Святару, які праводзіў службу па загінулым Раману Бандарэнку, у трэці раз запар прысудзілі содні


Праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава затрымалі 31 жніўня ў сябе дома, падчас затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКу выламалі дзверы ў кватэру. На наступны дзень яму прысудзілі 14 содняў адміністрацыйнага арышту. Ён мусіў выйсці 14 верасня, але на яго склалі новы пратакол і дадалі яшчэ 15 содняў.

Уладзіслаў Багамольнікаў.
Фота: minda.by

Сёння, 27 верасня, стала вядома, што на наступны дзень пасля другога суда адбыўся яшчэ адзін. Яму прысудзілі чарговыя 15 содняў арышту – трэці раз запар, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія». Агулам ён будзе зняволены 44 содні, калі яго не асудзяць па новай справе.

Уладзіслаў утрымліваецца на Акрэсціна ў складаных умовах, бо для «палітычных» не прымаюць перадачы, не хапае элементарных сродкаў гігіены. Таксама вядома, што ён перахварэў у зняволенне ковідам.

Супраць святара Багамольнікава можа быць распачатая крымінальная справа паводле арт. 361-1 КК РБ («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у яго дзейнасці»). Пра гэта паведамляў праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы, якія паведамлялі, што святар быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і дасылаў ім інфармацыю ў боты.

Таксама ў тэлеграм-каналах сілавікоў была інфармацыя, што ў Багамольнікава «ёсць шанец стаць падазраваным за садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці ў шэрагу крымінальных справаў, ну ці пабіць рэкорд у колькасці содняў адміністратыўнага затрымання».

Святар Уладзіслаў Багамольнікаў у 2020 годзе маліўся за Рамана Бандарэнку на Плошчы Пераменаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Уладзіслаў Багамольнікаў – клірык прыходу менскага сабору Богаяўлення Беларускай Праваслаўнай Царквы, сябра Епархіяльнага суду Менскай епархіі, выкладчык філасофіі ў Менскай духоўнай акадэміі. У 2020 годзе служыў літыю па забітаму Раману Бандарэнку на плошчы Пераменаў і абвяшчаў галадоўку на знак салідарнасці з палітвязнем Ігарам Лосікам.

Каментар
«Біблія вачыма кадэбістаў». Чаму не спыняюцца рэпрэсіі супраць беларускіх святароў
2022.07.19 18:29

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў