Час быць лідарам. Пра інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай «Эху Москвы»

У інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай расейскаму радыё «Эхо Москвы» было важна не толькі тое, што яна скажа, але як яна скажа, якая будзе ступень выразнасці, цэласнасці яе думак і ўнутраная эвалюцыя палітычнага лідарства. Менавіта з апошняга выцякае змест і характар словаў і пасылаў, улічваючы, што Аляксей Венедыктаў зʼяўляецца каналам сувязі з Крамлём. У гэтым выпадку тым больш неабходная цвёрдасць і прынцыповасць уласнай пазіцыі, якая будзе патрабаваць стаўлення да сябе як да роўнага.

Hавiны
Галоўны рэдактар радыё «Эхо Москвы» Венядзіктаў запісаў інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай
2021.10.26 18:23

Лідарскі, палітычны рост Святланы Ціханоўскай проста неабходная ўмова для далейшага развіцця пратэстнага руху, ва ўмовах такога глыбокага крызісу лідарскі патэнцыял, духоўная сіла з’яўляецца адзінай кампенсацыяй за страты ў часе і ініцыятывах. Калі грамадства губляе надзею на хуткія перамены ў краіне, яно напэўна павінна быць упэўненае ў тым, што лідарства Святланы Ціханоўскай набірае сілу. Сёння быць толькі «вобразам пераменаў» ужо не дастаткова.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава ў студыі падчас запісу звароту да выбарнікаў. 6 жніўня 2020, Менск, Беларусь.

Прастата, неспрактыкаванасць у пытаннях палітыкі былі плюсам Святланы Ціханоўскай на першым этапе палітычнай барацьбы. Яна прываблівала і абварожвала, бо людзям патрэбная была выключна альтэрнатыва. У яе прастаце, слабасці і можа быць у чымсьці наіўнасці была яе сіла. Але цяпер, па сканчэнні 1,5 гадоў супрацьстаяння з рэжымам, павінна была адбыцца ўнутраная трансфармацыя ў змястоўнае палітычнае лідарства, з глыбокім разуменнем таго, што адбываецца, і ясным выразным бачаннем будучыні.

Я зыходжу з таго, што актыўны ўдзел у палітыцы – гэта магутны штуршок, які выводзіць фармаванне асобы на зусім іншы ўзровень. Гэта экспрэс-універсітэт, які дазваляе атрымаць цалкам унікальны вопыт і веды. Асабліва калі ўлічыць на якую вяршыню палітычнага жыцця Святлане Ціханоўскай атрымалася ўзысці. Адзінае, што неабходна – гэта жаданне чалавека і яго адкрытая свядомасць, унутраная ўстаноўка на неабходнасць самаразвіцця. А гэтая ўстаноўка з’яўляецца толькі тады, калі чалавек гатовы да таго, каб грунтоўна ўкараніць сябе ў палітычным жыцці. Калі такой патрэбы няма, то няма жадання пашыраць сваю свядомасць, успрымаць новыя думкі і ідэі, усведамляць сябе як гістарычную асобу, якая здольная канструяваць палітычную прастору і ствараць.

Інтэрвʼю Ціханоўскай Венедыктаву, як мне здаецца, прадэманстравала тое, што ў фундаментальных пытаннях «палітычнага і гістарычнага быцця» Святлана Ціханоўская ўсё яшчэ застаецца на ўзроўні 2020 года.

Ціханоўская
Менск, Беларусь. 7 ліпеня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Верагодна, што гэта звязана з яе жаданнем заставацца ў ролі часовага фармальнага палітычнага дзеяча, без унутраных амбіцыяў і прэтэнзіяў на нешта большае. Такая псіхалагічная ўстаноўка выяўляецца ў адсутнасці ўласнай пазіцыі, меркавання па важных для нашай краіны і народу пытаннях. Адказнасць за важныя палітычныя рашэнні і лёс народу перакладаецца на кагосьці іншага ў будучыні: «новы прэзідэнт расставіць усе кропкі над “i” і зробіць правільны выбар». Гэта словы простага абывацеля, а не чалавека, да якога былі прыкаваныя вочы тысяч людзей.

Калі гэта так, то сапраўды няма ніякага сэнсу перабудоўваць свой унутраны свет і свядомасць, можна проста заставацца староннім назіральнікам, гледачом, а не актыўным удзельнікам з цягай да новых ведаў.

Такі патэрналізм, вера ў новага «добрага» прэзідэнта, безумоўна адаб’ецца на пазіцыях і ўплыве Ціханоўскай. Бо будучыня краіны вырашаецца тут і цяпер, ніякага «потым» не будзе, як і не будзе «цудоўнага» зʼяўлення «новага прэзідэнта». Аднак разумення гэтых простых ісцін таксама не адбылося, ды і не магло адбыцца ва ўмовах унутранай самаізаляцыі ад палітычнага.

19 траўня 2021. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Адпаведна, калі няма выразнай яснай карціны свету, уласнай пазіцыі, меркавання, народжанага з асабістага пераасэнсавання інфармацыі, то выказванні па лёсавызначальных пытаннях – інтэграцыя, транзіт, уплыў Расеі – будуць павярхоўнымі і супярэчлівымі. Яны ператворацца ў механічнае паўтарэнне пачутага, як у студэнта, які вызубрыў некалькі абзацаў з падручніка перад іспытам.

Асабліва выразна слабасць асэнсаванага пункту гледжання выявілася ў словах аб інтэграцыі з Расеяй «І Саюзная дзяржава не прадугледжвае здачу суверэнітэту… Інтэграцыя ўжо настолькі глыбокая паміж нашымі дзвюма краінамі, і эканамічная ў прыватнасці, што нам з гэтым жыць… Для таго, каб урэгуляваць нейкія пытанні паміж дзвюма краінамі, можа быць саюзны парламент. Але гэта маё меркаванне. Магчыма, я няправільна думаю. Я думаю, што палітыкі могуць абвергнуць мае словы».

Акрамя нейкага бытавога ўяўлення пра тое, чым з’яўляецца «Саюз», тут таксама можна заўважыць свядомае дыстанцыяванне ад палітычнага. Даецца толькі знешняя ацэнка – без якой-небудзь спробы глыбокага аналізу сітуацыі і праблемы, рашэнне якіх ускладаецца на нейкіх іншых палітыкаў. Але ж пытанне «інтэграцыі» гэта не проста палітычнае пытанне – гэта «цывілізацыйнае пытанне», пытанне жыцця і смерці дзяржавы. Адказаць на яго можна толькі ў тым выпадку, калі суверэнітэт і незалежнасць сапраўды маюць каштоўнасць для чалавека, якога называюць лідарам. Лідар не можа сказаць: »я не ведаю«, »можа быць дрэнна, а можа быць добра«, таму што адна з задач лідара – фармаванне меркавання, пазіцый грамадзянаў, удзел у фармаванні нацыі.

Лідарства, як сукупнасць палітычных, духоўных, псіхалагічных якасцяў, вельмі неабходнае ў пераломных момантах. Таму што толькі лідарства вызначае характар пераменаў і іх накірунак.

Калі ў найбліжэйшай будучыні вакуум лідарства не будзе пераадолены, калі Святлана Ціханоўская будзе працягваць трымаць сябе «па-за палітычным» і толькі гуляць ролю лідара, а не быць ім, дэкансалідацыя палітычных актываў узмоцніцца, як і агульнае расчараванне ў «новых палітыках».

Павел Усаў/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў