Пакуль рана казаць пра тыя сектары эканомікі Беларусі, якія трапяць пад санкцыі ЕЗ, але рэалізацыя санкцыйных палітыкі ўжо пачалася. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Бруселі кіраўнік Рады Еўропы Шарль Мішэль.
«Мы абвясцілі прынцыповыя рашэнні пра санкцыі, іх рэалізацыя ўжо пачалася. Шмат якія механізмы задзеяныя. Гаворка пра сектаральныя санкцыі. Гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца ў адпаведных фарматах. Пакуль рана адказваць на пытанне пра канкрэтныя сектары. У любым выпадку для кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў важна, каб санкцыі былі скіраваныя супраць рэжыму. Насельніцтва і грамадзянскую супольнасць мы, наадварот, хочам падтрымаць», – сказаў ён, паведамляе «РИА Новости».
Кіраўнікі МЗС ЕЗ на нефармальнай сустрэчы 27 траўня ў Партугаліі абмяркоўваюць эканамічныя і сектаральныя санкцыі супраць Менску.
Амерыканскае фінансавае выданне «Bloomberg» са спасылкаю на ананімнага прадстаўніка Еўразвязу расказала 26 траўня пра планы на новы пакет еўрапейскіх санкцыяў – цяпер у адказ на захоп Беларуссю самалёта «Ryanair» і арышт журналіста Рамана Пратасевіча. У прыватнасці, заяўляюць пра магчымыя санкцыі супраць калійнай вытворчасці Беларусі.
Афіцыйных пацверджанняў ці зняпраўджанняў інфармацыі выдання пакуль не было. Прадстаўнік «Беларуськалію» ў лісце выданню назваў інфармацыю «занадта спекуляцыйнаю».
Выданне «Economic Times», цытуючы словы кіраўніка МЗС Нямеччыны Гайка Мааса, паведамляе, што прапанаваныя Еўразвязам эканамічныя санкцыі супраць Беларусі нанясуць шкоду фінансавым аперацыям краіны.
Пра эканамічныя санкцыі заявілі ў «Reuters» і кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства ЕЗ Жузэп Бурэль.
«Згон самалёта і затрыманне дваіх пасажыраў недапушчальныя, і мы пачнём абмяркоўваць увядзенне сектаральных і эканамічных санкцыяў», – заявіў ён.
Паводле кіраўнікоў МЗС іншых краінаў, санкцыі могуць быць накіраваныя на кампаніі, блізкія да рэжыму, сектар нафтапрадуктаў і экспарт калійных угнаенняў.
МГ belsat.eu