«Стала зразумела, што ёсць рэчы, страшнейшыя за турму». Вядоўца «Белсату» Кацярына Ваданосава – пра эвакуацыю з Украіны


Кацярына Ваданосава, спявачка, паэтка, гісторык, вядоўца сатырычнага шоу «Хай Так TV» на «Белсаце», у 2021 годзе была вымушана разам з сям’ёй з’ехаць з Беларусі праз пераслед. Спачатку сям’я Кацярына жыла ў Літве, потым паехала ва Украіну, у Кіеў. Цяпер Кацярыне, ейнаму мужу, хвораму на дыябет, і двум малым дзецям давялося ўцякаць і з Украіны. Нашая калега распавяла, як перажыла тры дні з пачатку вайны.

Мероприятие «Ночь нерасстреляной поэзии» в Киеве
Кацярына Ваданосава.
Фота: Белсат

Кацярына з сям’ёй выехалі з Кіева ў першы ж дзень нападу расейскіх войскаў на Украіну.

«Мы содні былі ў дарозе. Вельмі шмат машын, людзей, людзі пераразаюць адбойнікі, каб выехаць на сустрэчную і па сустрэчнай ехаць далей, бо рух вельмі марудны, 5–10 кіламетраў за гадзіну, – распавяла нашая калега. – Урэшце мы даехалі да Львова. І тут паўстала праблема, як ехаць далей, таму што я не адна, у мяне муж і двое дзяцей».

Кацярына Ваданосава з сям’ёй.
Фота: Кацярына Ваданосава/Facebook

Выехаць з Львова ў Кацярыны з сям’ёй у той жа дзень не атрымалася.

«Сёння мы былі на вакзале. Правялі там не памятаю колькі гадзінаў, – апісвае Кацярына свой час у Львове. – Праблема з ежай, таму што ўсё раскуплена, абсалютна, асабліва ў раёне вакзалу знайсці батон было цяжкавата. Нейкія людзі – ці то ліванцы, ці то хто – дзяліліся з маімі дзецьмі батонам. Было так міла. Цягнікі, якія едуць да мяжы, адмянілі. Мы правялі на вакзале даволі шмат часу, страшна змерзлі і паехалі да сябра, які згадзіўся нас прытуліць на ноч. За дзень перажылі 4 паветраныя трывогі, і кожная была ў розных месцах. Бачылі некалькі сутарэнняў. Адна з паветраных трывогаў увогуле была ля вакзалу.

Дзеці Кацярыны Ваданосавай на вакзале ў Львове.
Фота: Кацярына Ваданосава/Facebook
Кацярына Ваданосава з сям’ёй падчас эвакуацыі з Кіева.
Фота: Кацярына Ваданосава/Facebook

Уначы з 26 на 27 лютага сям’ю Кацярыны прытуліў сябар.

«Мы ў бяспецы, нам ёсць дзе ночыць, нас прытуліў сябар, нам ёсць дзе памыцца», – перадала нам Кацярына ў відэапаведамленні, якое запісвала ноччу.

«Апошнія тры дні далі мне больш, чым апошнія пару гадоў, – сказала напрыканцы паведамлення нашая калега. – Стала зразумела, што турма – гэта не так страшна. Ёсць рэчы страшнейшыя, напрыклад, смерць. Але я спадзяюся, што смерць наступіць не для нас, а для гэтых уродаў. А Украіна – малойца. Не дай Божа нам яшчэ раз перажываць вайну. Гэта вельмі страшна. Але тут ніхто не аддасць ні міліметра сваёй зямлі.

27 лютага Кацярына і ейная сям’я працягнулі свой шлях у бяспечнае месца.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў