Якія праблемы маюць беларусы ў выгнанні і як іх вырашыць? Справаздача спецдакладчыцы ААН Анаіс Марэн


Спецыяльная дакладчыца ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн прадставіла даклад па становішчы беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз палітычны пераслед. Экспертка распавяла, з якімі цяжкасцямі беларусы сутыкаюцца пасля выезду з Беларусі, і што могуць зрабіць урады розных краінаў, каб дапамагчы.

Нават пасля пераезду беларусы працягваюць жыць у страху

Штогадовы даклад Генеральнай асамблеі ААН аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, які сёлета быў прысвечаны становішчу беларусаў у выгнанні, спецдакладчыца ААН Анаіс Марэн прадставіла 26 кастрычніка. 27 кастрычніка «Прэс-клуб Беларусь» зладзіў анлайн-канферэнцыю са спадарыняй Марэн.

Спецдакладчыца ААН Анаіс Марэн.
Фота: Белсат

На пачатку выступу Анаіс Марэн распавяла, што ААН вядзе пастаянны маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама адсочвае лёсы грамадзянаў Беларусі, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну праз абмежаванне грамадзянскіх і палітычных правоў у краіне, сістэматычныя арышты і затрыманні.

Паводле спадарыні Марэн, цягам апошніх гадоў тэрыторыю Беларусі пакінулі сотні тысячаў беларусаў, аднак дакладная лічба невядомая, бо ў розных краінах розныя механізмы падліку. Перспектывы ж вяртання дамоў, паводле эксперткі ААН, для большасці з’ехаўшых «становяцца ўсё больш змрочнымі».

Нават пасля пераезду шмат беларусаў працягваюць жыць у страху, зазначыла спадарыня Марэн, таму што чальцы іхных сем’яў, якія засталіся ў Беларусі, знаходзяцца ў небяспецы запужвання, допытаў, арыштаў. Неаднаразова паведамлялася пра знішчэнне маёмасці эмігрантаў сілавікамі падчас ператрусаў у дамах у адсутнасць гаспадароў.

Беларускі ўрад праводзіць палітыку неўзаемадзеяння і непрызнання

Даклад базуецца на дадзеных маніторынгу, зваротах людзей у ААН, а таксама асабістых інтэрв’ю з уцекачамі з Беларусі. Іхныя імёны не раскрываюцца з меркаванняў бяспекі.

Спадарыня Марэн адзначыла, што ўжо цягам чатырох гадоў ёй не дазваляюць уехаць у Беларусь, таму яна не можа на свае вочы паглядзець, што адбываецца. Акрамя таго, у апошнія два гады ўрад Беларусі праводзіць у дачыненні ААН палітыку неўзаемадзеяння і непрызнання. Спецдакладчыца ААН спрабавала выйсці на кантакт праз фармальныя і нефармальныя каналы, але ёй ніхто не адказаў.

Мужчына ідзе ўздоўж Палацу Рэспублікі, упрыгожанага да Дню народнага адзінства. Менск, Беларусь. 15 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

«Застаюцца толькі два каналы: першы – Рада па правах чалавека можа нешта рэкамендаваць іншай краіне – сябру ААН. Менавіта такім чынам я даю свае рэкамендацыі Беларусі, – зазначыла экспертка. – Другі канал, які мы выкарыстоўваем – адмысловая працэдура лістоў, што я дасылаю ўраду Беларусі па канкрэтных кейсах, пра якія я атрымліваю інфармацыю ад ахвяраў парушэння правоў чалавека ці праз іхных юрыстаў ці праваабаронцаў. Цягам апошняга года ўрад перастаў адказваць на гэтыя лісты. Нельга сказаць, каб яны мелі нейкі значны эфект у мінулым, але раней іх хоць чыталі, знаёміліся з міжнароднымі канвенцыямі і давалі хоць нейкі адказ. Цяпер беларускі ўрад увогуле ігнаруе нашыя лісты».

Анаіс Марэн настойвае, што ўлады Беларусі павінны неадкладна і безумоўна вызваліць усіх незаконна затрыманых і распачаць канструктыўны дыялог па правах чалавека. Спецдакладчык ААН заклікае ўрад Беларусі адкрыць каналы для палітычнага і грамадскага ўдзелу. Міжнародная супольнасць у сваю чаргу павінна прыкласці ўсе высілкі, каб супрацьдзейнічаць атмасферы беспакаранасці, створанай беларускімі ўладамі, і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у грубых парушэннях правоў чалавека, кажа спадарыня Марын.

«Пры адсутнасці варыянтаў бяспечнага вяртання беларусаў у выгнанні заклікаю ўсе дзяржавы гарантаваць і абараняць асноўныя правы беларусаў, якія знаходзяцца пад іхнай юрысдыкцыяй», – зазначыла спецдакладчыца ААН.

Краінам, у якіх апынуліся беларусы, трэба быць гнуткімі

Паводле падлікаў ААН, каля 35 тысяч беларусаў былі затрыманыя паводле палітычных прычынаў цягам апошніх двух гадоў. Пераважна яны атрымалі адміністратыўныя пакаранні – штрафы, арышт. Цяпер жа сітуацыя змянілася ў бок крыміналізацыі абвінавачванняў – людзей судзяць за экстрэмізм, тэрарызм. Спадарыню Марэн непакояць змяненні ў беларускім заканадаўстве, якія датычаць завочных судоў і магчымага пазбаўлення асуджаных за экстрэмізм грамадзянства. Тады яны стануць неграмадзянамі, і краінам, у якіх знаходзяцца гэтыя беларусы, прыйдзецца знаходзіць шляхі вырашэння праблемы.

Паводле спецдакладчыцы ААН, беларусам, якія цяпер знаходзяцца за мяжой, патрэбная медычная, псіхалагічная, юрыдычная дапамога, і яна не заўсёды аказваецца хутка, таму што шмат якія краіны абцяжараныя плынямі ўцекачоў з Украіны. Таму беларусы трапляюць у лісты чакання, і чакаць патрэбнай дапамогі часам даводзіцца даволі доўга.

Выстава «Хачу дадому» у музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча.
Фота: Белсат

ААН хвалюе пытанне легалізацыі беларусаў – выдачы візаў, ВНЖ, дазволаў на працу, сацыяльную абарону рэлакантаў і іхных сем’яў. Таксама спадарыня Анаіс Марэн узгадала пра замарожванне рахункаў беларусаў ва Украіне пасля пачатку вайны, пра разарваныя дамовы са студэнтамі ў некаторых краінах.

«Я магу рэкамендаваць урадам краінаў, у якіх цяпер знаходзяцца беларусы, пачытаць мой даклад, і праявіць гнуткасць, бо часта беларусы ўцякаюць хутка, без неабходных дакументаў, яны не могуць пайсці ў сваё консульства і там іх атрымаць», – зазначае спадарыня Марын, і звяртае ўвагу, што беларусы, якія з’язджаюць, не заўсёды маюць дакументы, якія пацвярджаюць пераслед, бо яны выехалі, не чакаючы, пакуль іх затрымаюць. А за мяжой для атрымання дапамогі ці статуса ўцекача патрабуюць дакументы, якія б пацвярджалі пераслед.

Асобна спецдакладчыца ААН сказала пра праблему абмену пашпартоў беларусамі за мяжой, і што часта беларускія консульствы адмаўляюцца выдаваць новы пашпарт чалавеку ў іншай краіне, адпраўляючы яго ў Беларусь. А гэты можа быць небяспечна і пагражаць арыштам.

ААН абмежаваная ў тым, каб уплываць на асобныя ўрады

Што датычыць практычнай дапамогі, спецдакладчыца ААН рэкамендуе ствараць бізнес-хабы, медыя-хабы, прапаноўваць стыпендыі журналістам, студэнтам, мастакам, ствараць праекты, накіраваныя на падтрымку беларускай культуры, мовы.

«Беларусам варта аднавіць і падтрымліваць адносіны адзін з адным у трэціх краінах, таму што цалкам магчыма, што ў бліжэйшы час яны не змогуць вярнуцца ў Беларусь», – лічыць экспертка ААН.

Анаіс Марэн зазначыла, што ААН цяпер цяжка ў поўнай меры паўплываць на асобныя ўрады, у тым ліку, на беларускі.

«У ААН ёсць абмежаванні, гэта міжурадавая арганізацыя і яна – адлюстраванне таго, якой яе бачаць іншыя краіны-сябры, – сказала спецдакладчыца. – Аднак ёсць надзея, што прагрэс будзе дасягнуты. У сакавіку 2021 года з’явіўся адмысловы мандат аб дадатковай працы з Беларуссю. Вярхоўны камісар ААН атрымаў ад Рады па правах чалавека рэкамендацыю запусціць гэты новы мандат».

Задача новага мандата, паводле Анаіс Марэн – спрыяць атрыманню больш дакладнай інфармацыі пра правы чалавека ў Беларусі, а таксама даць магчымасць ідэнтыфікаваць вінаватых у парушэннях і дамагчыся кампенсацыяў для ахвяраў. Самыя сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека – выкраданні людзей, катаванні, несправядлівыя суды – будуць расследаваныя, выказала спадзяванне экспертка ААН.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў