Беларусь заняла шостае месца ў спісе краін па колькасці санкцый


Расейскі савет па міжнародных справах прааналізаваў прымяненне замежных санкцый у свеце. Беларусь у спісе краін-мэтаў санкцый – паміж Сірыяй і Паўночнай Карэяй, – паведамляе сайт беларускіх даследаванняў thinktanks.by.

У пачатку 2020 года Расейскі савет па міжнародных справах запусціў працу над новай базай дадзеных падзей у галіне палітыкі санкцый – «База санкцыйных падзей». Адзінкай аналізу з’яўляецца асобная падзея ў галіне санкцый. У іх ліку: увядзенне санкцыяў, іх адмена або падаўжэнне; выкарыстанне прымусовых мер; прадастаўленне выключэнняў з рэжымаў санкцый, у тым ліку гуманітарных; дэкларацыі аб неабходнасці выкарыстоўваць санкцыі ці ж іх адмены; далучэнне да рэжымаў санкцый іншых краін і іншае.

За перыяд з 5 студзеня 2020 года па 10 студзеня 2021 года было зафіксавана 850 санкцыйных падзей. Сюды ўваходзяць як санкцыі супраць Расеі і расейскіх асобаў, так і абмежаванні супраць іншых краін, іх фізічных і юрыдычных асоб.

Вось Топ-10 краін па колькасці накіраваных санкцый:

  • Іран – 123 падзеі;
  • КНР – 94 падзеі;
  • Расея – 93 падзеі;
  • Венесуэла – 44 падзеі;
  • Сірыя – 35 падзей;
  • Беларусь – 33 падзеі;
  • КНДР – 32 падзеі;
  • Куба – 23 падзеі;
  • Лівія – 18 падзей;
  • Нікарагуа – 19 падзей.

Паводле расейскага даследавання, ЗША з’яўляюцца найбольш актыўным ініцыятарам санкцыйных падзей. На іх прыпадае 52,8% эпізодаў.

Еўрапейскі звяз таксама можна лічыць актыўным ініцыятарам санкцыяў. На яго прыходзіцца 12,94% эпізодаў. Аднак у гэты лік не ўваходзяць падзеі, звязаныя з дзеяннямі асобных дзяржаў-членаў ЕЗ.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў