Спартоўка Марына Зялёная ўцякла ад пераследу ў Грузію і марыць развіваць бокс для людзей з інваліднасцю


Беларуская спартоўка, чэмпіёнка па тайскім боксе Марына Зялёная ўжо амаль год жыве ў Тбілісі. Жанчына ўцякла ад пераследу на радзіме з сынам-дашкольнікам. У Грузіі падалася на міжнародную абарону, а пакуль чакае рашэння, стварыла спартовы праект «Гамарджоба-Прывітанне», праводзіць трэнінгі і майстар-класы па самаабароне для жанчын. У далейшых планах – заняткі па адаптыўным боксе для людзей з інваліднасцю. У гутарцы з «Белсатам» беларуска апавяла, як спорт дапамагае змагацца з агрэсіяй, а таксама пра асаблівасці атрымання прытулку ў Грузіі.

Двухразовая чэмпіёнка свету па тайскім боксе Марына Зялёная ладзіць трэнаванне ў спартовай зале. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

«Група захопу са шчытамі ламала дзверы ў кватэры маці-адзіночкі»

Марына Зялёная (сапраўднае прозвішча – Калініна, Зялёная – спартовы псеўданім) прыехала ў Грузію ўвесну 2023 года. Спартоўка да апошняга не планавала ўцякаць, пераязджаць, хоць яе затрымлівалі на маршах у 2020-м. Аднак у нейкі момант стала зразумела, што хмары згушчаюцца. Спачатку жанчына адчула на сабе павышаную ўвагу на мяжы – яна рэгулярна ездзіла да сваякоў у Літву, і калі падчас вяртання ў Беларусь яе абшуквалі, стала зразумела, што гэта не проста так. Далей пачаліся пытанні ад падаткавай – у Марыны патрабавалі справаздачу за даходы апошніх 10 гадоў.

Потым да спартоўкі прыйшлі з ператрусам:

«Гэта была група захопу з ордарам. Зладзілі шоу. Інакш я не магу назваць таго, што адбывалася: група са шчытамі ламала дзверы ў кватэры маці-адзіночкі ў хрушчоўцы. Дакументы таксама былі зробленыя пад гэтае шоу, бо там быў спіс артыкулаў, але не быў прапісаны мой статус. Чалавек з КДБ сказаў мне, што ў працэсе працы яны вызначаць, хто я – сведка ці абвінавачваная. З мяне ўзялі падпіску аб неразгалошванні, і калі я запыталася, пра што я павінна маўчаць, мне сказалі – потым даведаешся».

Падчас ператрусу ў Марыны забралі носьбіты інфармацыі, у тым ліку таблет сына, а таксама фотаздымкі, на якіх яна з дзіцём на маршах. Жанчына пастанавіла з’язджаць:

«Я разумела, што мне зарганізуюць праблемы праз маю грамадзянскую пазіцыю. Я ж ніколі не маўчала, падпісвала лісты, у якіх спартоўцы выказваліся супраць рэпрэсіяў. Я думала, што гэта мой абавязак, бо калі я спартоўка, то ў мяне ёсць магчымасць казаць гучней за астатніх, і я мушу яе выкарыстоўваць. Акрамя таго, я думала пра сына, які застанецца адзін, калі следчыя прыдумаюць справу і я траплю ў турму».

Гісторыі
«У Беларусі вы не паўстанеце перад рэальнай небяспекаю». Грузія адмовіла ў прытулку сям’і з немаўлём
2023.05.05 06:00

«З’ехалі не толькі айцішнікі, а і шмат людзей, у якіх няма нічога»

Марына паляцела ў Грузію, бо ў сына не было візы Еўразвязу. У Тбілісі жанчыне адразу спадабалася:

«Я была ў захапленні. Тут цудоўны клімат, адкрытыя людзі, магчымасці, якіх мы пазбаўленыя ў Беларусі. Тут можна развіваць малы бізнес, адкрыць ІП за адзін дзень. Гэта выклікала захапленне на фоне ўсіх складанасцяў у Беларусі, дзе шмат падаткаў, дакументаў, кантролю з боку дзяржавы».

Праз некаторы час пасля прыезду ў Грузію беларуска падала прашэнне аб міжнароднай абароне:

«Рэч у тым, што ў нас дзецям пашпарт выдаюць на 5 гадоў. Майму сыну ўжо шосты год, і я разумела, што ён рызыкуе неўзабаве стацца нелегалам – ужо сёлета 24 красавіка ў яго канчаецца пашпарт. Таму я вырашыла вызначыць наш статус».

Спыніцца менавіта ў Грузіі спартоўка пастанавіла і праз фінансавае пытанне: на новы пераезд, арэнду жытла ў краіне Еўразвязу ды іншыя выдаткі ў беларускі проста не было сродкаў. Тым больш яна разумела, што з малым дзіцём на руках не здолее працаваць поўны дзень.

«І гэта трэба таксама разумець, і пра гэта казаць, што з’ехалі далёка не толькі адны дырэктары фірмаў ці айцішнікі. З’ехала вельмі шмат беларусаў, у якіх няма нічога», – зазначае суразмоўца.

«Грузіны не разумеюць, чаму за фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам пагражае турма»

Працэс падачы заявы на міжнародную абарону ў Грузіі падобны да таго, як гэта выглядае ў іншых краінах, адзначыла беларуска. Спачатку трэба прынесці ў дэпартамент міграцыі сваё прашэнне, пашпарт, коратка апісаць гісторыю. Пасля гэтага праз некаторы час заяўніку прызначаюць першае сумоўе.

Святкаванне Дня Волі ў Тбілісі. Беларусы сабраліся на акцыю да 106-годдзя БНР на плошчы перад будынкам парламенту. Прамаўляе двухразовая чэмпіёнка свету па тайскім боксе Марына Зялёная. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

«Мяне апыталі і падказалі, як лепш будаваць сваю абарону. Бо я мушу даказаць, што ў Беларусі мне пагражае небяспека, – кажа Марына. – Грузіны не разумеюць, чаму мне можа пагражаць турма за фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам. Мяне пытаюць: чаму вы вырашылі, што вас затрымаюць? Ці калі я кажу, што давала інтэрв’ю СМІ, якое ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, мне трэба растлумачыць, чаму гэта пагражае праблемамі».

Калі беларусы ў Грузіі падаюцца на міжнародную абарону (а іх будзе ўсё больш пасля «пашпартнага» ўказу, перакананая жанчына), ім лепш вельмі дэталёва апавядаць сваю гісторыю, з усімі дадатковымі абставінамі і спасылкамі на законы і публікацыі.

«Грузіны будуць склікаць камісію, усё гэта вывучаць і высвятляць. Бо раней яны не сутыкаліся з уцекачамі-беларусамі, і нам даводзіцца шмат тлумачыць, даказваць сваю патрэбу ў абароне», – зазначае спартоўка.

Беларускі свет
Чэмпіёнка свету зрабіла ўнікальную праграму для скалечаных вайною і ведае, як дапамагаць людзям пасля вайны
2024.02.20 16:00

Усе доказы і пацверджанні сваёй гісторыі трэба падаць на другім сумоўі, якога Марыне Зялёнай пакуль не прызначалі. Чакаць можна даволі доўга, адзначае жанчына:

«Я ведаю людзей, якія ўжо больш за год чакаюць на другое інтэрв’ю».

«Калі прыходзяць вонкава паспяховыя беларусы і просяць абароны, гэта можа выглядаць дзіўна»

Пасля першага сумоўя ў прэтэндэнта на абарону забіраюць пашпарт і даюць пасведчанне просьбіта прытулку. Паводле яго можна атрымліваць медычнае абслугоўванне на роўні з грамадзянамі Грузіі, а таксама адкрываць ІП. З гэтым пасведчаннем на руках ужо не трэба выязджаць на візаран, зазначае суразмоўца. Ніякай дапамогі ў перыяд разгляду заявы дзяржава не выплочвае. Калі ж статус уцекача будзе адобраны, дапамога прызначаецца мінімальная – 45 лары, ці каля 17 долараў.

Двухразовая чэмпіёнка свету па тайскім боксе Марына Зялёная ладзіць трэнінг у спартовай зале. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Паводле беларускіх праваабаронцаў, Грузія пакуль не выдавала станоўчых рашэнняў па прашэннях беларусаў аб міжнароднай абароне. Марына ведае пра гэта і не крыўдуе:

«Я разумею грузінаў. Часта яны не адрозніваюць беларусаў і расейцаў, бо не ведаюць нас, а беларусы размаўляюць па-расейску. Грузія мае досвед расейскіх танкаў каля Тбілісі, таму мае права негатыўна ўспрымаць масавае з’яўленне расейскамоўных. У Грузіі ёсць свая гісторыя з анексаванымі тэрыторыямі і вялізная колькасць уцекачоў з Абхазіі, і не ўсе яны дасюль атрымалі жытло. І калі прыходзяць вонкава паспяховыя беларусы, у якіх ёсць адукацыя, магчымасць зарабляць грошы, іхныя запыты могуць выглядаць дзіўна. Акрамя таго, разгляд прашэнняў аб абароне – гэта яшчэ і фінансавая нагрузка на дзяржаву».

Марына Зялёная мяркуе, што адмовы Грузіі ў абароне беларусам тлумачацца не асабістаю нелюбоўю, а менавіта няведаннем і неразуменнем сітуацыі:

«Я называю сябе ўцякачкай і рэгулярна тлумачу грузінам на сваім прыкладзе і сітуацыях сваіх сяброў, што адбываецца ў Беларусі. Пасля гэтага, як правіла, людзі ідуць насустрач».

Аналітыка
«Да беларусаў у Грузіі ставяцца гэтак жа, як да Лукашэнкі і расейцаў». Як тое змяніць і ці магчыма?
2023.10.04 07:05

«У Беларусі працы для мяне не засталося»

Марына заклікае беларусаў, якія ўцяклі ў Грузію ад пераследу на радзіме, як мага больш распавядаць свае гісторыі грузінам, каб яны хутчэй зразумелі, што адбываецца ў нашай краіне. За вынікі разгляду свайго прашэння аб прытулку спартоўка пакуль не перажывае – чакае і ведае, што будзе бараніць свае правы ў межах закону. Пакуль жа яна ў бяспецы, можа спакойна гадаваць сына і займацца ўлюбёнаю справаю – спортам, у прыватнасці – тайскім боксам.

«Яго тут няшмат, і я бачу перспектывы для развіцця, – адзначае беларуска. – Я магу тут свабодна займацца спортам. У Беларусі ж цяпер спартоўцы мусяць быць лаяльныя да ўладаў, паказваць, што яны – частка сістэмы. Калі ты больш свабодны, чым дазваляецца, ты не будзеш прыняты ў гэтую сістэму. Я разумею, што для мяне ў Беларусі працы ўжо не засталося, там не патрэбныя людзі з такім мысленнем, як у мяне».

Яшчэ ў Беларусі Марына спрабавала развіваць адаптыўны бокс – для асобаў з інваліднасцю. Цяпер яна хацела б рабіць такія праекты ў Грузіі ды іншых краінах, дзе будзе патрэба. Акрамя таго, беларуска хоча прасоўваць спорт як спосаб спраўляцца з агрэсіяй, што цяпер вельмі актуальна.

Двухразовая чэмпіёнка свету па тайскім боксе Марына Зялёная ладзіць трэнінг у спартовай зале. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

«Я б хацела працаваць з украінцамі ў гэтым кірунку. Яны атрымалі траўму, я бачу, колькі ў іх злосці, крыўды. І мы таксама злыя. Я – злая. Гэтыя пытанні можна і трэба прапрацоўваць у спорце. Агулам інклюзія ў спорце – мая ўлюбёная тэма, – дзеліцца беларуска. – Злосць – гэта нармальная фізіялагічная ўласцівасць кожнага чалавека. З ёй умеюць працаваць, напрыклад, людзі, якія ідуць у спорт, у вайсковую справу – яны маюць больш моцныя імпульсы, больш устойлівую псіхіку. Але на вайну цяпер пайшлі людзі, якія не планавалі гэтага, не рыхтаваліся. Потым яны будуць вяртацца ў пустыя дамы. Гэта ўсё стварае перадумовы для вялізнай агрэсіі, якой будзе патрэбны выхад».

«Калі ўвесь час кажуць пра ядравы выбух, гэта не праходзіць проста так»

Вайна раней ці пазней скончыцца, але ўжо цяпер нам трэба думаць, якое ў нас будзе грамадства пасля яе, кажа Марына:

«Ёсць сумны досвед СССР, калі людзі з пасляваеннымі траўмамі спачатку бралі ўдзел у парадах, а потым іх пачалі хаваць. Не было сістэмы, якая магла б іх падтрымаць. У іх вельмі сумныя лёсы, яны співаліся. А спорт – гэта магчымасць перапрацаваць сваю агрэсію і застацца сацыялізаваным. Я не выключаю, што пры цывілізаваным падыходзе свет можа атрымаць алімпійскіх чэмпіёнаў, выгадаваных тым, што мы перажываем».

Двухразовая чэмпіёнка свету па тайскім боксе Марына Зялёная ладзіць трэнінг у спартовай зале. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Паводле трэнеркі, посттраўматычны стрэс, калі з ім не працаваць, – гэта міна адкладзенага дзеяння. Ён уласцівы і тым, хто прайшоў праз вайну, і ахвярам рэпрэсіяў.

«Нашая псіхіка можа даваць флэшбэкі, складаныя ўспаміны, – кажа Марына. – Я лічу сваю псіхіку ўстойлівай, але нядаўна я трапіла на імпрэзу, дзе былі людзі ў масках. Я адчувала жудасны дыскамфорт. Я не давяраю людзям у масках. Тое ж адчувае мой сын, на вачах якога адбываўся ператрус у нашай кватэры. Страх, немагчымасць паўплываць на падзеі выклікаюць таксама злосць. Беларусы азлобленыя. І мы мусім з гэтым працаваць».

Уплывае на псіхіку не толькі асабісты досвед цяжкіх перажыванняў, але і агульны негатыўны фон, у якім мы жывём, зазначае спартоўка:

«Калі ўвесь час кажуць пра ядравы выбух, гэта не праходзіць для нас проста так, яно адкладаецца і потым дае рэакцыі. І з імі добра працаваць у цялеснай тэрапіі. Менавіта пра гэта наш праект „Гамарджоба-Прывітанне”».

«Мне падабаецца гісторыя пра жанчын, якія могуць абараняцца»

Наведваць трэнінгі праекту «Гамарджоба-Прывітанне», заснаванага ў Тбілісі Марынаю Зялёнаю, можна за ахвяраванні ці, калі зусім няма сродкаў, бясплатна.

«Шмат людзей сюды прыязджаюць з адным заплечнікам, без нічога. У іх няма сродкаў, каб плаціць за спорт, таму ў такіх людзей мы не патрабуем аплаты. Агулам, мая мара – каб спорт быў даступны ўсім, бо людзі маюць права на спорт, як на чыстую ваду і годнае жыццё, напрыклад», – кажа Марына.

Пытанне працы з уласнай агрэсіяй актуальнае не толькі ў ваенны час, але агулам для гарадскіх жыхароў, якія «жывуць у складанай блізкасці» адно да аднаго, падкрэслівае беларуская ўцякачка:

«Важна ўмець утылізаваць сваю агрэсію, прыносіць яе ў залу, перапрацоўваць, рабіцца лепшым ці лепшаю, мацнейшым ці мацнейшаю. Тут могуць дапамагчы, напрыклад, адзінаборствы».

Спорт можа дапамагчы абараніцца ад гвалту, што шмат абмяркоўваецца пасля нападу на беларуску Лізу ў Варшаве. Трэнінгі па самаабароне таксама ладзяцца ў межах праекту «Гамарджоба-Прывітанне».

Двухразовая чэмпіёнка свету па тайскім боксе Марына Зялёная ладзіць трэнінг у спартовай зале. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

«Мне падабаецца гісторыя пра жанчын, якія могуць абараняцца. А гэта важна паўсюль. У тым ліку ў Грузіі тэма хатняга гвалту моцна гучыць. Я буду радая, калі змагу дапамагчы як трэнерка ў тым ліку грузінскім жанчынам», – кажа Марына.

«Шмат з таго, над чым працую, раблю з думкаю пра Беларусь»

У межах «Гамарджоба-Прывітанне» ладзяцца трэнінгі ў розных кірунках: вулічным боксе, бегу, лёгкай атлетыцы, хайкінгу, джыу-джытсу, ёзе, жангляванні, дыхальнай гімнастыцы. Трэнеры – пераважна беларусы, але далучацца да праекту могуць усе ахвочыя. Цяпер праект шукае грузінаў – трэнераў па боксе. Для ўдзельнікаў таксама няма ніякіх абмежаванняў, у тым ліку трэнавацца можна прыходзіць з абсалютна любым узроўнем спартовай падрыхтоўкі.

«Нашыя трэнаванні праходзяць у Тбілісі, але часам мы выязджаем у Батумі. Я асабіста вяду заняткі па вулічным боксе. Вельмі хачу далей развіваць менавіта адаптыўны бокс для людзей з інваліднасцю, – адзначае Марына. – Вельмі папулярны ў нас хайкінг, бо шпацыры па гарах вельмі тэрапеўтычныя. Неба і горы бачылі столькі чалавечых эмоцыяў, што дапамагаюць нам перажыць усё. Мы робім усё гэта, каб вярнуць людзям адгалоскі іхнага былога камфортнага жыцця, стварыць выспу стабільнасці, на якую чалавек мог бы абапірацца, каб жыць далей».

Працуючы і развіваючы праекты ў Грузіі, Марына Зялёная думае пра Беларусь і людзей, якія засталіся там:

«Шмат з таго, над чым я цяпер працую, я раблю з думкаю, што вярнуся ў Беларусь і нам трэба будзе аднаўляць нашую краіну. Я ведаю, што прынясу свой новы досвед у новую Беларусь. У мяне ўжо ёсць праекты для вольнай Беларусі».

Сачыць за трэнінгамі ды імпрэзамі праекту «Гамарджоба-Прывітанне» можна праз спасылкі: Telegram, Instagram, Facebook.

Гісторыі
«Гляджу на фота 2020 года і думаю: калі я зноў буду так усміхацца?» Размова з былой палітзняволенай
2024.02.21 07:14

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў