Каго можна сустрэць на кніжным кірмашы ў Варшаве і што купіць


26 траўня ў павільёне незалежных беларускіх выдавецтваў, які быў прадстаўлены ў рамках Міжнароднага кніжнага кірмашы ў Варшаве, прайшло некалькі цёплых сустрэч з беларускімі аўтарамі. «Белсат» пабываў на выставе другі дзень запар, каб паглядзець, якія кнігі выклікалі найбольшую цікавасць наведнікаў і задаць некалькі пытанняў самім аўтарам і выдаўцам.

Сустрэчы

У праграме, заяўленай на 26 траўня, было некалькі сустрэч: з Аляксандрам Чарнухам, аўтарам сатырычнага рамана «Свінні» (Аляксандр прэзентаваў пераклад твора на беларускую мову), аўтаркай кнігі «Па што ідзеш, воўча?» Святланай Курс, паэткай Настай Кудасавай і мастачкай Сафіяй-Святланай Дземідовіч, якія прэзентавалі паэтычны зборнік «Побач», а таксама жонкай палітзняволенага нашаніўца Андрэя Скурко. Паўліна мелася зрабіць прэзентацыю зборнікаў вершаў «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў» і кнігі-пераклада К. Чукоўскага «Добры доктар Будзь-Здароў», створаных Андрэем за кратамі.

Наведвальнікі стэнда незалежных беларускіх выдавецтваў на кніжным кірмашы ў Палацы культуры і навукі. Варшава, Польшча. 26 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Сустрэчы планаваліся на 17-ю, таму ўжо за паўгадзіны да пачатку прастору каля павільёна пачалі паціху запаўняць беларусы. Адны накіроўваліся адразу да кніжных паліц, прагна аглядаючы мноства яркіх выданняў, другія сустракалі сваіх даўніх знаёмых і з захопленасцю абмяркоўвалі жыццё-быццё ды апошнія навіны.

На стэндзе мы заўважылі пісьменніка Уладзіміра Арлова, прэзентацыю сваіх кніг ён, дарэчы, праводзіць у павільёне 27 траўня, Валера Булгакава, Андрэя Янушкевіча і іншых беларускіх выдаўцоў, сярод наведнікаў стэнду – народную артыстку Беларусі Зою Белахвосцік, рэжысёра Аляксандра Гарцуева і іншых.

Сапраўды, было прыемна назіраць за тым, як імпэтна пусцелі паліцы з кнігамі, а выдаўцы падносілі ўсё новыя і новыя экзэмпляры, падкладаючы іх на месцы толькі што купленых.

Шчасце ў няшчасці

Бліжэй да 17-й гадзіны ў павільёне з’явіліся аўтаркі паэтычнага зборніка «Побач» Наста Кудасава і мастачка Сафія-Святлана Дземідовіч. Пасля аўтограф-сесіі яны пераключыліся на размовы з наведнікамі, і фармат прэзентацыі сам сабой змяніўся на душэўныя гутаркі, падчас якіх кожны індывідуальна мог падзяліцца сваімі эмоцыямі і распытаць пра тое, што яго найбольш цікавіла.

Мы таксама паразмаўлялі з Настай і Сафіяй-Святланай, і пацікавіліся іх уражаннямі ад выставы.

«Калі я прыехала ў Польшчу, я не чакала, што тут ёсць такая прага да беларускай літаратуры. Пажыўшы колькі месяцаў, я ўжо зразумела, што сапраўды выехала шмат цудоўных, зацікаўленых беларусаў, якім не ўсё роўна. Гэта файна, што хаця б тут, калі не на тэрыторыі Беларусі, можна зладзіць такое мерапрыемства», – пракаментавала паэтка Наста Кудасава.

Наста Кудасава і Сафія-Святлана Дземідовіч на стэндзе незалежных беларускіх выдавецтваў на кніжным кірмашы ў Палацы культуры і навукі. Варшава, Польшча. 26 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Сафія-Святлана Дземідовіч дадала, што яшчэ да пачатку працы над супольным праектам – кнігай паэзіі «Побач» – яны нават не маглі сабе ўявіць, што спаткаюцца з Настай і будуць рабіць прэзентацыі разам, што будуць так блізка жыць адна да адной. «Таму, скажам так, гэта такое шчасце ў няшчасці», – падсумоўвае мастачка, гаворачы пра тое, што вымушаная эміграцыя дала ім з Настай магчымасць знайсці адна адну і стварыць гэты праект.

Трэба адзначыць, што кніга Насты і Сафіі-Святланы – гэта канцэптуальна прадуманы твор, у якім выяўленчае мастацтва і паэзія перамешваюцца паміж сабой і нараджаюць новыя сэнсы, настроі. Графічныя ілюстрацыі праходзяць скрозь усю кнігу і таксама расказваюць пэўную гісторыю. Заўважаем на паліцы іх кнігу, абгорнутую ў самаробную супервокладку, зробленую з тканіны, з вышытай уручную назвай твора. Пытаемся ў аўтарак: ці гэта чарговае канцэптуальнае дапаўненне для іх зборніка? Але, як аказалася, гэта стала сюрпрызам нават для іх саміх, бо ідэя і ўвасабленне належаць некаму з чытачоў. Што ж, можна браць на ўзбраенне.

Харошая кніжка сябе праб’е

Тым часам прэзентацыя бяжыць сваім ходам, хаця насамрэч яна больш нагадвае непрымушаную сустрэчу старых знаёмых, якія даўно не бачыліся і хочуць расказаць адно аднаму як мага болей навінаў. Вось падпісвае экзэмпляры сваёй кнігі «Свінні» Аляксандр Чарнуха, пераклад якой зрабіў Алесь Плотка. Дарэчы, поўнамаштабная прэзентацыя беларускага выдання пройдзе ў Варшаве 6 чэрвеня, у Беларускім моладзевым хабе. Паўліна Скурко прыехала разам з сынам Тамашыкам, які ціхенька спіць у калясачцы. Яна атрымлівае словы падтрымкі ад іншых наведвальнікаў павільёна, расказвае пра Андрэя і ягоныя кніжкі.

Пісьменніца, перакладчыца і журналістка Святлана Курс на кніжным кірмашы ў Палацы культуры і навукі. Варшава, Польшча. 26 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Прыехала на сустрэчу з чытачамі Святлана Курс. Пасля непрацяглай аўтограф-сесіі яна падзялілася сваім меркаваннем наконт таго, якія кнігі запатрабаваныя ў сучаснага беларускага чытача: «Мне здаецца, што людзі цяпер хочуць проста таго, што напісана з вялікай душой, вялікай любоўю і, апрача таго, з густам і радасцю. І такія кніжкі пачалі з’яўляцца. А харошая кніжка сябе праб’е, і мы бачым многа такіх прыкладаў». Беларускія кніжкі на такіх міжнародных выставах, на яе думку, «гэта ніткі, якія нітуюць нас, беларускую дыяспару за мяжой, робяць з нас тую грыбніцу, з якой нейкія харошыя грыбы, верагодна, калісьці паявяцца, а то і ўжо паявіліся».

На наша пытанне, ці лёгка пішацца ёй у выгнанні, Святлана ў першую чаргу адзначыла, што не назвала б гэта выгнаннем: «Я б сказала, што ў мяне скралі Радзіму, зняволілі Радзіму і раздзялілі мяне з Радзімай і сям’ёй, але гэта не выгнанне, я з’ехала сама на працу. Я не адчуваю сябе нейкай сіратой, якая мыкаецца па свеце. І я адчуваю, што гэта пустадомкі, самазванцы, акупанты, якія з Беларусі не могуць зрабіць нічога карыснага і прыгожага. Было б занадта многа гонару думаць, што нехта з такіх мог бы мяне аднекуль выгнаць». Што ж датычыцца непасрэднага адказу на нашае пытанне, то Святлана адзначыла, што «пішацца нармальна», але яна піша вельмі мала, бо такія яе асаблівасці як чалавека і аўтара.

Таксама Святлана Курс выказала меркаванне, што сёння трэба было б пісаць пра сучаснасць, пра пытанні, якія хвалююць людзей на Захадзе, «раз ужо нам выпаў такі шанец», трэба ўздымаць пытанні, якімі зараз жыве «першы свет, не другі, не трэці». А па-другое, на яе думку, беларусам зараз не хапае радасці і магічнага рэалізму, а таксама трэба знайсці «новую мову ў апісанні сучаснага кахання».

Важна не губляць час і ісці далей

Каб зрабіць нейкае падсумаванне другога дня выставы, мы запыталіся ў выдаўца Андрэя Янушкевіча, што, на ягоную думку, атрымалася, а што можна было б зрабіць іначай.

«Нашы спадзяванні апраўдаліся, – адзначыў выдавец. – Мы разлічвалі на вялікую колькасць наведвальнікаў, зыходзячы хаця б з таго факту, што Варшава – гэта сталіца і беларуская дыяспара тут вялікая. Мы задаволеныя, што з дапамогай партнёраў нам удалося прадставіць максімальны асартымент сённяшняй беларускай кнігі. Гэта кнігі, што выходзяць як тут, у эміграцыі, так і ў самой Беларусі. Я ўпэўнены, што ў Беларусі такой кніжнай прадстаўнічасці ў адным месцы не знойдзеш ні ў воднай кнігарні. І, канечне, радуюць нашы людзі, што з кожнай гадзінай колькасць наведвальнікаў расце, і яны цікавяцца самымі рознымі кнігамі, шмат хто ідзе ўжо свядома паляваць на канкрэтных аўтараў, канкрэтныя выданні».

Зоя Белахвосцік на стэндзе незалежных беларускіх выдавецтваў на кніжным кірмашы ў Палацы культуры і навукі. Варшава, Польшча. 26 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Андрэй Янушкевіч падкрэсліў, што яму радасна ад таго факту, што спадзевы ворагаў на тое, што «беларусы тут бядуюць і раствараюцца ў свеце, у іншай культуры», не спраўджваюцца. Наадварот, кажа ён, мы імкнёмся і маем магчымасць захаваць сваю ідэнтычнасць: «І вельмі важна ў гэтай справе не губляць час і ісці далей, каб развіваць нашу культуру, бо ўсё гэта дае вялікі плён, перадусім для нашых людзей».

Андрэй Янушкевіч адзначыў, што ў павільёне прадстаўлена каля дзясятка выдавецтваў, выбар літаратуры самы разнастайны, пры гэтым многія выдавецтвы выйшлі з навінкамі. Цікавасць людзей, якія прыходзяць на сустрэчы з аўтарамі, «ужывую паказвае, што нашы пісьменнікі і пісьменніцы папулярныя ў народзе».

Перадусім, паводле словаў выдаўца, карыстаюцца папулярнасцю навінкі зарэкамендаваных аўтараў і тыя кнігі, якія за апошні год-два атрымалі статус сапраўдных бэстсэлераў. Так, нязменная папулярнасць у кніг Альгерда Бахарэвіча, прычым выдавецтва «Янушкевіч» прадставіла дзве прэм’еры гэтага аўтара: зборнік апавяданняў «Ператрус у музеі» і аўтафікшн «Хлопчык і снег», якія апынуліся ў топе продажаў. Таксама разыходзіцца беларуская версія рамана «Свінні» Аляксандра Чарнухі, ёсць вялікі попыт на кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», у лідарах кніга «Побач» Насты Кудасавай і Сафіі-Святланы Дземідовіч. Таму, падкрэсліў у завяршэнне Андрэй Янушкевіч, «мы, выдаўцы, тут працуем паўнавартасна, ідзе вельмі дынамічная, шалёная праца».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў