«Гэта выкліча рэпрэсіі». Бізнесовец Аляксандр Кныровіч прадказаў наступствы для іпэшнікаў з-за адмовы працаваць


Беларускія прадпрымальнікі масава закрылі свае павільёны на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. Прычына – рэгуляванне цэнаў дзяржавай. Бізнесовец Аляксандр Кныровіч распавёў «Белсату», што пратэст «іпэшнікаў» не прымусіць чыноўнікаў перагледзець пытанне, а толькі выкліча рэпрэсіі.

Пусты рынак у Баранавічах. 27 кастрычніка 2022 года.
Фота: nashkraj.by

Індывідуальныя прадпрымальнікі сёння масава не адкрылі свае павільёны на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. Паведамленні пра гэта прыходзяць з Менску, Магілёва, Ліды, Баранавічаў, Гомлю і Віцебску.

«Іпэшнікі» скардзяцца на немагчымасць працы праз пастанову ўраду аб цэнаўтварэнні і адсутнасць тлумачэнняў ад чыноўнікаў.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч у каментары «Белсату» адзначыў, што закрыццё гандлёвых кропак вонкава выглядае, як спланаваны страйк, але насамрэч гэта проста натуральная рэакцыя на нярынкавыя захады ўлады.

«Гэта натуральна немагчымасць працы. Я не думаю, што гэта спланаваная акцыя, хаця і выглядае, як непадпарадкаванне. Не думаю, што гэта паўплывае на чыноўнікаў у рэжыме «дзень у дзень». Сёння мы жывем у краіне, што ваюе, дзе ўсім відавочна, што падтрымка Лукашэнкі – меней за 50% дакладна, і хутчэй гэта выкліча рэпрэсіі, чымся нейкія хады насустрач», – заявіў Кныровіч.

Ён патлумачыў, што цэнавае рэгуляванне – фактычна блакуючы механізм, які істотна ўплывае на магчымасць працаваць.

Даведка
Александр Кнырович, бизнесмен, предприниматель, Варшава, Польшча
Бізнесмен Аляксандр Кныровіч. Варшава, Польшча. 2 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Цэнавыя захады істотна замінаюць працы. Неабходнасць рэгістрацыі цэнаў у выканкамах, абгрунтаванне – гэта нейкі блакуючы механізм. Учора гандляры кветкамі напісалі вялікі ліст з гэтай нагоды пра тое, што новыя правілы не дазваляюць імпартаваць кветкі ў Беларусь, і ў хуткім часе, верагодна, будзе дэфіцыт кветак», – распавёў Кныровіч.

Ён мяркуе, што праз два-тры месяцы рэжым «адкруціць» назад і жорсткае рэгуляванне цэн «сыдзе на не» – гэтаксама, як было з захадамі супраць «дармаедаў».

«Занадта рэзка ўлада паспрабавала ўвесці нейкія савецкія механізмы. Мой прагноз – гэта будзе, як з «дармаедамі»: першапачаткова жорсткі крык, жорсткая дырэктыва, а потым усё падзаконнымі актамі сышло на не. Цяпер будзе гэтаксама», – сказаў суразмоўца «Белсату».

Ён адзначыў, што «іпэшнікам» даўно ў Беларусі абвешчаная вайна, хуткім часам іх стане істотна менш, але цалкам яны не знікнуць.

«Гэта класавая варожасць. «Іпэшнікі» – асобы не залежныя ад дзяржавы, ім нельга штосьці загадаць, як лекарам ці настаўнікам, таму ёсць нейкае ўнутранае адчуванне пагрозы, фізічнай жывёльнай пагрозы ў Лукашэнкі ў дачыненні да гэтых людзей», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

Бізнесовец падсумаваў, што найбольш на індывідуальных прадпрымальнікаў паўплывае не апошняя пастанова аб цэнах, а адмена спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.

Абноўлена
У асобных гарадах Беларусі індывідуальныя прадпрымальнікі масава не выйшлі на працу
2022.10.27 14:09

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў