Расейскія войскі ўначы атакавалі Украіну дронамі-камікадзэ


У ноч на 27 лютага расейскія войскі атакавалі Кіеўскую, Хмяльніцкую і Чарнігаўскую вобласці дронамі-камікадзэ. У выніку атакі адзін чалавек загінуў.

Паводле Генеральнага штабу ЗСУ, расейскае войска атакавала Украіну дронамі тыпу «Shahed», 11 з 14 дронаў удалося збіць. У аператыўным камандаванні «Поўнач» паведамілі аб знішчэнні трох БПЛА суперніка ў Чарнігаўскай вобласці.

«Папярэдне 11 дронаў гэтага тыпу збілі ўкраінскія сілы супрацьпаветранай абароны», – гаворыцца ў паведамленні.

Гарадскі галава Хмяльніцкага Аляксандр Сымчышын паведамляў аб трох выбухах у горадзе. Паводле ягоных словаў, у выніку атакі пашкоджаны шэраг будынкаў, працягваецца тушэнне пажараў. Загінуў адзін чалавек, чацвёра атрымалі раненні.

Позна вечарам 26 лютага паветраная трывога гучала ў некалькіх вобласцях Украіны, у тым ліку ў Кіеве і Кіеўскай вобласці.

Днямі брытанская выведка паведамляла, што ў Расеі, верагодна, скончыліся іранскія дроны-камікадзэ, бо інфармацыі пра ўжыванне расейцамі іранскіх беспілотнікаў не было з 15 лютага.

Таксама брытанская выведка мяркуе, што Расея будзе шукаць магчымасць закупіць дроны зноў, аднак не таму што яны эфектыўныя, а таму, што разглядае іх выкарыстанне як карысную пастку, якая можа адцягнуць украінскую сістэму СПА ад больш эфектыўных расейскіх крылатых ракетаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў