Брытанія прапанавала Украіне альтэрнатыву, калі яе не возьмуць у Еўразвяз


Частка краінаў Еўрапейскага Звязу скептычна ставіцца да магчымага сяброўства Украіны ў ЕЗ. Але свае альтэрнатывы для гэтага мае Лондан.

Сектаральныя санкцыі Еўразвязу.
Фота: ec.europa.eu

Як паведамляе «Euractiv» са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы, Грэцыя і Кіпр, хоць і падтрымліваюць сяброўства Украіны ў ЕЗ, выступаюць супраць яе паскоранага ўступлення.

Паводле гэтых краінаў, Кіеву неабходна выканаць усе працэдуры, прадугледжаныя артыкулам 49 Дамовы аб ЕЗ. Пры гэтым яны настойваюць на паскарэнні далучэння да Еўразвязу балканскіх краінаў, якія ўжо ажыццявілі неабходныя рэформы і выканалі шэраг абавязкаў.

Грэцыя і Кіпр таксама чакаюць на прапанову Еўрапейскай камісіі і рэакцыі на яе іншых краінаў.

Раней дзяржсакратар Францыі ў справах Еўропы Клеман Бон заяўляў, што Украіна зможа ўступіць у Еўрапейскі Звяз у перспектыве 15–20 гадоў. Прэм’ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ таксама мяркуе, што шанцы Украіны на тое, каб зрабіцца кандыдатам на ўступленне ў ЕЗ, бліжэйшым часам невялікія.

Што прапануе Лондан

Між тым, як піша італьянскае выданне «Corriere della sera», прэмʼер Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан мае намер стварыць альянс у процівагу ЕЗ з дзяржаваў, якія не давяраюць Бруселю і Нямеччыне ў справе расейскай агрэсіі.

Сваю ідэю Джонсан прэзентаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму ў Кіеве 9 красавіка. Ён прапаноўвае прыцягнуць да гэтага альянсу таксама Польшчу, Эстонію, Латвію і Літву, а пазней і Турцыю.

Украінскія ўлады пакуль не занялі канкрэтнай пазіцыі адносна ініцыятывы Лондану, але і не адпрэчылі яе.

Пры гэтым італьянскія журналісты сумняваюцца ў жыццяздольнасці гэтага альянсу, бо Брытанія не мае магчымасцяў фінансава падтрымліваць Украіну. Таксама невядома, ці захочуць Польшча і краіны Балтыі псаваць свае стасункі з Бруселем.

Hавiны
Пуцін не хоча здаваць сваіх пазіцыяў. Ва ўкраінскай выведцы мяркуюць, што вайна можа зацягнуцца да зімы
2022.05.27 12:05

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў