Блогера Вадзіма Ермашука будуць у чацвёрты раз судзіць па адміністрацыйнай справе. Гэтым разам яго абвінавачваюць па арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
У сярэдзіне кастрычніка гарадзенскага блогера ўжо асудзілі па гэтым артыкуле на 20 содняў адміністрацыйнага арышту.
Блогера затрымалі 16 жніўня ў Шчучыне. 19 жніўня суддзя Дзмітрый Цівунчык у Шчучынскім раённым судзе пакараў яго 25-дзённым адміністратыўным арыштам паводле арт. 24.23 КаАП за заклікі прыехаць на спартовае масавае мерапрыемства на скейт-пляцоўку ў Шчучыне.
9 верасня адбыўся новы суд над блогерам, на якім яму прысудзілі 15 содняў за тое, што ён 13 жніўня нібыта пазваніў у службу «115» і нецэнзурна выказаўся пра ЖКГ і гарвыканкам.
Акрамя адміністрацыйных спраў Ермашук абвінавачаны паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і арт. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). Віны ён не прызнаў.
Зараз Ермашук знаходзіцца ў гарадзенскай турме, у камеры з ім яшчэ 15 чалавек. Пра гэта паведаміла сяброўка блогера.
АД, belsat.eu