Захоп родных у закладнікі і разгром маёмасці. Як сілавікі спрабуюць ціснуць на палітычных уцекачоў


Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук пракаментавала затрыманне бацькоў, у дом якіх уварваліся міліцыянты. Сілавікі жорстка затрымалі бацьку спявачкі, паклалі яго тварам на падлогу і надзелі кайданкі. Міліцыянты і раней часта арыштоўвалі родных і грамілі жыллё актывістаў, якія з’ехалі з Беларусі. У размове з «Белсатам» людзі распавядаюць, што такім чынам сілавікі ціснуць на іх і намагаюцца маніпуляваць.

Спявачка Маргарыта Ляўчук. Крыніца: скрыншот Белсату

Бацькоў опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук затрымалі 26 траўня ў вёсцы Страдзеч Берасцейскага раёну. Маргарыта распавяла, што ўварваўшыся ў дом, ейнага бацьку паклалі тварам на падлогу, надзелі кайданкі. Суд пакараў бацьку і маці штрафам 2240 рублёў кожнага. Спявачка расказала, што ад бацькоў сілавікі патрабавалі запісаць відэа, каб заклікаць дачку спыніць займацца палітыкай.

Летась супраць опернай спявачкі Генпракуратура распачала крымінальную справу паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»).

26 траўня блогер Андрэй Павук на сваёй старонцы ў Facebook распавёў, што сілавікі ўчынілі разгром у ягонай кватэры ў пасёлку Акцябрскі. А былая жонка блогера Вольга Павук апублікавала відэа, на якім відаць, як выглядала кватэра і што сталася з маёмасцю пасля ператрусу.

Беларускія ўцекачы, якія мусілі пакінуць сваю радзіму праз пераслед, распавядаюць, што знішчаная маёмасць – гэта нішто ў параўнанні з захопам іх родных у закладнікі. Гэтак было ў мінулым годзе ў траўні з журналісткай «Белсату» Арынай Маліноўскай. Міліцыянты фактычна без прычына затрымалі ейнага сваяка і пагражалі, што не выпусцяць яго, пакуль яна не вернецца ў Беларусь.

«Пасля выдання праграмы «Шчыра кажучы», прысвечанага працы сілавікоў, міліцыянты арыштавалі герояў праграмы. Зладзілі ператрус у студыі, але ў той час нашай каманды ў студыі не было. А каля 23-й гадзіны сілавікі прыйшлі да мяне дадому, ламаліся ў кватэру, крычалі, каб адчынілі дзверы, адключылі электрычнасць. Мне ўначы ўдалося выехаць з краіны, але сілавікі праз некалькі дзён схапілі майго сваяка і сказалі, што не адпусцяць яго, пакуль я не вярнуся ў Беларусь. Таксама мне пагражалі, што схопяць маіх дзядулю і бабулю, якіх будуць трымаць на Акрэсціна, пакуль я не вярнуся. Было некалькі такіх званкоў з патрабаваннямі, але я адмаўлялася, паколькі гэта маніпуляцыя», – узгадвае падзеі мінулага года Арына Маліноўская.

Арына Маліноўская. Стоп-кадр з праграмы «Шчыра кажучы» на Белсаце

Журналістка кажа, што ўсё гэта псіхалагічны ціск, бо іншых варыянтаў уздзеяння ў іх няма. Сілавікі робяць намаганні, каб людзі спынілі сваю працу.

Абноўлена
Вядоўца праграмы «Шчыра кажучы» з’ехала з Беларусі з-за небяспекі. Цяпер пераследуюць яе сваякоў
2021.05.24 20:48

Падобным чынам міліцыянты спрабавалі ціснуць на журналістку, якая працуе за мяжой, Кацярыну Ерусалімскую. Супраць дзяўчыны ў Беларусі завялі крымінальную справу.

«Прыходзілі да бабулі і да брата. Пыталіся, дзе я. Міліцыянты распавядалі, што на мяне завялі крымінальную справа за заклік забіваць сілавікоў ды іх родных. Да бабулі ўвогуле амаль штодня прыходзілі і патрабавалі даць адрас майго жыхарства ў Вільні, мой нумар тэлефона, шукалі кантакты ў тэлефоннай кніжцы бабулі. Не спыняла іх, што бабулі 93 гады», – распавяла «Белсату» Кацярына Ерусалімская.

Журналістка распавядае, што ейныя бацькі памерлі, цяпер не стала і бабулі, таму проста не маюць, да каго прыходзіць, ціск у Беларусі супраць яе спыніўся.

Кацярына Ерусалімская, вядоўца Malanka Media. Вільня, Літва. 19 траўня 2021.
Фота: Белсат

Падчас ператрусу сілавікі знішчаюць маёмасць

Журналісты «Белсату» Алесь Леўчук з жонкай Міланай Харытонавай летась вымушаныя былі зʼехаць з Беларусі. Яны атрымалі сігнал, што супраць іх распачалі крымінальную справу.

«Без нас у нашай кватэры адбыліся ператрусы, асудзілі паводле адміністратыўнай справы. А БТ зняло пра нас з жонкай фільм, у якім назвалі нас арганізатарамі пратэсту. Сілавікі мне званілі да лістапада 2021 года, і толькі тады яны зразумелі, што мы зʼехалі і нас дастаць не ў іх сілах. Але на маім рахунку ў «Беларусбанку» зʼявіўся вялікі мінус. У лютым памерла мая маці, і я нават не змог паехаць на пахаванне. Напэўна, гэтая адзін самых з цяжкіх момантаў. Сілавікі пад мой прыезд рыхтавалі цэлую аперацыю, я тады прыняў вельмі цяжкае рашэнне не ехаць дадому», – распавядае Алесь Леўчук.

Мілана Харытонова і Алесь Ляўчук з дачкой.
Фота: Белсат

Прыкладаў, калі сілавікі нішчаць маёмасць людзей, якія вымушаныя былі пакінуць сваю радзіму праз пераслед, даволі шмат. Гэтак, 23 траўня стала вядома, што міліцыянты раскідалі рэчы ў вясковым доме журналісткі з Гомлю Марыі Булавінскай. 14 траўня сілавікі разграмілі кватэру былога рэстаратара Вадзіма Пракопʼева. Летась былая вядоўца БТ Кацярына Пытлева паведаміла, што сілавікі зладзілі ператрус у ейнай менскай кватэры, падчас якога выламалі дзверы, знішчылі мэблю і нават парэзалі фотаздымкі.

Mieszkanie Jauhena Babaka po przeszukaniu, zdj.: nn.by
Невядомыя разграмілі кватэру экс-пракурора, які спрабаваў завесці справу на сілавікоў. Кватэра Яўгена Бабака пасля ператрусу. Крыніца: nn.by

Падобны пагром учынілі ў кватэры былога памочніка пракурора Яўгена Бабака. У кватэры барда Анатоля Кудласевіча міліцыянты не толькі паламалі мэблю, але нават рассыпалі на падлогу крупы і спецыі.

Hавiны
Журналіст Алесь Любянчук затрыманы ў межах крымінальнай справы
2022.05.26 19:54

Мікалай Каткоў, belsat.eu

Стужка навінаў