Чацвёра беларускіх палітвязняў выйшлі на волю


У апошнія дні траўня з месцаў зняволення вызваліліся адразу чацвёра палітзняволеных, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна». Двое з іх цалкам адбылі свае пакаранні, яшчэ двое былі вызваленыя па амністыі.

З Гомельскай жаночай калоніі №4 27 траўня на волю выйшлі дзве палітзняволеныя жанчыны – Яніна Малаш і Марыя Несцерава.

Актывістку Свабоднага прафсаюзу металістаў Яніну Малаш суд Маскоўскага раёну Менску пакараў 1 годам і 6 месяцамі зняволення 15 лістапада 2022 года. Жанчыну абвінавацілі паводле ч.1 арт.342 КК РБ («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Яніна Малаш.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Агулам у зняволенні Яніна знаходзілася 1 год, 1 месяц і 8 дзён. На волі яе чакала няпоўнагадовая дачка.

Марыя Несцерава адбывала пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі за ўдзел у мітынгах, распаўсюд улётак і газет, актыўнасць у тэлеграм-каналах і чатах. Перапіскі з чатаў ляглі ў аснову абвінавачвання. Жанчыне прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі. На судзе яна заяўляла, што падчас затрымання сілавікі яе збілі, вынікам чаго стала ЧМТ.

Марыя Несцерава.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У зняволенні Марыя прабыла 2 гады, 7 месяцаў і 4 дні.

Вядома, што былая палітзняволеная скончыла факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, каля васьмі гадоў прапрацавала ў Менскай рэгіянальнай і цэнтральнай мытні старэйшай інспектаркай, звольнілася з мытні каля дзесяці гадоў таму.

25 і 26 траўня два палітвязні – Аляксандр Аграйцовіч і Дзмітрый Таратунвызваліліся з магілёўскай «хіміі» – ПУАТ №43.

Аляксандр Аграйцовіч.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Дзмітрый Таратун быў асуджаны на 3 гады «хіміі» паводле ч. 2 арт. 339 КК («Хуліганства») за тое, што размясціў малюнкі «грамадска-палітычнага зместу».

Дзмітрый Таратун.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Аляксандр Аграйцовіч быў назіральнікам за выбарамі. Асуджаны за паклёп на прадстаўнікоў выбарчай камісіі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе. Паводле версіі абвінавачвання, у траўні 2020 года мужчына апублікаваў на сваім youtube-канале «Дзённікі назіральніка» загадзя ілжывыя звесткі пра чальцоў выбарчай камісіі, якія знеслаўляюць іх гонар і годнасць. У відэа Аграйцовіч адзначыў, што яны з’яўляюцца фальсіфікатарамі выбараў і ў перыяд датэрміновага галасавання здзейснілі падробку дакументаў.

Абодва палітвязні былі вызваленыя па амністыі незадоўга да заканчэння іх тэрмінаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў