Рэжым Лукашэнкі хоча прадаць Беларусь Кітаю. Але ці трэба гэта Пекіну?


Пасля адыходу замежнай палітыкі Беларусі ад заходняга вектару рэжым Лукашэнкі пераарыентоўваецца на недэмакратычныя саюзы. Традыцыйна галоўным прыхільнікам беларускага рэжыму была Расея. Але Беларусь таксама актыўна ўзаемадзеяла з аўтакратычнымі дзяржавамі ў Азіі, такімі як Кітай і краіны Цэнтральнай Азіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка ідзе побач з Сі Цзінь Пінам у Паўночнай зале Дому народных сходаў перад іх перагаворамі ў Пекіне, Кітай. 1 сакавіка 2023 года.
Фота: Liu Bin / Xinhua News Agency / Forum

Беларусь выкарыстоўвае інструменты фінансавай дапамогі Кітаю, у першую чаргу крэдыты, адначасова разглядаючы больш цесныя гандлёва-эканамічныя адносіны з Пекінам як сродак абыходу заходніх санкцыяў і магчымасць зніжэння эканамічнай залежнасці ад Расеі. Між тым інтэграцыйныя праекты паміж Беларуссю і Расеяй ды сталае фінансавае падтрыманне апошняй кіруюцца хутчэй палітычнымі, чым эканамічнымі матывамі.

Ролю Беларусі ў геапалітычным трохкутніку Расея – Беларусь – Кітай абмяркоўвалі эксперты падчас панэльнай дыскусіі, арганізаванай Оксфардаўскай беларускай абсерваторыяй у партнёрстве з Даследчым цэнтрам Офісу Святланы Ціханоўскай і IGSD Універсітэту Ўорыку. Падаем асноўныя тэзісы.

Эканоміка: Кітай – на другім месцы пасля Расеі

Рэжым Лукашэнкі апошні год шукае для сябе новае апірышча. Вялікая ўвага надаецца ўсходняму вектару, каб скампенсаваць страты на заходнім трэку. Ёсць краіны, якія не адмовіліся супрацоўнічаць з Лукашэнкам нават пасля пачатку вайны ва Украіне: развіваюцца кантакты з Кітаем, Іранам, краінамі Цэнтральнай Азіі, Персідскай затокі. Паводле галоўнага дакументу МЗС Беларусі «Прыярытэтныя кірункі вонкавай палітыкі», найбольш перспектыўнымі разам з Расеяй і Саюзнай дзяржавай вылучаныя адносіны стратэгічнага партнёрства з Кітаем, усёй еўразійскаю прастораю: СНД, ЕАЭС, АДКБ, асобна згадваецца ШАС і краіны Дальняй дугі.

Па эканамічных выніках 2022 года Кітай стаў другім партнёрам Беларусі паводле аб’ёмаў замежнага гандлю. Да гэтага ён быў трэцім толькі сярод імпарцёраў і не ўваходзіў у тройку замежнагандлёвых партнёраў. Можна ўявіць, наколькі моцна скараціўся беларускі экспарт – на гэта звярнула ўвагу падчас свайго выступу экспертка Роза Турарбекава.

З ейных словаў, Кітай паводле важнасці разглядаецца на другім месцы пасля Расеі. 15 ліпеня 2022 года генеральны сакратар ШАС анансаваў падачу заяўкі Менску на ўступленне ў арганізацыю. Як кажуць інсайты, у 2017–2018 беларускія ўлады доўгі час вагаліся наконт прыняцця такога рашэння і пастанавілі не спяшацца. Але цяпер стаўленне да ШАС змяніліся.

«Для Кітаю было важна, што да гэтага моманту большая частка расейскіх войскаў была выведзеныя з Беларусі (засталося 2 тысячы расейскіх жаўнераў замест 35 тысяч). 15–16 верасня на саміце ШАС у Самаркандзе пачалася афіцыйная працэдура разгляду заяўкі. Але што больш важна, там адбылася сустрэча Лукашэнкі з Сі Цзінь Пінам, падчас якой была падпісаная дэкларацыя аб усебаковай супрацы стратэгічнага партнёрства. Такім чынам, можна сказаць, Пекін афіцыйна падтрымаў Менск», – адзначыла экспертка.

Паглыбленне стасункаў працягнулася і пасля: 28 лютага 2023 года Лукашэнка паляцеў у Кітай. У сусветных медыях Беларусі адводзілася роля каналу паставак кітайскіх тавараў і нават зброі ў абыход санкцыяў. На афіцыйным узроўні адзначалася, што было падпісана 27 міжурадавых міжрэгіянальных пагадненняў і 8 буйных камерцыйных кантрактаў. Асаблівая ўвага надавалася прамысловай кааперацыі і гандлю.

Аднак для паўнавартаснага развіцця эканамічных адносін і інвеставання ў Беларусь існуе шэраг перашкодаў: санкцыі, закрытасць Беларусі ад свету і разбурэнне адносінаў з суседзямі, фактычная адсутнасць суверэнітэту, якая ставіцца пад сумнеў на самым высокім узроўні. Так, 21 красавіка пасол Кітаю ў Францыі Лу Ша Е даў інтэрв’ю французскаму тэлеканалу LCI. Адказваючы на пытанні інтэрвʼюера, ён, у прыватнасці, заявіў, што былыя савецкія рэспублікі, якія атрымалі і аднавілі ў 1991 годзе дзяржаўны суверэнітэт, «не маюць эфектыўнага статусу ў міжнародным праве, бо не існуе міжнароднага пагаднення, якое надавала б сілу іх статусу суверэнных краінаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кітайскія газеты паведамляюць пра сустрэчу прэзідэнта Кітая Сі Цзінь Піна і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў Пекіне, Кітай. 22 сакавіка 2023 года.
Фота: The Yomiuri Shimbun / AP Images / East News

Такім чынам, Кітай заняў пазіцыю чакання і не спяшаецца ўкладаць грошы ў беларускую эканоміку.

Ідэалогія: Беларусь для Кітаю як савецкі запаведнік

Стасункі паміж Кітаем і Беларуссю маюць некалькі вымярэнняў, не толькі эканамічных, але і палітычных, ідэалагічных. Пра ідэалагічнае вымярэнне распавёў беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар Віктар Шадурскі.

З ягоных словаў, Кітай – гэта эканоміка нумар два ў свеце, пры гэтым ён імкнецца распаўсюджваць сваю мадэль як прыклад, узор для пераймання. Разам з тым у 2021 годзе ў Кітаі шырока святкавалася 100-годдзе камунізму. Яны шукаюць выгадных эканамічных партнёраў і ідэалагічных хаўруснікаў, якія падзяляюць такія ж сацыялістычныя погляды. Краіны, якія падтрымваюць такія погляды, можна пералічыць на пальцах. Расея не можа быць ідэалагічным хаўруснікам Кітаю, бо камуністычная партыя застаецца ў апазіцыі да пуцінскага рэжыму. З гэтага гледзішча Беларусь выступае з пазітыўнага боку для Пекіну, бо рэжым прапагандуе вяртанне да СССР, сацыялізму. Гэта пазітыўна ўспрымаецца Пекінам. Візіт Сі Цзінь Піна ў Беларусь у 2015 годзе быў вызначальным для такога ідэалагічнага супрацоўніцтва. Беларусь разглядаецца Кітаем як савецкі запаведнік. Жонка Сі казала пасля таго візіту, што нават хацела б вярнуцца ў Беларусь і набыць тут дом.

Беларусь і Кітай маюць падобнае стаўленне да ўнутранай палітыкі, гісторыі. Але ёсць і супярэчнасці. Напрыклад, асноўную ролю ў Другой сусветнай вайне Кітай адводзіць сабе, робячы акцэнт на сваіх ахвярах. Пекін выступае супраць гегемоніі СССР і яго вызначальнай ролі ў вайне. У гэтым годзе Сі Цзінь Пін не павіншаваў ні Расею, ні Беларусь з Днём перамогі, хоць раней гэта рабіў.

«Стасункі паміж аўтарытарнымі ўрадамі толькі ствараюць уражанне стабільнасці і саліднасці. Яны могуць разваліцца ў любы момант нават без вялікіх праблемаў, такое ў гісторыі было не раз», – падсумаваў Віктар Шадурскі.

Палітыка: халодны кітайскі рацыяналізм і фокус на ўласных інтарэсах

Ці патрэбная Беларусь Кітаю? Раней наша краіна разглядалася Пекінам як трамплін да заходнееўрапейскіх рынкаў, але ў 2020 годзе стала зразумела, што гэты шлях закрыты.

«Лукашэнка не выканаў сваіх абяцанняў, дадзеных яшчэ ў 2015 годзе, – нармалізаваць стасункі з суседзямі. Гэта прывяло да спаду траекторыі стасункаў паміж Беларуссю і Кітаем. Беларусь згубіла сваю прываблівасць як платформа для інвестыцыяў: навошта сюды інвеставаць, калі няма базы для прасоўвання кітайскіх інтарэсаў? Цяпер шмат якія заходнія і кітайскія чальцы пакідаюць Парк высокіх тэхналогіяў. Рэжым спрабуе кампенсаваць гэта прыцягненнем беларускіх і расейскіх кампаніяў. Аднак гэта пойдзе ў мінус Парку, бо некаторых тэхналогіяў немагчыма знайсці ў Расеі ці Беларусі», – у сваю чаргу кажа Валерый Кавалеўскі, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, прадстаўнік у міжнародных справах Офісу Святланы Ціханоўскай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Wang Zhao / AFP / East News

З ягоных словаў, Лукашэнка стаў вельмі пасіўным бокам у дамоўленасцях і стасунках з Кітаем. У падпісаных падчас візіту Лукашэнкі ў Кітай дэкларацыях Беларусь прыняла ўсе патрабаванні Пекіну. Там мала гаворыцца пра Беларусь, а рэжым прызнае кітайскія інтарэсы як свае ўласныя. Але яны могуць супярэчыць інтарэсам Беларусі і заходніх краінаў.

«Рэжыму не падабаецца халодны падыход Кітаю да Беларусі. Бракуе інвестыцыяў. Заявы беларускага рэжыму не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасці. Узровень супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю выглядае цудоўным на паперы, але гэта далёка не так, гэта, хутчэй, «папяровы тыгр», а не рэальнае партнёрства», – адзначыў Кавалеўскі.

У Пекіну вельмі рацыянальны падыход у адносінах з іншымі краінамі, на першым месцы – інтарэсы Кітаю. Вось што актыўна працягвае развівацца ў стасунках з Беларуссю, дык гэта навуковая супраца. Але тут ёсць нюанс. Кітай зацікаўлены ў новых тэхналогіях, людзях, талентах з Беларусі, якія паступова высмоктвае. Расея ў гэтым плане больш супраціўляецца, бо бачыць небяспеку ў тым, каб перадаваць свае тэхналогіі і спецыялістаў Кітаю.

А што наконт вайны і расейскай ядравай зброі ў Беларусі? Пекін нейтральна ставіцца да вайны, не крытыкуе Расеі. Кітай нават зацікаўлены, каб вайна працягвалася, бо гэта вядзе да паслаблення Расеі і дазволіць Пекіну прасунуць свае інтарэсы. Кітай гэтак жа нейтральна глядзіць на ролю Беларусі ў вайне. А вось з ядравай зброяй скаладней. Рашэнне размясціць расейскую ядравую зброю ў Беларусі адбылося праз 10 дзён пасля таго, як Сі Цзінь Пін і Пуцін прынялі дэкларацыю аб яе нераспаўсюдзе. Для Кітаю гэта вельмі важна, бо ён не хоча, каб ядравая зброя калі-небудзь апынулася, напрыклад, у Карэі ці Тайвані. Таму такі крок раздражняе Кітай.

У сваю чаргу ў дэмакратычных сілаў цяпер няма ніякіх магчымасцяў знайсці агульныя пункты для дыялогу з Кітаем.

«Дэмакратычныя сілы спрабавалі выйсці на кантакт з Пекінам, прапанаваць сваё бачанне, на тых жа палях ААН. Аднак пакуль зацікаўленасці з боку кітайскіх палітыкаў няма», – кажа Валер Кавалеўскі.

Высновы

Дэманстрацыя рэжымам Лукашэнкі пазітыўнага стаўлення да Кітаю, дэкларацыя агульных каштоўнасцяў, рэфрэн двухбаковага палітычнага падтрымання – гэта імкненне замацавацца ў коле сяброў Кітаю.

70 % у беларускім імпарце 2022 года складае Кітай. Аднак інвестыцыйны клімат у Беларусі выглядае непрывабным для Пекіну, санкцыі маюць вялікі ўплыў на беларускую эканоміку, рэжым мусіць яшчэ ўзмацніцца пасля палітычнага крызісу. Гэтыя фактары зніжаюць аб’ёмы гандлю. Негатыўна на гэтым працэсе адбіваюцца таксама пагрозы рэжыму заблакаваць чыгуначнае спалучэнне паміж Нямеччынай і Кітаем, інцыдэнты і напружанне на беларускай мяжы, пагрозы рэжыму абмежаваць транзіт вырабаў праз тэрыторыю Беларусі. Беларусь геаграфічна далёка ад Кітаю, краіны не мелі блізкіх стасункаў, і наогул Беларусь разглядаецца як сфера ўплыву Расеі, суверэнітэт нашай краіны ставіцца пад сумнеў, і гэта гучыць на высокім узроўні.

Чаму тады Кітай укладаецца ў ПВТ? Гэта, хутчэй, падарунак, зроблены Беларусі як частка мяккай дыпламатыі з боку Кітаю. Пекін імкнецца палепшыць свой імідж і мае поспехі ў гэтым кірунку.

Кітай кіруецца выключна сваймі інтарэсамі, яму патрэбна прадказальнасць і стабільнасць у партнёрстве. Таму не важна, хто будзе ва ўрадзе Беларусі – Пекіну патрэбны надзейны і прадказальны партнёр.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў