Вайна ва Украіне. Падсумоўваем падзеі чацвёртага дня


«Белсат» падводзіць вынікі чацвёртага дня поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі нядзелі, 27 лютага, чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі вайсковец падчас бою на авіябазе Васількоў у Кіеўскай вобласці. 27 лютага 2022 года.
Фота: Максім Левін / Reuters / Forum

Ва Украіне

Сітуацыя ў Кіеве цяпер спакойная, пад кантролем украінскай арміі і тэраабароны. Уначы было некалькі сутычак з дыверсійнымі групамі. У Офісе Зяленскага паведамілі, што пад Гастомелем была знішчана калона чачэнскага спецназа.

  • Паветраныя сілы Украіны паведамілі пра збіццё ракеты, якая была выпушчана ў бок Кіева з тэрыторыі Белрусі.
  • Гарады Чарнігаў, Марыупаль і Харкаў працягваюць кантралявацца Украінай. На Чарнігаўшчыне мясцовыя жыхары самастойна спынілі калону расейскіх танкаў.
  • У Вінніцы ноччу былі чутныя перастрэлкі ў розных раёнах гораду, туды закідваліся дыверсійныя групы расейскага войска.
  • Горад Новая Кахоўка ў Херсонскай вобласці цалкам перайшоў пад кантроль расейскіх войскаў. Інфармацыю пацвердзіў мэр гораду Уладзімір Каваленка.
  • Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да беларусаў, прапанаваўшы зрабіць правільны выбар і прачнуцца: «Кіеў атакавалі ў 4 раніцы. У кагосьці такое пачуццё гумару, як у 1941 годзе. А вы спалі, браты Беларусы, а мы прачнуліся. Але вы і цяпер спіце. Зрабіце правільны выбар. Я ўпэўнены, гэта галоўны выбар вашага вялікага народу».
  • Дарадца офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч звярнуўся да расейскіх і беларускіх вайскоўцаў і паабяцаў гарантыі для тых, хто пагадзіцца скласці зброю. Арэстовіч падкрэсліў, што ўкраінскі бок не лічыць тых, хто склаў зброю палоннымі.

Таксама ў нядзелю Уладзімір Зяленскі заявіў аб фармаванні інтэрнацыянальнага легіёна. Для запісу ў яго неабходна звярнуцца ў амбасаду Украіны.

У Расеі

  • Выданне «Obozrevatel» паведаміла, што ў Белгарадзе каля 5000 кантрактнікаў зладзілі бунт і адмовіліся ехаць ваяваць з Украінай. Фармальна сваю адмову ад удзелу ў ваенных дзеяннях ва Украіне кантрактнікі матывавалі тым, што гэта не прадугледжана іх кантрактамі.
  • У Расеі ўпершыню прызналі страты ў вайне з Украінай. Пра смерць афіцэра Нурмагомеда Гаджымагамедава стала вядома пасля таго, як кіраўнік Дагестана Сяргей Мелікаў выказаў спачуванні сям’і жаўнера.
  • Пуцін загадаў міністру абароны і начальніку генеральнага штабу перавесці сілы стрымання расейскага войска ў адмысловы рэжым нясення баявога дзяжурства.
  • У Расеі на антываенных мітынгах затрымалі каля 1500 чалавек.

У Беларусі

Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі былі выпушчаны ракеты ў бок Украіны. Паводле яго, такія дзеянні былі «вымушаным крокам», які абараніў расейскія пазіцыі ў нашай краіне ад украінскіх ракетных дывізіёнаў.

  • Тэлеграм-канал «Мотолько помоги» паведаміў, што ў Менску прызямліўся ўрадавы самалёта РФ. У гэты ж час прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Беларусі прыбыла дэлегацыя для перамоваў з Украінай. Паводле яго, у склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі МЗС, Мінабароны і іншых установаў, а таксама адміністрацыя прэзідэнта.
  • Офіс Зяленскага пацвердзіў, што ўкраінская дэлегацыя ўсё ж сустрэнецца з расейскай на беларуска-ўкраінскай мяжы ў раёне ракі Прыпяць. Паведамляецца, што Лукашэнка ўзяў на сябе адказнасць за тое, што падчас перамоваў і вяртанні ўкраінскай дэлегацыі ўсе самалёты, верталёты і ракеты, размешчаныя на беларускай тэрыторыі, застануцца на зямлі.
  • Украінскія кібервойскі павалілі сайт Нацыянальнага банку Беларусі. Пра гэта паведаміў міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў. Акрамя Нацбанку ўдар закрануў і шэраг іншых стратэгічных сайтаў Беларусі.
  • У гэты ж час беларускія кіберпартызаны здзейснілі чарговую атаку на беларускую чыгунку. У выніку БЧ пераведзеная на ручны рэжым працы, Менскі і Аршанскі вузлы паралізаваныя. Заяўленая мэта атакі – запаволіць перасоўванне расейскіх войскаў.

Беларусы выйшлі на вуліцы, каб паказаць што яны супраць вайны ва Украіне. Каля ўчасткаў для галасавання на так званам «рэферэндуме» яны скандавалі «Слава Украіне!» i «Не вайне!» У выніку за антываенныя акцыі затрымалі больш за 300 чалавек па ўсёй краіне.

У свеце

Еўрапейскія краіны дамовіліся адключыць расейскія банкі ад SWIFT. Пра гэта паведаміла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.Цяпер актывы ЦБ РФ, якія складаюць 643 мільярды долараў, замарожаныя.

Амаль у 50 гарадах па ўсёй Расеі прайшлі акцыі супраць вайны ва Украіне. Антываенныя пратэсты ў расейскіх гарадах пачаліся адразу пасля ўварвання Расеі ў Украіну 24 лютага. З самага пачатку яны душыліся ўладай. У нядзелю на акцыях было затрымана 2405 чалавек у 49 гарадах па ўсёй Расеі. Больш за ўсё было затрымана ў Маскве і Санкт-Пецярбургу – 1158 і 830 чалавек адпаведна. 27 лютага 2022 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Украіна афіцыйна накіравала іск супраць Расеі да Міжнароднага суду ААН у Гаазе. Кіеў намагаецца прыцягнуць Маскву да адказнасці за скажэнне паняцця генацыд, якое выкарысталі для апраўдання агрэсіі.

Dmarket, пляцоўка для гандлю NFT і In-game Metaverse items, ануляваў усе рахункі карыстальнікаў з Расеі і Беларусі. Сродкі былі адпраўленыя на падтрымку ўкраінскага войска, паведаміў міністр лічбавай трансфармацыі Міхаіл Фёдараў.

Міністэрства абароны Казахстану афіцыйна паведаміла, што краіна не накіруе свае войскі ва Украіну.

ВК, Belsat

Стужка навінаў