Лецішча, якое вырасце ў дом: паводле якіх параметраў шукаць?

Наталля
Літоўская
Экспертка ў нерухомасці

Праект Указу аб садоўніцкіх таварыствах, які абмяркоўваецца, усхваляваў тых, хто думае аб прыватным доме, але на куплю ўчастку недзе ў Калодзішчах ці Шчомысліцы грошай не мае.

Прачыталі ўказ так: выбіраеш з базаў прыдатны ўчастак у садоўніцкім таварыстве, набываеш, будуеш, не спяшаючыся і эканомненька, а гадоў праз дзесяць тое, што абышлося табе за цану дачы, ператвараецца ў паўнавартасны загарадны катэдж.

У тэорыі гэты фінт магчымы. Можа, не так хутка, як хацелася б, але ён здаецца лагічным крокам да цывілізаванага шляху развіцця прадмесця сталіцы. Зрэшты, трэба правільна выбраць СТ.

1. Больш сотак

Пры любой уладзе не дазволяць пераводзіць садовыя дамы ў жылыя там, дзе гэта тэхнічна немагчыма. Напрыклад, у шчыльна забудаваных СТ, дзе ўчасткі па 4-5 сотак, адлегласць паміж дамамі некалькі метраў і забудаваная драўлянымі прыбіральнямі У драбнасотачных і высакашчыльных дачных масівах фактычна немагчыма выканаць нарматыў у пажарнай бяспецы.

2. Добрае планаванне

У правільным СТ участкі павінны быць ад 6 сотак, дамы павінны стаяць за 15 метраў адзін ад аднаго. Планаванню самога таварыства належыць быць сучасным, з праездамі ад чатырох, а лепш шасці метраў. Вельмі важна, каб пажарныя праезды не былі шчыльна забудаванымі і самазахопленымі. Так, заўсёды будзе важна, каб тое, што хоча ператварыцца ў паселішча, было максімальна бяспечным для насельніцтва, якое там жыве.

Фота: pixabay.com

3. Лепш з газам

Аптымальна выбіраць ужо газіфікаванае СТ. Асабліва калі ў вас ёсць магчымасць зарэгістраваць (дазволеная часовая рэгістрацыя) дом у СТ на непрацоўнага пенсіянера.
Наагул непрацоўны пенсіянер – амаль джэкпот. На іх ужо распаўсюджваюцца тарыфы, якія субсідуюцца, ужо цяпер яны плацяць за газ амаль у чатыры разы танней за іншых дачнікаў. Паглядзіце на дачы, у якіх зімуюць: амаль усе яны на мамах, татах, бабулях.

4. Аднастайнасць кантынгенту

Калі вашая мэта – летнішча з перспектываю «катэдж у паселішчы», ацаніце, колькі ў вас аднадумцаў. Паколькі трох дачаў у масіве недастаткова, каб прасіцца ў катэгорыю «землі паселішчаў», такіх павінна быць больш за палову.

Новыя дачныя масівы сілавікоў і чыноўнікаў у гэтым плане ідэальныя, яны першапачаткова планаваліся як катэджныя пасёлкі. Зямлі больш за палову бралі з мэтаю перапродажу. Можна папытаць, хто суседзі: не факт, што давядзецца будавацца ў асяроддзі «гасударавых людзей», хутчэй, такіх жа, як вы, другіх уласнікаў.

5. Агульныя перспектывы

Трэба дакладна разумець, што калі побач з дачным масівам няма вёскі (паселішча, аграгарадка) з усімі выгодамі цывілізацыі накшталт садка, школы, паліклінікі, то яны і не з’явяцца.
Калі праезды вузкія, то пешаходныя дарожкі не будуць пабудаваныя, нават калі ў краіне пачнецца росквіт.

А вось крама крокавай даступнасці зʼявіцца можа: тут быў бы попыт, а прадпрымальныя грамадзяне забяспечаць.

6. Іншыя выдаткі

Праблема ляжыць на паверхні, але многія пра гэта забываюць: у большасці таварыстваў (нават калі ў іх ёсць цэнтральны водаправод), ёсць праблема з якасцю вады. У ёй зашмат жалеза. Дачнікі б’юць свае свідравіны і выяўляюць: вада нічым не лепш. Пакуль на агульны водаправод паставяць станцыю абезжалезвання (а гэта дарагое задавальненне, і ў садоўніцкіх таварыствах гэтым не маркоцяцца), трэба будзе ставіць сваю сістэму водападрыхтоўкі. Або вазіць пітную ваду з бліжэйшых крыніцаў.

А яшчэ ў некаторых таварыствах (дый у вёсках) – слабыя сеткі, і для ўсіх электрапрыбораў, неабходных дому, іх не стае. У перспектыве гэта азначае дадатковыя выдаткі дачнага кааператыву, які імкнецца да гарадскога ўзроўню камфорту.

Будзе выдаткоўваць кааператыў (чытай, яго сябры) і на расчыстку дарог зімой і на падсыпку (латанне, умацаванне, выраўноўванне) пасля вясны. Гэта ў вёсцы бясплатна, дачнікі за гэта плацяць.

Будаўніцтва жылога комплексу «Менск Свет». 8 лютага 2021 г. Фота: ТК / Белсат

7. Экалагічны нюанс

На прыроду нас цягне дзеля свежага паветра і птушачак. Але палова лецішчаў, прыдатных для будаўніцтва дому, размяшчаюцца каля палёў. А палі ў нас апрацоўваюць не самай бяспечнай для здароўя хіміяй. Не пашанцуе з ветрам – давядзецца жыць з задраенымі вокнамі. Так што ў СТ каля палёў лепш выбіраць участак далей ад месца вырастання рапсу і кукурузы. Ну і наогул, карысна вывучыць ружу вятроў. Калі часта дзьме са сталіцы, пра экалогію казаць не выпадае.

Ці існуюць СТ, ідэальныя для будаўніцтва «дому навыраст»? Ёсць, але іх даволі мала. Дакладна можна сказаць, што інвеставаць у такія дачы (чытай, купіць участак, пабудаваць каркаснік і разлічваць прадаць яго з добрым наварам) бессэнсоўна. Невядома, калі попыт і цэны пойдуць уверх. Пакуль загарадная нерухомасць толькі таннее, і гэты трэнд, падобна, не на год. А вось разглядаць варыянт «дому мары», які будуецца ў задавальненне, не на апошняе і не на крэдыт, можна.

/ІР

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў