Дзеянне ліцэнзіі адваката Аляксандра Пыльчанкі, які абараняў Віктара Бабарыку і Марыю Калеснікаву, спынілі 16 кастрычніка 2020 года, пасля таго, як адвакат даў каментар TUT.by. Спробы абскардзіць спыненне ліцэнзіі ў раённым судзе былі беспаспяховыя, а Менскі гарадскі суд пакінуў рашэнне ў сіле, паведамілі ў TUT.by.
У тым каментары Аляксандр Пыльчанка растлумачыў, што генпракурор павінен распачаць крымінальныя справы па фактах збіцця мірных грамадзянаў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі ў ізалятарах і аддзяленнях міліцыі 9–12 жніўня 2020 года. Юрыст таксама адзначыў, што Генпракуратура павінна адхіліць ад займаных пасадаў на час правярання міністра ўнутраных справаў, ягоных намеснікаў і начальніка ІЧУ да ўстанаўлення іхнага дачынення да гэтых дзеянняў.
Аднак у Міністэрстве юстыцыі лічаць, што Пыльчанка «дапусціў у СМІ некампетэнтныя каментары і фактычна заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку да «блакавання і раззбраення вайсковых падраздзяленняў». Як вынік, 16 кастрычніка 2020 года Кваліфікацыйная камісія ў пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі спыніла дзеянне ліцэнзіі адваката з 30-гадовым досведам працы.
Аляксандр Пыльчанка паспрабаваў абскардзіць рашэнне ў судзе Маскоўскага раёну, але безвынікова. Тады ён звярнуўся ў Менскі гарадскі суд. У ягоную абарону выступілі не толькі беларускія, але таксама амерыканскія і еўрапейскія калегі.
Самыя гучныя апошнія справы, над якімі ён працаваў, – справы Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай.
АД, belsat.eu