Расея намагалася абстраляць Кіеў ракетамі, Украіна – дронамі Курск і Бранск


Уночы 27 жніўня расейскія войскі з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС выпусцілі па Украіне крылатыя ракеты тыпу Х-101/555/55. Таксама паведамляецца і пра абстрэлы ўжо з боку Украіны памежных тэрыторыяў Расеі.

Вынікі трапляння беспілотніка ў Курску.
Фота: Роман Старовойт / Telegram

Паводле маніторынгу, ракеты перасеклі мяжу Украіны ў Сумскай вобласці каля 04:00. СПА працавала ў Кіеўскай, Чаркаскай і Кіраваградскай вобласцях. Фіксаваліся ракеты нават на Львоўшчыне.

Кіеўскія ўлады паведамляюць, што ўсе ракеты, якія рухаліся ў напрамку Кіева былі знішчаны сіламі і сродкамі СПА. Адзначаецца, што ахвяраў і разбурэнняў няма.

У Паветраных сілах ЗСУ адзначылі, што крылатыя ракеты былі выпушчаныя з пяці стратэгічных самалётаў з паветранай прасторы Расеі ў раёне Энгельсу. Агулам назіралася да васьмі паветраных мэтаў. Украінскія войскі знішчылі ў цэнтральных і паўночных раёнах чатыры крылатыя ракеты Х-101/Х-55/Х-555.

«Астатнія паветраныя цэлі, верагодна, ілжывыя, інфармацыі пра траплянні не было», – гаворыцца ў паведамленні.

Тым часам расейскае Мінабароны паведаміла пра напад беспілотнікаў у Курскай і Бранскай вобласцях. Там, як заяўляецца, збілі два дроны самалётнага тыпу. Пра пашкоджанні і ахвяры не паведамляецца.

Раней пра выбухі паведамлялі жыхары Курску.

Курскі губернатар распавёў, што ў Курску беспілотнік урэзаўся ў шматкватэрны дом на вуліцы Карла Маркса. На некаторых паверхах выбіта шкло. Таксама ад выбухной хвалі пацярпелі шыбы ў адным з корпусаў аграрнага ўніверсітэту. Узгаранняў не адбылося, ніхто з жыхароў не пацярпеў.

Аналітыка
У чаканні бітвы за Такмак. Тлумачым, чаму контрнаступ ЗСУ ўваходзіць у ключавую фазу
2023.08.26 08:00

Тым часам украінскія вайскоўцы пераадолелі першую лінію расейскай абароны і рыхтуюцца да прарыву галоўнай – гэтак званай лініі Суравікіна. Імаверна, найбліжэйшымі тыднямі найбольш жорсткія баі будуць адбывацца ў раёне Такмаку. Вынік гэтай бітвы, хутчэй за ўсё, прадвызначыць лёс цяперашняга контрнаступу ЗСУ.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў