Беларускія спартоўцы Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш выходзяць на першыя ролі ў гандбольнай Лізе чэмпіёнаў


Клуб беларусаў Каралька і Куляша, польская «Ломжэ Вівэ» з Кельцаў, двойчы за тыдзень перагуляў найлепшы клуб свету, «Барсэлону», і выбіўся ў лідары самага прэстыжнага гандбольнага турніру Еўропы.

«Кельцэ» пачаў сезон з паразы ў Румыніі, а потым атрымаў сем перамог запар. Асабліва крутыя атрымаліся дзве апошнія – над дзейным пераможцам Лігі чэмпіёнаў – «Барсэлонай». Польскі клуб лідараваў спачатку ў гасцях – 32:30, а потым і на сваёй пляцоўцы – 29:27. У кожным матчы браму «Барсы» бралі і беларусы, якія пачынаюць выходзіць у «Кельцах» на першыя ролі.

Лінейны Арцём Каралёк за клуб з Кельцаў выступае чацвёрты сезон. Яшчэ ў жніўні 2020 года Арцём выступіў супраць гвалту сілавікоў і называў тое, што адбываецца ў Беларусі, ненармальным і супрацьзаконным. У сваіх сацыяльных сетках выкладваў здымкі з бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй, падтрымаў Алену Леўчанку і выставіў сваю гульнёвую футболку на аўкцыён, грошы ж перадаў для Беларускага фонду спартовай салідарнасці.

Такі здымак Каралёк выклаў у сваім Instagram у жніўні 2020. Крыніца: Arciom Karalek / Instagram

Тых жа пазіцыяў прытрымліваецца іншы беларус «Кельцаў» – Уладзіслаў Кулеш, ён таксама ў Польшчы чацвёрты сезон і таксама выступіў супраць гвалту. Пачатак гэтага сезону ва Уладзіслава не атрымаўся, але паступова ён набірае форму і робіцца адным з асноўных гульцоў польскага клубу. У гэтым сезоне ў Лізе чэмпіёнаў Каралёк закінуў 23 галы, а Кулеш – 7. У чэмпіянаце Польшчы «Кельцэ» перамог ва ўсіх дзесяці гульнях і ўзначальвае турнірную табліцу.

На іншым полюсе Лігі чэмпіёнаў – дзейны чэмпіён Беларусі, «Мяшкоў» (Берасце). Ён праводзіць свой найгоршы ў гэтым турніры сезон, набраў у васьмі гульнях толькі адзін пункт.

Артыкулы
Трэнер Канстанцін Якаўлеў пра пераезд ва Украіну і планы стварыць новы гандбольны клуб
2021.11.03 16:57

AC belsat.eu

Стужка навінаў