёння няма. Людзі, паводле яе, самі бачаць і разумеюць, як добра жывуць беларусы. Чыноўніца таксама пераконвае, што інфармацыя пра пэўны дэфіцыт «часта абсалютна ілжывая і не пацверджаная ніякімі фактамі». Аднак падаецца, што чыноўнікі ведаюць пра існаванне праблемы. Пра гэта сведчыць пагроза з боку Камітэту дзяржаўнага кантролю «самымі жорсткімі» рэпрэсіямі рэагаваць на знікненне з продажу нейкіх тавараў.

«Асноўная мэта органаў мясцовай улады – забеспячэнне, напаўненне паліцаў. Не дай бог, у нейкай краме нешта прападзе. Паверце, я звяртаюся да сетак: што датычыць камітэту, мы будзем прымаць самыя жорсткія меры. Мы, вядома, сабралі ўсе звесткі, хто скараціў пастаўкі, і з імі разбярэмся», – заявіў 24 лістапада старшыня КДК Васіль Герасімаў.

Сапраўды, на паліцах беларускіх крамаў пустых месцаў асабліва няма. Але часта гэта толькі ілюзія, бо адзін і той жа тавар прадаўцы ставяць на ўсю паліцу, каб выглядала, што яна запоўненая.

Асартымент у беларускіх крамах скарачаецца.
Фота: чытачы Белсату

Напрыклад, у шматлікіх крамах сеткі «Остров чистоты и вкуса» выбар касметычных тавараў для жанчын не вельмі разнастайны. Гэтак, фарбы для валасоў, лакі, шампуні замежнай вытворчасці практычна зніклі, або іх засталіся адзінкі.

Асартымент у беларускіх крамах скарачаецца.
Фота: чытачы Белсату

Падобная сітуацыя і з таварамі бытавой хіміі. Пральныя парашкі, сродкі на мыццё посуду – пакуль гэтая тавары ў наяўнасці, але разнастайнага выбару няма. Калі раней на паліцах было шмат брэндаў, то цяпер літаральна два-тры вытворцы. Прычым гэтыя тавары, якія цяпер прадаюць у Беларусі, зробленыя ў Расеі. Раней жа акрамя вырабаў расейскай вытворчасці можна было набыць тавары бытавой хіміі еўрапейскіх брэндаў з Украіны, Казахстану, Польшчы. Цяпер такой альтэрнатывы няма. Увогуле ўкраінскія і польскія тавары практычна зніклі з продажу і становяцца дэфіцытам. І ў існай сітуацыі чыноўнікі не ў стане паспрыяць вяртанню на паліцы беларускіх крамаў замежных тавараў толькі праз пагрозы «самымі жорсткімі» рэпрэсіямі.

Асартымент у беларускіх крамах скарачаецца.
Фота: чытачы Белсату

Падобная сітуацыя і з парфумай. Выбар тавараў даволі абмежаваны, а паліцы шмат дзе напалову пустыя. Таксама для жанчын цяпер абмежаваны выбар гігіенічных сродкаў. І хоць на паліцах ёсць пракладкі і тампоны, ранейшага выбару асабліва няма.

Асартымент у беларускіх крамах скарачаецца.
Фота: чытачы Белсату

З іншага боку, кошты на некаторыя тавары бытавой хіміі зменшыліся, таннейшыя сталі і гігіенічныя сродкі. Але ў выніку ў грамадзянаў не засталося выбару. Можна набыць таннейшыя тавары, але толькі тыя, што засталіся на паліцах, а зусім не тое, да чаго прызвычаіліся.

Hавiны
«Замяніць не атрымліваецца». Чыноўнікі прызналі, што ніяк не могуць вырашыць праблему тэтрапаку
2022.11.20 19:06

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў