Медыі даведаліся пра планы прэм’ер-міністра Ізраілю прыпыніць судовую рэформу


Крыніцы газеты «Haaretz» паведамілі, што прэм’ер-міністр Ізраілю пагадзіўся прыпыніць судовую рэформу, якая выклікала пратэсты, што трываюць трэці месяц. Ён мусіць абвесціць пра гэта да канца панядзелка. У краіне тым часам пачынаецца агульнанацыянальны страйк.

Акцыя пратэсту каля Вярхоўнага Суда Ізраілю ў Іерусаліме. 27 сакавіка 2023 года.
Фота: Ilan Rosenberg / Reuters / Forum

Прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу пагадзіўся замарозіць судовую рэформу і абвесціць пра гэта да канца панядзелка, паведаміла газета «Haaretz» са спасылкаю на свае крыніцы:

«Пасля абмеркавання з лідарамі кааліцыі прэм’ер-міністр поўны рашучасці спыніць рэформу судовай сістэмы. Чакаецца, што ён публічна абвесціць пра замарожванне закону пазней, у панядзелак».

Раней прэзідэнт Ізраілю Іцхак Гэрцаг звярнуўся да ўраду з заклікам спыніць рэформу «дзеля адзінства з народам Ізраілю, дзеля ўскладзенай адказнасці». «Глыбокая трывога ахоплівае ўвесь народ. Бяспека, эканоміка, грамадства – усё пад пагрозаю», – напісаў прэзідэнт краіны ў Twitter.

Дэманстрацыі супраць судовай рэформы трываюць трэці месяц, і напярэдадні разгарэліся з новаю сілаю, калі Нэтаньягу звольніў міністра абароны, які падтрымаў пратэст. У Іерусаліме мітынгоўцы спрабавалі штурмаваць рэзідэнцыю кіраўніка ўраду, адбыліся сутычкі з сілавікамі, паліцыя ўжыла вадамёт.

Сёння ў Ізраілі пачынаецца агульнанацыянальны страйк. Закрыліся шмат якія крамы, усе рэстараны «McDonald’s», найбуйнейшы аэрапорт – «Ben Gurion» – прыпыніў вылет рэйсаў, да страйку далучыліся прафесійныя звязы дактароў і медсясцёр, Ізраільская арганізацыя адвакатаў, IT-сектар, Федэрацыя мясцовых уладаў, што лучыць усе муніцыпалітэты і мясцовыя рады краіны.

У шмат якіх гарадах проста цяпер людзі збіраюцца на новыя акцыі пратэсту.

Hавiны
Прэзідэнт Ізраілю на фоне пратэстаў заклікаў неадкладна спыніць судовую рэформу
2023.03.27 10:42

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў