У Беларусь прыбыла 12-я калона вагнэраўцаў


Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведамляе, што ў чацвер 27 ліпеня на тэрыторыю Беларусі праз КПП Панятоўка-Звянчатка заехала чарговая калона наймітаў ПВК Вагнэра.

ПВК Вагнэра. Крыніца: slovoidilo.ua

Калона рухалася па трасе Р122 у бок мястэчка Чавусы ў Магілёўскай вобласці ў суправаджэнні аўтамабіляў беларускай ДАІ.

Маршрут калоны вагнэраўцаў 27 ліпеня 2023 года.
Фота: Беларускі Гаюн

У калоне не меней за 50 адзінак аўтамабільнай тэхнікі, у тым ліку 5 бронеаўтамабіляў «Шчука» («Чэкан»), якія заязджалі і ў складзе папярэдняй калоны. Таксама ў калоне едуць фуры, бензавозы, аўтобус, тралы з іншай тэхнікай, пікапы, легкавікі, «буханкі» і КамАЗы.

Папярэдняя, 11-я калона вагнэраўцаў, прыбыла ў Беларусь 25 ліпеня. Гэта была першая калона наймітаў, у складзе якой былі заўважаны бронеаўтамабілі «Шчука». Беларускі Гаюн адзначае, што бронеаўтамабілі «Шчука» («Чакан») з’яўляюцца адметным транспартным сродкам вагнэраўцаў.

Паводле ацэнак Беларускага Гаюна, у Беларусі цяпер прынамсі 3500–3700 баевікоў групы Вагнэра. У адным з тэлеграм-каналаў, блізкіх да ПВК Вагнэра, сцвярджалася, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч наймітаў.

Раней Міністэрства абароны Беларусі паведамляла ў сваім тэлеграм-канале, што беларускія вайскоўцы праводзяць трэнаванні разам з байцамі ПВК Вагнэра на палігоне Берасцейскі, які размешчаны ўсяго за некалькі кіламетраў ад мяжы з Польшчай і недалёка ад мяжы ўкраінскай. У Галоўным упраўленні выведкі Украіны мяркуюць, што асноўная функцыя, якую будуць выконваць вагнэраўцы ў Беларусі, якраз і будзе зводзіцца да правядзення інструктажу беларускіх вайскоўцаў, а таксама застрашвання суседніх краінаў NATO.

Hавiны
Вагнэраўцы ў Беларусі. Што далей?
2023.07.27 11:19

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў